У Любліне адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Польшчы, Літвы і Украіны. Яны прынялі рашэньне аб стварэньні фармату трохбаковага супрацоўніцтва, які назвалі «Люблінскім трохкутнікам», паведамляе Польскае радыё.
Кіраўнікі дыпляматыі трох краін размаўлялі, у прыватнасьці, аб бясьпецы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а таксама аб праблемах, якія стаяць перад Эўрапейскім зьвязам і NATO у кантэксьце адносін з Украінай.
Міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч расказаў, што міністры дамовіліся пра стварэньне фармату трохбаковага супрацоўніцтва — «Люблінскі трохкутнік».
«Дзякуючы запуску неабходных мэханізмаў супрацоўніцтва мы зможам рэалізаваць нашы мэты: разьвіцьцё Ўсходняга партнэрства, эфэктыўная барацьба з пандэміяй каранавірусу, значная падтрымка эўрапейскіх і эўраатлянтычных імкненьняў Украіны, а таксама сувязь гэтай краіны і супрацоўніцтва з ініцыятывай "Трохмор’е". Мы маем намер таксама супрацоўнічаць у сфэры эканомікі», — заявіў кіраўнік МЗС Польшчы.
Адказныя за каардынацыю будуць прызначаныя ва ўсіх трох Міністэрствах замежных справаў: Польшчы, Украіны і Літвы.
Міністры ўсклалі кветкі да помніка Люблінскай уніі.