У Менску працягваюць складаць пратаколы на ўдзельнікаў роварных прабегаў салідарнасьці.
Афіцыйна прэтэнзіі праваахоўнікаў зводзяцца да таго, што двухколавы транспарт ня мае люстэркаў і катафотаў. Але калі раней штрафавалі толькі тых, хто езьдзіў на ўласных роварах, то цяпер пачалі і карыстальнікаў шэрынгу «Колабайк», піша Tut.by. Напярэдадні склалі ня меней за 10 пратаколаў.
Супрацоўнікі ДАІ ставяць перад фактам парушэньня ПДР: на пракатных роварах або катафоты ня таго колеру, або адсутнічае люстэрка. Раварысты не пагаджаліся: калі транспарт пракатны, то і адказваць за яго абсталяваньне павінен уладальнік. Аднак інспэктары складалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле ч. 1 арт. 18.23 КаАП (папярэджаньне або штраф ад адной да трох базавых велічынь).
«Нашы ровары абсталяваны ўсім неабходным: наперадзе і ззаду сьвятлоадбівальнікі, катафоты збоку. Ніякага дадатковага абсталяваньня не патрабуецца. Гэта адпавядае Венскай канвэнцыі аб дарожным руху, — пракамэнтаваў дырэктар велашэрынгу „Колабайк“ Вадзім Осіпчык. — Што тычыцца люстэркаў, яны роварам не патрэбны, нідзе ў сьвеце іх ня ставяць. У нас гэта патрабаваньне забыліся прыбраць з ПДР часоў СССР».
Па словах дырэктара, месяц таму ён быў на прыёме ў рэспубліканскай ДАІ, дзе яго запэўнілі: састарэлыя патрабаваньні ў новай рэдакцыі ПДР будуць прыбраныя. Але пры гэтым адзначыў: калі ДАІ накладзе штраф на карыстальніка сэрвісу, пракатная фірма аплачваць яго ня будзе.
«Калі вы рэвалюцыянэры і вырашылі ўдзельнічаць у акцыях, то будзьце стойкімі да канца — плаціце штрафы самі. Я разумею: такая жыцьцёвая пазыцыя, але гэта асабістыя рызыкі. Чаму за вашы дзеяньні павінен адказваць нехта іншы? Людзі, якія выяжджаюць на сваіх роварах, ні на кога адказнасьці не перакладаюць», — зазначыў Вадзім Осіпчык.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.