Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь — прахадны двор для расейцаў». Расейскія СМІ пра затрыманьні ў Менску


Кадры затрыманьня меркаваных расейскіх баевікоў у Менску. Кадры тэлеканалу АНТ
Кадры затрыманьня меркаваных расейскіх баевікоў у Менску. Кадры тэлеканалу АНТ

«Дзень органаў ПВК-КДБ», «Для каго Лукашэнка зладзіў спэктакль з ПВК пад Менскам?», «Лукашэнка быў у курсе, для чаго вагнэраўцы знаходзяцца ў Менску», — так камэнтуюць расейскія СМІ затрыманьні баевікоў ПВК «Вагнэр» у Беларусі.


Расея як «адмоўны герой» у часе перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі

«Дзень органаў ПВК-КДБ. Аляксандар Лукашэнка разыграў аблаву на „Вагнэра“» — з такім загалоўкам выйшла вялікая публікацыя ў расейскім выданьні «Коммерсантъ». Аўтары артыкула адзначаюць, што скандал можа сур’ёзна напаліць адносіны паміж Расеяй і Беларусьсю.

Выданьне спасылаецца на расейскую крыніцу, знаёмую з дэталямі затрыманьня, паводле якой «пры затрыманьні не выяўлена забароненых у Беларусі прадметаў. Закону гэтай краіны яны таксама не парушалі. Кожны быў дапытаны ў форме 20-хвіліннай размовы без ужываньня гвалту. Пасьля допытаў склад злачынства ўстанавіць так і не ўдалося. Абвінавачаньня ім не прад’яўлена».

«Коммерсантъ» зьвяртае ўвагу на тое, што ў ходзе перадвыбарчай кампаніі Расея пастаянна фігуравала як «адмоўны герой». «Напрыклад, вылучэньне ледзь не самага моцнага апазыцыйнага кандыдата, экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, улады Беларусі тлумачылі воляй «вялікіх начальнікаў у „Газпроме“, а можа быць, і вышэй».

Выданьне цытуе «першага намесьніка кіраўніка міжнароднага камітэту Савету Фэдэрацыі Расеі, генэрала ФСБ Уладзіміра Джабарава, які заявіў, што ў Расеі «ніякіх плянаў для нейкай дэстабілізацыі становішча ў Беларусі ніколі не было і быць не магло ў прынцыпе, пры любым варыянце Беларусь застанецца нашым найбліжэйшым саюзьнікам». І падае заяву кіраўніка камітэту Дзярждумы ў справах СНД Леаніда Калашнікава, што «Расея ніколі ня ўмешваецца ў такога роду гульні» і, «больш за тое, заўсёды відавочна і недвухсэнсоўна падтрымлівала Лукашэнку».


«Беларусь — прахадны двор для расейцаў зь сярэдзіны дзевяностых»

«З жыцьця адпачывальнікаў. Для каго Лукашэнка зладзіў спэктакль з ПВК пад Менскам?» — такі загаловак у расьсьледаваньня расейскай «Новой газеты».

«Уся гісторыя вельмі падобная на халасты паліттэхналягічны стрэл», — адзначае выданьне. Падаўшы падрабязна дэталі затрыманьня і паведамленьні дзяржаўных СМІ Беларусі, «Новая газета» тлумачыць, чаму было магчымае знаходжаньне ў Беларусі баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі:

«Беларусь — гэта прахадны двор для расейцаў зь сярэдзіны дзевяностых. Чачэнцы з абодвух бакоў — і сэпаратысты, і фэдэралы — прыяжджалі ў Беларусь лячыцца пасьля раненьняў падчас чачэнскіх войнаў. Многія празь Менск — ізноў жа з абодвух бакоў — зьяжджалі на Захад... А „зялёныя чалавечкі“ спакойна заяжджалі ва Ўкраіну з боку Беларусі і дакладна гэтак жа выяжджалі. Ценявая зона, адсутнасьць межаў з Расеяй — чаму тут зьдзіўляцца? Вядома, усе гэтыя перамяшчэньні адбываліся па ўзаемнай дамоўленасьці. Зразумела, Лукашэнка ўсё ведаў. Вядома, гэтая спэцапэрацыя — спэктакль. Але спэктакль гастрольны, ня для мясцовага гледача. Мясцоваму гэтую байку не скарміць», — робіць выснову расейскае выданьне.


«Лукашэнка быў у курсе пра тое, для чаго вагнэраўцы знаходзяцца ў Менску»

«Менск ці Судан» — пра затрыманьні байцоў ПВК «Вагнэр» у Беларусі піша расейскі партал «Медиазона», разглядаючы ў тым ліку вэрсію, што найміты маглі выкарыстоўваць Менск як транспартны хаб для таго, каб трапіць у краіны Афрыкі або Блізкага Ўсходу. Партал спасылаецца на расейскага вайсковага карэспандэнта Сямёна Пегава, паводле якога «беларускія спэцслужбы былі загадзя ў курсе і папярэджаныя, а па факце забясьпечвалі спакойны працэс у пэрыяд пандэміі перакіданьня нашых байцоў на ўсходнія франты. <...> Дамоўленасьці пра гэта транспартным калідоры былі дасягнутыя на самым высокім узроўні, і Лукашэнка, вядома, быў у курсе, для чаго вагнэраўцы знаходзяцца ў Менску і куды ляцяць».


«Кандыдаты ўсё зразумеюць правільна. Ну, можа быць, акрамя адной жанчыны»

Аркадзь Дубноў
Аркадзь Дубноў

Аналітык Аркадзь Дубноў у сваім блогу на сайце «Рэха Масквы» задае пяць рытарычных пытаньняў у сувязі зь «„нечаканай“ надзвычайнай сытуацыяй у Беларусі». Падаём ягоны камэнтар у скароце.

«Ці зацікаўлены Крэмль у легітымнай электаральнай перамозе апазыцыйнага Аляксандру Лукашэнку кандыдата ў прэзыдэнты? Пытаньне рытарычнае: вядома ж, не, — дрэнны прыклад для Пуціна.

Ці гатовы сам вэтэран прэзыдэнцкай службы ў Эўропе саступіць законна на выбарах сваё крэсла кіраўніка дзяржавы, пытаньне ня менш рытарычнае.

Але што тады рабіць „бацьку“, бо прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня, калі ім ня перашкодзіць, відавочна, прывядуць да грандыёзнага фіяска Аляксандра Рыгоравіча? Значыць, выбары трэба неяк адмяніць/перанесьці, у любым выпадку, іх не павінна быць 9 жніўня.

А тут, як на тое, замежныя найміты, сапраўдныя „зялёныя чалавечкі“ з прэзэрватывамі ў кішэнях зьявіліся на беларускай зямлі.

Для чаго? Зразумелая справа — для дэстабілізацыі становішча перад выбарамі.

Адкуль? Яшчэ адно рытарычнае пытаньне. З Расеі.

Ці можа Аляксандар Рыгоравіч дазволіць чужацкаму супарату такое? Гэта чацьвёртае рытарычнае пытаньне.

І тады прэзыдэнт Беларусі аб’яўляе тыпу надзвычайнае становішча, ва ўмовах якога нельга праводзіць прэзыдэнцкія выбары. Але спачатку ён павінен параіцца з іншымі кандыдатамі ў прэзыдэнты.

Яны ўсё зразумеюць правільна. Ну, можа быць, акрамя адной жанчыны. Той самай, удзел у выбарах якой пагражае Лукашэнку фіяска, — Святланы Ціханоўскай.

Ці будуць пярэчыць у Крамлі адмене прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? І гэтае апошняе, пятае рытарычнае пытаньне.

Не...»

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG