Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатаў у прэзыдэнты выклікалі ў ЦВК. Раўкоў папярэдзіў пра «магчымыя правакацыі на масавых мерапрыемствах». ЗАЯВЫ, ВІДЭА

абноўлена

Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань пад будынкам ЦВК, 30 ліпеня
Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань пад будынкам ЦВК, 30 ліпеня

Кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі выклікалі раніцай 30 ліпеня ў Цэнтральную выбарчую камісію, паведаміў днём раней Сяргей Чэрачань. Прычынаў не назвалі. Іншыя кандыдаты пацьвердзілі, што атрымалі запрашэньне каля 19 вечара праз тэлефон. Паседжаньне ішло паўгадзіны, старшыня Савету бясьпекі Раўкоў папярэдзіў кандыдатаў пра «­магчымыя правакацыі» на масавых мерапрыемствах. Свабода вядзе жывую трансьляцыю з-пад ЦВК.

Што сказалі кандыдатам

Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі і былы міністар абароны​ Андрэй Раўкоў праз паўгадзіны пасьля пачатку паседжаньня выйшаў з будынку ЦВК і хутка накіраваўся да машыны. Ён сказаў, што затрыманыя ўчора расейскія баевікі «даюць паказаньні».

Андрэй Раўкоў пад ЦВК
Андрэй Раўкоў пад ЦВК

Ён не паведаміў, што сказаў кандыдатам — «давёў кандыдатам пэўную інфармацыю, каб улічылі ў іх дзейнасьці, яны вам раскажуць».

— Гэта наконт мітынгаў? — спытала адна з журналістак.

— Так, — адказаў Раўкоў.

— Што вы ім рэкамэндавалі?

— А да чаго тут мітынгі?

Ён сказаў, што на мітынгах будуць падвышаныя захады бясьпекі, але не забарона іх. Кандыдаты «зараз выйдуць».

Раўкоў пацьвердзіў, што «да 200» баевікоў яшчэ знаходзяцца ў Беларусі, ідзе пошук, распачалі справу паводле артыкулу за «падрыхтоўку тэрарыстычных актаў», артыкул «дзьвесьце дзевяноста нейкі». Хто паслаў баевікоў, пакуль ня ведаюць.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Кандыдатка Ганна Канапацкая выйшла з ЦВК праз 35 хвілін пасьля пачатку паседжаньня. Яна расказала, што кандыдатаў папярэдзілі пра «магчымыя правакацыі пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў». Яна адзначыла, што дзяржава цяпер «ня можа гарантаваць бясьпекі» нават кандыдатаў у прэзыдэнты, таму яна лічыць правільным сваё рашэньне не праводзіць пікеты. Аляксандра Лукашэнку, дадала яна, прадстаўляла старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава.

Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава выйшла з ЦВК праз 40 хвілінаў. Яна сказала, што апошнія падзеі ніяк не адаб'юцца на выбарчай кампаніі, магчымыя дадатковыя захады бясьпекі не пашкодзяць выбарам ні ў якай ступені, а галоўная каштоўнасьць дзяржавы — чалавек, і забясьпечыць бясьпеку людзей гэта галоўная задача дзяржавы. Даваць разгорнутыя камэнтары яна ня стала, пайшла.

Сяргей Чэрачань
Сяргей Чэрачань

Сяргей Чэрачань выйшаў з ЦВК праз 50 хвілінаў пасьля пачатку паседжаньня. Ён таксама расказаў, што асноўнай мэтай сустрэчы было папярэджаньне пра магчымыя правакацыі. Кандыдат перакананы, што правакацыі сапраўды будуць, і, паводле Раўкова, рыхтуюцца новыя групоўкі, якія ўедуць у Беларусь да 9 жніўня. Мітынгі-канцэнты ня будуць бясьпечнымі, лічыць ён.

Дзьмітрыеў «не пачуў» ад Раўкова, як будуць забясьпечваць бясьпеку пратэстоўцаў

Андрэй Дзьмітрыеў выйшаў з ЦВК праз 55 хвілінаў. Ён расказаў, што яму распавялі пра тое, што застаецца «170 баевікоў», «навучаных падрыўной і снайпэрскай дзейнасьці», якія «мэтанакіравана пагражаюць масавым мерапрыемствам». Кандыдат сказаў, што цяжка ставіць пад сумнеў словы кіраўніка Савету бясьпекі, бо «ён усё ж павінен быць чалавекам, які адказвае за свае словы, іначай у нас усё зусім кепска ў краіне», але Дзьмітрыеву «не хапіла вялізнага кавалка інфармацыі, каб зразумець, што адбываецца.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Калі ў нас у краіне 170 чалавек [з замежнай прыватнай вайсковай кампаніі], я хачу разумець, што адбываецца: дзе закрытыя гарады, дзе блёкпасты, як мы іх ловім? — сказаў Дзьмітрыеў. — Вось напрыклад, калі нам кажуць, што пад Псковам і Невелем фармуюцца яшчэ нейкія групоўкі, у мяне пытаньне: калі мы пабачым ноту МЗС Беларусі да МЗС Расейскай Фэдэрацыі? Бо гэта сур’ёзна, гэта ня жартачкі».

На такое, мяркуе Дзьмітрыеў, павінны былі б супольна рэагаваць спэцслужбы Беларусі і Расеі. Паводле Раўкова, расказаў Дзьмітрыеў, затрыманыя даюць розныя паказаньні, некаторыя нібыта кажуць, што прыехалі «рабіць рэвалюцыю». Дзьмітрыеў хацеў бы пачуць ад расейскіх ГРУ і ФСБ, ці маюць тыя дачыненьне да затрыманых. Кандыдат заклікаў ставіцца да інфармацыі сур’ёзна.

Дзьмітрыеў сказаў, што не пачуў ад Раўкова адказу на тое, як будуць гарантаваць бясьпеку пратэстоўцаў не праз абмежаваньне свабоды:

«Я таксама спытаў у спадара Раўкова, ці ён разумее, што незалежна ад сустрэчы з намі, 9-га і 10-га жніўня людзі выйдуць, — дадаў Дзьмітрыеў пра акцыі пратэсту. — Па-першае, гэта адбываецца заўсёды пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Па-другое, я ежджу, размаўляю зь людзьмі, я бачу, што многія бачаць гэта для сябе адным з выхадаў, калі яны пачуюць лічбы, зразумеюць, што выбары несправядлівыя. Гэта не залежыць ні ад якіх заклікаў.

Я спытаў яго, як будзе гарантавацца бясьпека з улікам гэтай інфармацыі гэтых людзей. Бо калі мы лічым, што ў краіне 170 чалавек, а іх можа быць і больш, бо мяжа з Расеяй не закрытая. Ён сам падкрэсьліў гэта некалькі разоў: што мы ня можам кантраляваць увесь пэрымэтар нашай мяжы, бо там сьцежкі і гэтак далей».

Раўкоў, паводле Дзьмітрыева, сказаў, што «ня можа даць паўнавартаснага адказу» пра тое, ці баевікі ўзброеныя.

Абмежаваньня інтэрнэту не выключаюць, калі палічаць, што адтуль «зыходзіць прамая пагроза бясьпецы краіны», дадаў Дзьмітрыеў.

Ён таксама расказаў, што пытаў Раўкова пра «плаваючыя БТРы» і іншыя «прыкметы арміі ў горадзе», якія напружваюць менчукоў. Раўкоў паабяцаў, што пасьля таго, як вайскоўцы адсьвяткуюць 2 жніўня, іх больш ня будзе.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская дадала, што ўсе мерапрыемствы будуць праходзіць у «штатным рэжыме», хоць на мітынгах паставяць ачапленьне і мэталашукальнікі. Камэнтаваць інфармацыю пра затрыманьне баевікоў яна ня стала, прапанавала журналістам праводзіць уласныя расьсьледаваньні.

Сястру Веранікі Цапкалы схапілі і зьвезьлі «людзі ў цывільным»

Вераніка Цапкала расказала, што яна атрымала зранку позву ў РУУС па справе супраць ейнага мужа, экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валера Цапкалы, на заяву бізнэсоўца турэцкага грамадзяніна. Позву ён даў супрацоўнік ДАІ, які спыніў яе на вуліцы. Яна мае паехаць у МУС для дачы паказаньняў.

Вераніка Цапкала
Вераніка Цапкала

Сястру Веранікі, супрацоўніцу «Белгазпрамбанку» раніцай схапілі «людзі ў цывільным», пасадзілі ў машыну і зьвезьлі ў невядомым напрамку, расказала Вераніка Цапкала. Ці гэта МУС, ці КДБ, яна ня ведае, але заявіла, што расцэньвае гэта як палітычны ціск на яе саму, на мужа і ўсю кампанію.

Чэрачань быў гатовы да затрыманьня. Як кандыдаты прыйшлі ў ЦВК

Сяргей Чэрачань прыйшоў у ЦВК спартовым касьцюме: маўляў, актуальнае адзеньне для кандыдата ў прэзыдэнты, у машыне ляжаць іншыя рэчы на выпадак затрыманьня.

Сяргей Чэрачань (справа)
Сяргей Чэрачань (справа)

«Альбо кагосьці будуць здымаць, або абмяжоўваць мерапрыемствы па агітацыі, альбо затрымліваць», — сказаў ён пра тое, чаго чакае ад паседжаньня. Інсайдэрскай інфармацыі ў яго няма.

Ён дапускае, што нібыта затрыманых учора расейскіх баевікоў могуць «на кагосьці з нас павесіць». Сытуацыю з расейскімі баевікамі ён называе «кур’ёзнай».

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская прыйшла ў ЦВК з паплечніцамі: Марыяй Калесьнікавай са штабу Віктара Бабарыкі і Веранікай Цапкалай. Чаго чакаць ад ЦВК, яна ня ведала — прапанавала дачакацца, што скажуць. Яна сказала, што правакацыяў не баіцца.

Затрыманьне 29 ліпеня палітычнага тэхноляга Віталя Шклярава, якога ўлады зьвязвалі зь вядзеньнем сацыяльных сетак Сяргея Ціханоўскага, кандыдатка ня стала камэнтаваць дэталёва: заявіла толькі, што «ён не працаваў зь Сяргеем».

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў пахваліў Чэрачня, які прыйшоў у спартовым касьцюме: «падрыхтаваўся найлепш. Цяпер улады «ўчыняюць канцэрты», сказаў ён, а падзеі ўчорашняга дня назваў «выхадам з цыганачкай». На яго думку, улады зьбіраюцца «адсунуць выбары ад грамадзтва».

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая сказала, што ня ведае, чаго чакаць ад ЦВК, але хацела б, каб выконвалася заканадаўства. Яна дадала, што чула «столькі пагрозаў і патрабаваньняў зьняцца на карысьць адзінага кандыдата», што ўжо нічога не баіцца.

Прадстаўнікоў штабу Аляксандра Лукашэнкі пад галоўным уваходам у ЦВК ня бачылі.

У ЦВК прыйшоў таксама Андрэй Раўкоў, дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі і былы міністар абароны. Ён сказаў, што затрыманыя ўчора расейскія баевікі «даюць паказаньні».

Што адбылося да паседжаньня

На 30 ліпеня ў Менску заплянаваны вялікі мітынг-канцэрт за кандыдатку Сьвятлану Ціханоўскую — пачаць мяркуюць у 18.00.

Днём раней дзяржаўныя СМІ Беларусі заявілі аб затрыманьні пад Менскам трох дзясяткаў баевікоў расейскай ПВК «Вагнера», зьвесткі пра прыбыцьцё ў краіну дзьвюх сотняў баевікоў.

Пад ноч 29 ліпеня ў Парк дружбы народаў, дзе плянавалі мітынг Ціханоўскай, прывезьлі агароджу. Пра тое, што ўлады ўзмоцняць ахову перадвыбарчых мерапрыемстваў, заявіў учора дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG