Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прымай Чэ Гевару!» Як у Гомлі затрымалі і судзілі выпадковых мінакоў


«Ланцуг салідарнасьці» 19 чэрвеня ў Гомлі
«Ланцуг салідарнасьці» 19 чэрвеня ў Гомлі

У судзе Цэнтральнага раёну Гомля 14 ліпеня прайшлі пяць судоў над мясцовымі жыхарамі, якія, паводле іх слоў, выпадкова трапілі пад «хапун» 19 чэрвеня. Тады ў абласным цэнтры быў «Ланцуг салідарнасьці». Каля 20 чалавек затрымалі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

20-гадовы студэнт Кірыл ішоў у парк, каб сустрэцца зь сябрамі. 37-гадовы Андрэй глядзеў у бары футбол і выйшаў на вуліцу, калі пачуў сыгналы аўтамабіляў. 54-гадовы Барыс чакаў, пакуль у краме прыгатуюць піцу. Усе яны апынуліся ў аўтазаку, затым — у ізалятары і сёньня на судзе. Усіх іх суд прызнаў вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

Справы разглядаў судзьдзя Сяргей Кармановіч.

20-гадовы Кірыл не прызнаў сваёй віны.

— Я ішоў у парк, каб сустрэцца зь сябрамі. Я магу гэта пацьвердзіць — паказаць нашы перапіскі наконт гэтага. У раёне помніка Грамыку я бачыў людзей, якія стаялі ў ланцугу. Спыніўся паглядзець — што адбываецца. Мне сказалі, што нейкі мітынг. І тут мяне затрымалі супрацоўнікі АМАП. У мяне ёсьць відэа, дзе бачна, што я проста гуляю. Больш за тое — я заўважыў маладых хлопцаў, якія зьбіралі каменьне ў кішэні. Я спытаўся — для чаго яны гэта робяць? Яны адказалі, што будуць кідаць. Я папрасіў іх не рабіць гэтага, каб не падстаўляць людзей, — патлумачыў студэнт.

— Чаму вас завезьлі ў ІЧУ?

— Ня ведаю. Там мне сказалі, што мяне затрымалі памылкова і што я апынуўся ня ў тым месцы ня ў той час.

— А колькі ў вас стыпэндыя?

— 90 рублёў.

Судзьдзя прызнаў Кірыла вінаватым і прысудзіў штраф у памеры 135 рублёў.

«Гэта больш, чым мая стыпэндыя. Я лепш адразу сплачу гэтыя грошы. Недзе чуў, што сёньня зноў у цэнтры плянуецца акцыя. Трэба хутчэй адсюль зьнікаць», — заўважыў пасьля суду студэнт.

37-гадовы Андрэй 19 чэрвеня ў бары «Бэкер» глядзеў футбол.

— Пачуў, што моцна сыгналяць аўтамабілі. Выйшаў паглядзець. Пастаяў мо 5–10 хвілін. Тут жа пад’ехаў аўтазак, і мяне забралі. Я ня ўдзельнічаў у мітынгу. Мне гэта не цікава. Магу патэлефанаваць дырэктару бара, і ён пацьвердзіць, што я глядзеў футбол, — сказаў жыхар Гомля.

— Чаму вас завезьлі ў ІЧУ?

— Я сам хацеў бы гэта ведаць!

Судзьдзя прысудзіў яму арышт на адны суткі і патлумачыў, што тыя суткі ён ужо адбыў у ІЧУ.

54-гадовы Барыс кіруе студыяй дзіцячай творчасьці. Ён жыве ў цэнтры гораду, непадалёк ад месца падзей 19 чэрвеня.

— У той дзень майму тату, нябожчыку, было б 85. Мы з братам і вучнем таты сабраліся, каб узгадаць тату. Пайшлі ў краму «Аркада» па піцу. Яе пачалі гатаваць, я выйшаў на вуліцу Савецкую каля крамы... Ні ў якім мітынгу я ня браў удзелу — у мае гады мне гэта ня трэба! Я стаяў, глядзеў — гэта ж трэба, поўная вуліца народу! І тут я пачуў крык: «Прымай Чэ Гевару!» — і апынуўся ў аўтазаку. Мяне схапілі супрацоўнікі АМАП. Справа ў тым, што на мне была футболка з Чэ Геварам, зяць падарыў. Ня ведаю, чаму ім так Чэ Гевара не даспадобы.

— Зь якой прычыны вы апынуліся ў ІЧУ?

— Ды я сам не магу сказаць! У мяне адно хадайніцтва да вас: я не зразумеў, што адбылося!

Судзьдзя прысудзіў яму арышт на адны суткі. Барыс іх ужо адбыў, седзячы ў ІЧУ.

«Што я скажу? Нейкае трызьненьне», — сказаў ён.

19 чэрвеня ў Гомлі на ланцуг салідарнасьці сабралася каля 500 чалавек. Каля 10 чалавек затрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG