Чалавек, які прызнаўся, што быў пасярэднікам у забойстве мальтыйскай антыкарупцыйнай журналісткі Дафнэ Каруаны Галіцыі застаецца ў крытычным стане пасьля шматлікіх нажавых ранаў на горле і тулаве, паведамілі ўлады і мясцовыя СМІ.
Мэлвін Тэума, былы таксіст, у лістападзе атрымаў памілаваньне прэзыдэнта за згоду раскрыць усе абставіны забойства з дапамогай бомбы ў аўтамабілі, учыненае на Мальце ў кастрычніку 2017 году.
Ягоныя сьведчаньні датычаць віднага бізнэсоўца Ёргена Фэнэха, меркаванага натхняльніка забойства, якога арыштавалі ў канцы лістапада і абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве. Ён чакае суду і адмаўляе абвінавачаньне.
«Першыя прыкметы сьведчаць, што Мэлвін Тэума нанёс сабе раненьні сам, але расьсьледаваньне працягваецца», — сказана ў паведамленьні паліцыі з падозраньнем аб спробе самагубства.
Дафнэ Каруана Галіцыя загінула 16 кастрычніка 2017 году, калі ехала ў аўтамабілі: у машыне была закладзена бомба. Журналістка займалася расьсьледаваньнем «Панамскага архіву» і выкрывала карупцыйныя сувязі высокапастаўленых мальтыйскіх чыноўнікаў і палітыкаў.
Міжнародны кансорцыюм журналістаў-дасьледчыкаў у 2016 годзе апублікаваў так званы «Панамскі архіў» — дадзеныя аб карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах улады ў некалькіх краінах сьвету. Каруана Галіцыя на падставе гэтых дакумэнтаў заявіла, што жонка прэм’ер-міністра Мальты, верагодна, валодае афшорнай кампаніяй, якая атрымлівала грошы ад уладаў Азэрбайджану.