Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі цэнтар «Миротворець» назваў 117 беларусаў, якіх падазраюць у злачынствах супраць Украіны


Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ЧВК Вагнера» пад Менскам \ Расейскія баевікі, затрыманьне, ЧВК Вагнэра, «Беларусь 1»
Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ЧВК Вагнера» пад Менскам \ Расейскія баевікі, затрыманьне, ЧВК Вагнэра, «Беларусь 1»

«Миротворець» заклікаў спэцслужбы Беларусі разам з «вагнэраўцамі» затрымаць і беларусаў за злачынствы супраць Украіны.

«За пільнасьць у затрыманьні расейскіх наймітаў і рэгулярнае выкарыстаньне нашага рэсурсу цэнтар „Миротворець“ вырашыў зрабіць каштоўны падарунак беларускім спэцслужбам у выглядзе сьпісу беларускіх наймітаў, якія рабілі злачынствы ва Ўкраіне на баку створаных Расеяю тэрарыстычных груповак», — адзначаецца на сайце арганізацыі.

У прыватнасьці, у базу цэнтру ўключаны зьвесткі 117 беларускіх грамадзян з указаньнем адрасоў іхнага пражываньня ў Беларусі.

У ноч на 29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі ПВК «Вагнэр». Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на Гомельшчыне. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі.

Паводле інфармацыі цэнтру, траціна зь іх — ураджэнцы Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны. Прозьвішчы 24 затрыманых былі раней уключаныя ў базу вайсковых злачынцаў, яшчэ 9 дадалі туды пасьля іхнага затрыманьня ў Беларусі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG