Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас вучылі разганяць пратэсты». Гісторыя адстаўнога сяржанта, які галасаваў за Лукашэнку, а цяпер агітуе за Ціханоўскую


Юры Дуброўскі
Юры Дуброўскі

За дзесяцігодзьдзе ў 28-гадовага магілёўца Юрыя Дуброўскага, які летась дэмабілізаваўся сяржантам з унутраных войскаў, двойчы радыкальна мяняліся палітычныя прыхільнасьці. У 2015-м ён галасаваў за Лукашэнку, а цяпер лічыць, што той мусіць сысьці, бо сваю ролю ў гісторыі адыграў.

У Магілёве на адным з агітацыйных пікетаў Сьвятланы Ціханоўскай ён заклікаў былых таварышаў па службе не выконваць «злачынных» загадаў, бо такое права ім дае Крымінальны кодэкс.

У інтэрвію Свабодзе Юры Дуброўскі расказвае, чаму галасаваў за Раманчука і Лукашэнку, як прызыўнікі ўспрымаюць войска і чаму амапаўцы жорстка абыходзяцца з пратэстоўцамі.

Пра Юрыя Дуброўскага. Сьцісла

  • Нарадзіўся ў Магілёве. У архітэктурна-будаўнічым каледжы вывучыўся на тэхніка-будаўніка.
  • У войска прызвалі ў 25 гадоў. Служыў у Магілёве.
  • Узнагароджаны нагрудным знакам «За самаадданую службу», мае падзякі ад камандаваньня. Дэмабілізаваўся ў лістападзе 2019 году.
  • Быў чальцом ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Падтрымлівае аб’яднаньне штабоў незарэгістраваных вылучэнцаў на прэзыдэнта вакол Сьвятланы Ціханоўскай.
  • Любіць чытаць, займацца спортам. Сёлета зь сябрамі распачаў будаўнічы бізнэс. Зьбіраецца атрымліваць вышэйшую адукацыю.

«Лукашэнка стаміў беларусаў»

У 2010-м Юры Дуброўскі галасаваў за эканаміста, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука. Яму тады было не зразумела, чаму альтэрнатыўныя прэтэндэнты на прэзыдэнцтва не аб’ядналіся. Не прыняў малады чалавек і пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Кажа, што «яна напалохала народ».

У 2015-м Юры Дуброўскі падтрымаў Аляксандра Лукашэнку, бо не хацеў паўтарэньня ў Беларусі «ўкраінскага сцэнару». Ён упэўнены, што палітыка Лукашэнкі хоць і была «жорсткай, але не дапусьціла крыві».

Юры Дуброўскі выступае на пікеце Ціханоўскай 18 ліпеня
Юры Дуброўскі выступае на пікеце Ціханоўскай 18 ліпеня

«Як прэзыдэнт ён мне не падабаўся, — прызнаецца суразмоўца, — але такі кіраўнік дзяржавы быў патрэбны Беларусі. Так, ён хамаваты, паводзіць сябе як старшыня калгасу, але мы былі не гатовыя да перамены і новага прэзыдэнта».

На ягоную думку, за пяць прамінулых гадоў успрыманьне рэальнасьці беларусамі зьмянілася. Іх больш не задавальняе палітыка чалавека, які 26 гадоў трымаецца за ўладу празь «перапісваньне пад сябе Канстытуцыі». Тое, што людзі станавіліся ў чэргі, каб падтрымаць альтэрнатыву, сьведчыць, што ад Лукашэнкі стаміліся ўсе.

«У старшыні Цэнтравыбаркаму 9 жніўня зьявіцца магчымасьць сказаць праўду пра сапраўдны выбар беларускага народу», — лічыць Юры Дуброўскі.

«Сказаў тое, пра што думаюць многія»

18 ліпеня Юры Дуброўскі на сустрэчу зь Сьвятланай Ціханоўскай прыйшоў з букетам ружаў. У той дзень кандыдатка ў Магілёў не прыехала. Юры падняўся на прыступкі лядовага палаца, перадаў букет яе ініцыятыўнай групе і заявіў: ягоныя былыя саслужыўцы «ня хочуць удзельнічаць у разгоне мірных акцыяў пратэсту». І дадаў, што 40 артыкул Крымінальнага кодэксу дае вайскоўцу права не выконваць злачынных загадаў. У гэтым артыкуле сказана: асоба, якая ня выканала заведама незаконны загад або распараджэньне, не падлягае крымінальнай адказнасьці.

Першы агітацыйны пікет Ціханоўскай у Магілёве 18 ліпеня
Першы агітацыйны пікет Ціханоўскай у Магілёве 18 ліпеня

Суразмоўца прызнаецца: выступаць не зьбіраўся, але «зразумеў: даволі маўчаць і баяцца». Паводле яго, салдаты і афіцэры не гатовыя агучваць сваю пазыцыю адносна сытуацыі ў краіне.

«Я агучыў тое, пра што думаюць многія, але пакуль ня важацца адкрыта сказаць. Таму я стаў іхным рупарам», — кажа былы вайсковец.

«Калі міліцыянт зьбівае мірнага пратэстоўца, мне сорамна»

Юры Дуброўскі адзначае: хоць пікет і прайшоў мірна, але адчувалася напружаньне. Людзі азіраліся па баках і чакалі, што на пляцоўку ўварвецца АМАП.

«Аўтазакаў паблізу не было, — кажа суразмоўца, — але мне пазьней паведамілі, што адзін стаяў за паўкілямэтра ад лядовага палаца».

