Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наперадзе значныя псыхалягічныя і фізычныя нагрузкі». Міністар унутраных спраў зьвярнуўся да падначаленых


Юры Караеў, архіўнае фота
Юры Караеў, архіўнае фота

Прэзыдэнцкія выбары стануць сур’ёзным іспытам на трываласьць усёй сыстэмы праваахоўных органаў, заявіў міністар унутраных спраў Юры Караеў у звароце да супрацоўнікаў МУС.

Відэазапіс звароту апублікаваў у сваім тэлеграм-канале журналіст «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч.

Афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава патлумачыла БелаПАН, што друкаваны варыянт звароту міністра апублікавалі ў газэце «На страже», а відэа разаслалі ў рэгіёны для супрацоўнікаў.

«Яно не сакрэтнае», — сказала Чамаданава.

У звароце Караеў адзначыў:

«Больш за чвэрць стагодзьдзя мы жывем у стабільнай дзяржаве, якая дынамічна разьвіваецца, прыярытэтамі якой ёсьць дабрабыт народу, міралюбная зьнешняя палітыка і нацыянальная бясьпека. Сёньня мы працуем, гадуем дзяцей пад мірным небам, памнажаем дасягненьні нашай краіны».


Караеў адзначыў, што прэзыдэнцкія выбары — найважнейшая грамадзка-палітычная падзея, якая стане «ня толькі чарговай вяхой у разьвіцьці сувэрэннай краіны, але і сурʼёзным іспытам на трываласьць усёй сыстэмы праваахоўных органаў».

«Ад нас спатрэбяцца выключная арганізаванасьць, высокая асабістая дысцыплінаванасьць і вытрымка, — заявіў міністар. — Наперадзе значныя псыхалягічныя і фізычныя нагрузкі. Цяпер у інтэрнэце і на вуліцах гарадоў мы назіраем актыўную правакацыйную дзейнасьць некаторых грамадзянаў. З аднаго боку, мэтай штучнага стварэньня інфармацыйных выклікаў ёсьць фармаваньне ў грамадзтве нэгатыўнага стаўленьня да міліцыі і дзяржорганаў у цэлым. Зь іншага — імкненьне пасеяць у сьвядомасьці саміх супрацоўнікаў няўпэўненасьць і нежаданьне выконваць абавязак па ахове грамадзкага парадку і барацьбе з злачыннасьцю».

Караеў заклікаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў не паддавацца на правакацыі і ня даць «нагодаў дыскрэдытаваць органы ўнутраных спраў, саміх сябе і блізкіх».

Ён таксама запэўніў падначаленых, што «актыўная пазыцыя МУС і дзейнае заканадаўства дазваляюць абараніць гонар і годнасьць кожнага з вас».

«Мы — адзіны калектыў беларускай міліцыі — зробім усё, каб выбары прайшлі спакойна і без ускладненьняў», — завяршыў свой зварот Караеў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG