У Мазыры прайшоў пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Паводле падлікаў назіральніка Уладзіміра Целяпуна, на пікеце прысутнічалі ад 600 да 1000 чалавек.
Мерапрыемства праходзіла з 9 да 12 гадзін у фармаце «Свабоднага мікрафону». Жыхары «сталіцы Палесься» выказваліся пра беспрацоўе, нізкія заробкі, прыніжальнае стаўленьне ўлады да людзей. Сярод мноства выступоўцаў было трое, якія падтрымалі дзейсную ўладу — былы дырэктар школы, а цяпер назіральнік на выбарах Аляксандр Бобр, дырэктар вучэльні алімпійскага рэзэрву Аляксандр Сяркоў і журналістка раённай газэты «Жыцьцё Палесься» Натальля Канопліч.
Журналістка задалася пытаньнем: «Вы нічога не зблыталі? Тут можа сход хатніх гаспадыняў сабраўся?». «Святлана — выпускніца нашага мазырскага ўнівэрсытэту, яна атрымала адукацыю на бясплатнай аснове. Пакажыце, якіх вяршынь яна дабілася ці ў пэдагагічнай, ці ў перакладчыцкай дзейнасьці ці ўмее толькі баршчы варыць?», — выказалася Натальля Канопліч.
Людзі рэагавалі сьвістам і абуранымі крыкамі. За дзейсную ўладу выступілі і дырэктар вучэльні алімпійскага рэзэрву, і былы дырэктар школы.
«Людзі, а вы заўважылі, што на нашым мітынгу ад улады выступілі толькі тры чалавекі?», — зьвярнуў увагу вядучы пікету. Жыхары Мазыра пачалі скандзіраваць: «Тры працэнты, тры працэнты!». Вядучы ўключыў песьню гурту TOR BAND «Уходи».
Праваабаронца Ўладзімір Целяпун у камэнтары Свабодзе зьвярнуў увагу, што як сябры ўчастковай камісіі — а ім зьяўляецца Уладзімер Цьвірко, які на мітынгу прадставіўся як старшыня ГА «Ветэраны 33-1 ракетнай дывізіі» і назіральнікі — ня маюць права праводзіць агітацыю.
На пікеце выступіў жыхар Мазыра, які распавёў гісторыю пра свайго сына. Ягоны сын у 2017 годзе заканчваў школу. Ён ішоў на рэпэтыцыйнае тэставаньне праз плошчу Леніна, і спыніўся, каб спытацца ў людзей — што тут адбываецца? Там праходзіў мітынг супраць Дэкрэту аб дармаедзстве. «Майго сына забралі ў міліцыю. Яго апытвалі без прысутнасьці бацькоў. Ад яго патрабавалі, каб ён даў паказаньні на арганізатара мітынгу — то ён яму нібыта заплаціў. Мой сын не даў такіх паказаньняў. Па выніку яму ў школе панізілі адзнакі — і гэта перад паступленьнем! У нас дома прайшоў вобшук! Ганьба!», — распавёў жыхар Мазыра.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.