Юры Дуброўскі падчас гутаркі
Юры Дуброўскі падчас гутаркі

Ён ня можа патлумачыць, чаму АМАП агрэсіўна, жорстка затрымлівае грамадзян, якія не парушаюць грамадзкага парадку, а «проста стаяць у чэргах альбо ў ланцугах салідарнасьці».

Паводле яго, біць міліцэйскім дручком праваахоўнікі павінны толькі ў выпадку, калі пратэстоўцы дэманстратыўна не падпарадкоўваюцца патрабаваньням спыніць супрацьпраўныя дзеяньні. Ён спасылаецца на статут Службова-баявой дзейнасьці, у якім адзначана, што «наносіць удары міліцыянт павінен толькі па мяккіх частках цела».

«Калі міліцыянт б’е нагой, каленямі мірнага пратэстоўца, мне сорамна за свайго былога калегу», — падкрэсьлівае суразмоўца.

Ён не выключае, што празьмернае ўжываньне сілы дапускаюць тыя міліцыянты, якім трэба праявіць перад начальствам сваю ляяльнасьць са спадзевам на бонусы, бо «трэба выплачваць крэдыты, атрымалі кватэру, альбо зь імі заключаны пяцігадовы кантракт».

«Кіраўнік дзяржавы не павінен нацкоўваць войска на грамадзян»

У Менску 15 ліпеня ўнутраныя войскі выкарысталі ў ачапленьні вуліцы Мясьнікова, непадалёк ад якой стаяла чарга ахвочых падаць скаргу ў ЦВК на нерэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

Юры Дуброўскі бачыў у стрымах, як былыя таварышы па службе стаялі шыхтаваныя ланцугом. Ён кажа: па тварах было відаць, што выконваць такі загад ім непрыемна, але выбару не было.

Падзякі ад камандаваньня за годную службу і рэкамэндацыя камандуючага ўнутранымі войскамі прыняць Юрыя Дуброўскага на службу ў міліцыю ці ў навучальныя ўстановы органаў унутраных спраў
Падзякі ад камандаваньня за годную службу і рэкамэндацыя камандуючага ўнутранымі войскамі прыняць Юрыя Дуброўскага на службу ў міліцыю ці ў навучальныя ўстановы органаў унутраных спраў

«Я спачуваў вайскоўцам, — кажа суразмоўца. — Не разумею, чаму ў салдатаў былі зьнятыя шаўроны і пагоны. Калі гэтыя войскі створаныя для падтрыманьня грамадзкага парадку, спакою на вуліцах, дык чаму ім хавацца ад людзей, пра якіх яны маюць клапаціцца?»

Юры Дуброўскі кажа: унутраныя войскі вучаць разганяць пратэсты. У вучэньнях удзельнічаў і ён. Салдатаў вучылі выцясьняць натоўп, ахоўваць пэрымэтар, высочваць лідэраў і завадатараў непарадкаў ды ізаляваць іх. Суразмоўца адзначае, што ўжываць на практыцы такія веды не даводзілася. Ягоная служба зводзілася да патруляваньня вуліц. У адным з рэйдаў ягоны нарад затрымаў небясьпечнага злачынцу.

«Не хачу, каб падчас пратэстаў пацярпелі мірныя грамадзяне і вайскоўцы, — кажа ён. — Я супраць гвалту ў цэлым і лічу, што ўсё можна вырашыць мірным шляхам. Кіраўнік жа дзяржавы не павінен дапускаць заяваў, якія правакуюць нацкоўваньне войска на грамадзян».

«У войска не прызываюць, а забіраюць»

Юрыя Дуброўскага забралі ў войска, калі яму было 25 гадоў. У юнацтве мэдкамісія прызнала яго непрыдатным да вайсковай службы, хоць ён і прасіўся ў армію. Яму выдалі вайсковы білет, і на працягу наступных сямі год супрацоўнікі ваенкамату яго не турбавалі.

Юры Дуброўскі
Юры Дуброўскі

За гэты час магілёвец ажаніўся, у ягонай ужо былой сям’і нарадзілася дачка, меў неблагую працу. У 2018-м яму «нечакана» даслалі позву і прызналі прыдатным да службы з абмежаваньнямі. З 7 групай здароўя ён трапіў у роту матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, але нагрузкі для яго былі гэткія ж, як і для ўсіх.

«Прызыў у войска стаў для мяне ўзрушэньнем, — згадвае ён. — Маё звыклае жыцьцё было зламана. У мяне распалася сям’я, але дзякуючы камандзірам мне ўдалося гэта перажыць. Праслужыў паўтара года, але не шкадую. Дэмабілізаваўся ў 27».

Па словах суразмоўцаў, аўтарытэт улады ў салдатаў «на дужа нізкім узроўні». Прызыўнікоў з падобнымі, як у яго, гісторыямі мноства. Паводле яго, шмат вайскоўцаў кажуць, што іх не прызвалі ў войска, а «забралі». Яны абураюцца, што ім не далі скончыць унівэрсытэт, не ўзялі пад увагу, што ёсьць маладая сям’я.

Нагрудны знак «За самаадданую службу»
Нагрудны знак «За самаадданую службу»

Юры Дуброўскі лічыць, што войска павінна быць кантрактным, але ў Беларусі слабая эканоміка, і яго ня ўдасца ўтрымліваць на належным узроўні.

«Захады такія робяцца, — кажа ён. — У нас рота была пераведзеная на кантрактную службу. Пачалі былі набіраць кантрактнікаў, але гэта пакуль застаецца экспэрымэнтам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG