У расейскім Хабараўску 27 ліпеня адбыўся чарговы мітынг у падтрымку арыштаванага экс-губэрнатара краю Сяргея Фургала. На пратэст прыйшоў заснавальнік гурту «Ленинград», генэральны прадусар тэлеканалу RTVI Сяргей Шнураў.
Як перадае карэспандэнт «Сибирь.Реалии», Шнураў патлумачыў, што прыехаў у Хабараўск здымаць фільм аб пратэстах.
— Чаму па цэнтральных каналах не паказваюць пратэстаў? — спыталі журналісты.
— Там нельга казаць: «Пуціна ў адстаўку», а па нашым канале можна. Мы ўсё пакажам, — заявіў Шнураў.
RTVI — прыватны расейскамоўны тэлеканал, які базуецца ў Нью-Ёрку.
Акцыі пратэсту ў Хабараўску і іншых гарадах краю праходзяць ужо два тыдні. Яны не ўзгадняюцца з уладамі, але паліцыя ня ўмешваецца. Акцыі праходзяць мірна. Пачаліся яны пасьля затрыманьня губэрнатара Сяргея Фургала, які быў абраны ў 2018 годзе. Нягледзячы на пратэсты, прэзыдэнт Пуцін адхіліў Фургала ад пасады і прызначыў Міхаіла Дзегцярова. Той, як і Фургал, прадстаўляе ЛДПР, аднак ня меў раней ніякага дачыненьня да Хабараўскага краю.