Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вагнэраўцы спатрэбіліся для абмежаваньня агітацыйнай кампаніі, — Карбалевіч


Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ЧВК Вагнера» пад Менскам 29 ліпеня
Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ЧВК Вагнера» пад Менскам 29 ліпеня

Уся сэнсацыя зь нечаканым зьяўленьнем у Беларусі «баевікоў» Вагнэра зьвялася да банальнага: да стварэньня дадатковых перашкод правядзеньню мітынгаў Сьвятланы Ціханоўскай, якія станавіліся ўсё больш маштабнымі і масавымі.

Сьцісла:

  • Інфармацыя пра дзейнасьць прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» у Беларусь вельмі супярэчлівая.
  • Мэта гэтай інфармацыйнай кампаніі высьветлілася хутка. Кандыдатам у прэзыдэнты ў ЦВК давялі, як цяпер міліцыя пачне ўводзіць абмежаваньні падчас перадвыбарчых пікетаў. Такім чынам улады імкнуцца зьбіць мітынговую хвалю.
  • Даволі дзіўна паводзяць сябе з гэтай нагоды афіцыйныя Менск і Масква. Абодва бакі не абвастраюць сытуацыі.
  • Масква мякка падыгрывае Лукашэнку. Бо зацікаўлена ў захаваньні ў Беларусі статус-кво. І зусім не зацікаўлена ў перамозе тут «каляровай рэвалюцыі».
  • Імавернасьць абвяшчэньня надзвычайнага становішча і адмены выбараў мінімальная.

Спачатку дзяржаўныя мэдыя аб’явілі, што затрыманыя баевікі прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» прыбылі ў Беларусь для «дэстабілізацыі становішча ў пэрыяд выбарчай кампаніі».

Але адразу ўзьнікла пытаньне. Калі колькасьць баевікоў, якія прыехалі «дэстабілізаваць» Беларусь, звыш 200, то чаму затрымалі толькі 33 чалавекі? Дзе астатнія? Вось апазыцыйных актывістаў, блогераў вылічваюць і знаходзяць «на раз», а небясьпечных «снайпэраў і падрыўнікоў» знайсьці ня могуць. Навошта тады ў краіне дзевяць структур з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці? Толькі каб змагацца з апазыцыяй?

Але падчас вечаровай нарады 29 ліпеня Лукашэнка быў не такі катэгарычны. Ён прапанаваў зьвярнуцца да кіраўніцтва Расеі, каб высьветліць, навошта прыехалі ў Беларусь гэтыя людзі: «Калі вінаватыя, трэба з гэтай сытуацыі выходзіць годна. Не вінаватыя — добра, у нас няма ніякіх мэтаў зьняславіць блізкую нам краіну». Дарэчы, затрыманым грамадзянам РФ не выстаўлена абвінавачаньня.

Адметна, што пра магчымае зьяўленьне баевікоў Вагнэра Лукашэнка паведаміў яшчэ 24 ліпеня ў Мар’інай Горцы. А зьявіліся яны, паводле афіцыйнай інфармацыі, толькі ў ноч з 24 на 25 ліпеня.

Але хутка стала зразумела, дзеля чаго спатрэбілася ўладам уся гэтая гісторыя з «Вагнэрам». Спачатку ў сераду вечарам дзяржсакратар Рады бясьпекі Андрэй Раўкоў растлумачыў, што будуць зроблены захады для ўзмацненьня «аховы перадвыбарных мерапрыемстваў». А сёньня, у чацьвер, кандыдатам у прэзыдэнты ў ЦВК давялі, як цяпер міліцыя пачне ўводзіць абмежаваньні падчас перадвыбарчых пікетаў.

Усё аказалася вельмі банальна і прадказальна. Улады напужаныя масавасьцю мітынгаў Ціханоўскай. І вырашылі зьбіць гэтую хвалю. Цяпер кожны мітынг будзе праходзіць пад кантролем міліцыі. Плошчу Бангалор ужо агарадзілі, усіх будуць прапускаць праз мэталашукальнік, «шманаць», выстраіцца вялізная чарга.

Разьлічваюць на тое, што ахвотных стаяць у доўгай чарзе, цярпець прыніжэньне акажацца няшмат. Людзі прыйшлі на сьвята, а трапяць на шмон. Хваля энтузіязму саб’ецца. Што і патрэбна ўладам.

Застаецца пытаньне, адкуль тут зьявіліся вагнэраўцы. Найбольш праўдападобная вэрсія палягае ў тым, што Беларусь выкарыстоўваецца гэтай прыватнай вайсковай кампаніяй для транзыту ў іншыя краіны. І яны тут, відавочна, ня першы раз, паводле нейкіх дамоўленасьцяў паміж кіраўніцтвам дзьвюх краін.

Зьвярніце ўвагу, як дзіўна паводзяць сябе з гэтай нагоды афіцыйныя Менск і Масква. Паміж затрыманьнем вагнэраўцаў і афіцыйным паведамленьнем пра гэтую падзею прайшло 8 гадзін. Можна меркаваць, што гэтым часам ішлі інтэнсіўныя перамовы паміж дзьвюма сталіцамі, як падаваць гэты інцыдэнт.

Закідваць баевікоў у суседнюю краіну для зьвяржэньня ўлады — гэта падстава для разрыву дыпляматычных адносін ці хаця б жорсткага дыпляматычнага дэмаршу. Аднак рэакцыя беларускага кіраўніцтва даволі мяккая. Паміж словамі (дзяржаўных мэдыя, таго ж Раўкова) і афіцыйнымі дыпляматычнымі дзеяньнямі — прорва.

З другога боку, і Масква надзіва спакойна рэагуе на затрыманьне 32 сваіх грамадзянаў. Дакладней, пакуль ніяк не рэагуе. Таксама як і на захоп беларускімі ўладамі расейскага банку. Чаму так? Думаю, Крэмль добра разумее, што ўсе гэтыя захады Лукашэнка робіць выключна з унутрыпалітычных, перадвыбарных матываў, каб утрымаць уладу. І Масква сваім маўчаньнем мякка падыгрывае яму. Бо зацікаўлена ў захаваньні ў Беларусі статус-кво. І зусім не зацікаўлена ў перамозе «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі, бо гэта можа стаць кепскім прыкладам для самой Расеі.

З самага пачатку я ня верыў у магчымасьць абвяшчэньня надзвычайнага становішча і адмены выбараў. Уявіце, напрыклад, што выбары пераносяцца на год. І цэлы год краіна будзе ў наэлектрызаваным, палітызаваным, напружаным, падвешаным стане. Гэта як жыць на парахавой бочцы.

Наадварот, Лукашэнка чакае не дачакаецца, калі нарэшце закончыцца гэтая «бакханалія», выбары пройдуць зь вядомым (як ён спадзяецца) вынікам, краіна зноў супакоіцца на пяць гадоў, да наступных выбараў, і ўсё вернецца ў звыклы стан, да «стабільнасьці».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG