Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатам у прэзыдэнты паведамілі пра новых баевікоў, якіх рыхтуюць на тэрыторыі Расеі


Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў

На надзвычайным паседжаньні Цэнтральнай выбарчай камісіі дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў расказаў, што на тэрыторыі Расеі, пад Псковам і Невелем, рыхтуюцца новыя групоўкі баевікоў для закідваньня ў Беларусь. Пра гэта паведаміў журналістам кандыдат ў прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў.

Раней сам Раўкоў сказаў журналістам, што, паводле апэратыўнай інфармацыі, на волі на тэрыторыі Беларусі застаецца каля 200 баевікоў, іх шукаюць. Паводле Раўкова, затрыманых у рамках крымінальнай справы падазраюць у падрыхтоўцы тэрактаў, яны даюць паказаньні. Раўкоў таксама назваў незатрыманых баевікоў «іголкай у стозе сена».

У ноч на 29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі.

БелТА апублікавала сьпіс затрыманых — 33 чалавекі ва ўзросьце ад 24 да 55 гадоў.

29 ліпеня на тэлеканале «Беларусь-1» паказалі апэратыўныя кадры, на якіх відаць, як вялікая група мужчын трапляе на камэры відэаназіраньня санаторыю пад Менскам. Пасьля гэтага — працэс затрыманьня «баевікоў» у нумарах і пагрузка ў аўтазакі.

Кадры затрыманьня, паказаныя на тэлеканале «Беларусь-1»
Кадры затрыманьня, паказаныя на тэлеканале «Беларусь-1»

У кадры трапілі грошы, зброя, расейскія пашпарты, прэзэрватывы, інструкцыі кіраваньня «робатамі-падрыўнікамі», аркушы з тэкстам на арабскай мове, шаўроны з надпісам: «Наш бизнес смерть, и бизнес идет хорошо».

Прэс-сакратар Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч сказаў Свабодзе, што «ўсё будзе ў афіцыйных каналах». Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава сказала Свабодзе, што не валодае інфармацыяй аб гэтай справе, але спадзяецца, што неўзабаве інфармацыя зьявіцца. Прэс-служба Камітэту дзяржаўнай бясьпекі не адказвае на тэлефанаваньні. Амбасада Расеі не камэнтуе затрыманьняў, пра якія піша БелТА.

«Атрымалі інфармацыю» пра 200 баевікоў

БелТА са спасылкай на неназваныя праваахоўныя органы сьцьвярджае, што «была атрыманая інфармацыя аб прыбыцьці на нашую тэрыторыю больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі становішча ў пэрыяд выбарчай кампаніі». Пры сабе кожны «меў невялікую ручную паклажу і тры вялікія цяжкія чамаданы на ўсіх».

Прыбыўшы ў Беларусь, група людзей (200 ці 32, не ўдакладняецца) «засялілася ў адзін з гатэляў Менску і павінна была выселіцца 25 ліпеня, аднак пакінула гатэль 27 ліпеня і пераехала ў адзін з санаторыяў Менскага раёну». Адміністрацыя санаторыю зьвярнула ўвагу на «нехарактэрныя для расейскіх турыстаў паводзіны» людзей і на «аднастайнае адзеньне ў стылі мілітары».

«Сьпіртнога не ўжывалі, забаўляльных установаў не наведвалі, трымаліся адасоблена, імкнучыся не прыцягваць да сябе ўвагі, — апісвае БелТА падазроных людзей у мілітары-форме. — Яны невялікімі групамі ўважліва вывучылі тэрыторыю і ваколіцы санаторыю».

Усе затрыманыя (у загалоўку гаворыцца пра 32, у тэксьце пра 33 чалавек) — грамадзяне Расеі.

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі могуць выкарыстаць навучаных баевікоў прыватных вайсковых кампаній. Пра гэта казаў і дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.

«Дзяржсакратар [Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў] правільна сказаў, што ўсякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацыяў, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас замала „майданутых“), іх падцягнуць збоку. Гэта прафэсійныя вайскоўцы, бандыты, якія спэцыяльна рыхтуюцца, у асноўным у межах „ПВК“ (прыватныя вайсковыя кампаніі. — РС) па ўсім сьвеце і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах», — казаў днямі Лукашэнка.

2017 год: баевікі па наводцы «фраў А».

У 2017 годзе па ўсёй Беларусі пракаціліся «маршы дармаедаў». Людзі пратэставалі супраць дэкрэту, паводле якога грамадзяне краіны мусілі плаціць грошы ў бюджэт за тое, што не працуюць.

Хвалю пратэстаў вырашылі зьбіваць рэпрэсіямі. Галоўным фігурантам гэтых маршаў назвалі Мікалая Статкевіча. Ён нібы езьдзіць па кансультацыі ва Ўкраіну, атрымлівае адтуль грошы. Пра гэта падрабязна расказваецца ў дакумэнтальным фільме «Званок сябру» тэлеканалу «Беларусь-1».

Да «пятай калёны» пачалі залічваць і анархістаў. Беларускіх леварадыкалаў, як вынікае зь фільму на канале «Беларусь-1», натхнялі «ўкраінскія аднадумцы па барацьбе зь дзяржавай». Менавіта на анархістаў палявалі міліцыянты ў цывільным пасьля «Маршаў недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка і ў Менску 15 сакавіка. Афіцыйна іх затрымалі за тое, што падчас маршу твары ў іх былі закрытыя.

Але ўжо пасьля судоў на тэлеканале АНТ расказалі пра «нажы і кастэты», якія былі ва ўдзельнікаў менскага пратэсту. Праўда, падчас судовых працэсаў над затрыманымі ў Менску сьведкі-амапаўцы не гаварылі ні пра якую зброю.

21 сакавіка, перад заплянаванай масавай акцыяй на Дзень Волі, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра трэнавальныя лягеры баевікоў пад Бабруйскам і Асіповічамі, і ўжо праз пару гадзін пачаліся затрыманьні па «справе патрыётаў».

Агулам праз падазрэньне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні затрымалі 35 чалавек. Сярод фігурантаў былі вайскоўцы, гісторыкі, дызайнэры, памежнікі, рамесьнікі, актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту».

Справа пачалася нібыта зь ліста невядомай грамадзянкі Нямеччыны «фраў А.» на імя Лукашэнкі пра тое, што 25 сакавіка ў Менску рыхтуюцца правакацыі. Ніякай грамадзянкі Нямеччыны грамадзкасьці так і не прадэманстравалі. А справа нават не дайшла да суду, усіх фігурантаў адпусьцілі праз два месяцы пасьля затрыманьня без аніякіх кампэнсацый і прабачэньняў.

Тады ж паведамлялася аб прарыве беларускай мяжы з боку Ўкраіны джыпам з баевікамі. Таго джыпа таксама не знайшлі, а ўкраінскі бок заявіў, што такога інцыдэнту проста не было.

25 сакавіка 2017 году скончылася брутальным разгонам пратэстоўцаў, на вуліцу вывелі вадамёты, АМАП меў зброю з гумовымі кулямі. Затрымалі сотні людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG