Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вашая задача: складаем пратакол пад гэтую фабулу». Апублікавалі АЎДЫЁ інструктажу ў Цэнтральным РУУС Менску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Эўрарадыё» паведаміла, што атрымала аўдыёзапіс з Цэнтральнага РУУС Менску, які зрабіў адзін з затрыманых 14 ліпеня. На аўдыё чуваць, як дамаўляюцца афармляць людзей, затрыманых на акцыях пратэсту.

Аўдыё пачынаецца з пытаньня пра тое, ці дакладна штосьці выключылі. Паводле «Эўрарадыё», пытаньне тычылася камэры журналістаў Радыё Свабода, затрыманых у той дзень разам зь яшчэ трыма сотнямі чалавек.

«Так, завалілі ўсе хлебарэзкі, — пачынае інструктаж мужчынскі голас. — Значыць так, глядзіце, афармляем каля 25 чалавек. Восем чалавек афармляем 23.34 («парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў». — РС) і зьверху 23.4 («непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы». — РС). Гэта на восем чалавек, якія паедуць на ЦІП».

Мужчына паведамляе, што пакуль гатовыя толькі «фабулы пратаколаў» на артыкул 23.34 КаАП (фабула ў мастацкай літаратуры — фактычны бок апавяданьня, падзеі і факты сюжэту).

«Ваша задача: складаем пратакол пад гэтую фабулу, — кажа мужчынскі голас. — Калі час затрыманьня не трапляе дзесьці, тады, адпаведна, пасоўваеце па фабуле».

Названае на аўдыё імя аднаго з «бандытаў» — Павал Крывіцкі — супадае зь імем асуджанага на 10 сутак судом Цэнтральнага раёну на наступны дзень.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG