Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Барэль заявіў, што ЭЗ занепакоены затрыманьнем мірных дэманстрантаў, журналістаў і апазыцыйных дзеячаў у Беларусі.
«Такія дзеяньні парушаюць свабоду сходаў і выказваньня думак», — гаворыцца ў лісьце, які ён даслаў літоўскаму эўрадэпутату Пятрасу Аўштравячасу, чальцу дэлегацыі ЭП у сувязях зь Беларусьсю.
У лісьце таксама гаворыцца, што ЭЗ раней прасіў беларускія ўлады ўстрымлівацца ад якіх-небудзь абмежаваньняў правоў патэнцыйных кандыдатаў, пазьбягаць затрыманьня мірных дэманстрантаў і неадкладна вызваляць усіх адвольна затрыманых актывістаў. Там таксама падкрэсьліваецца, што ЭЗ заклікаў Беларусь афіцыйна запрасіць БДІПЧ/АБСЭ правесьці назіраньне 9 жніўня як мага хутчэй. Сёлета Менск упершыню не запрасіў місію назіраць за выбарамі.
«Мы верым, што бясьпечныя, мірныя, свабодныя і справядлівыя выбары будуць спрыяць разьвіцьцю дэмакратыі ў Беларусі, умацаваньню яе сувэрэнітэту і незалежнасьці, павышэньню эканамічнага дабрабыту народу Беларусі і пракладуць шлях да больш шчыльнай супрацы з Эўрапейскім зьвязам», — піша Жузэп Барэль.
Вярхоўны прадстаўнік падкрэсьліў, што ў двухбаковых адносінах паміж Эўразьвязам і Беларусьсю ЭЗ будзе заставацца на сваіх прынцыповых пазыцыях у дачыненьні да павагі правоў чалавека і дэмакратыі.