Расейскі апазыцыйны палітык і заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксей Навальны абвясьціў аб ліквідацыі фонду. Гэтая ўстанова рабіла гучныя расьсьледаваньні і здымала папулярныя відэаролікі пра карупцыю ў шэрагах расейскай улады.
«Увага, гэта не вучэбная трывога. Мы закрываем Фонд барацьбы з карупцыяй, — напісаў ён. — У нашым выпадку мы сапраўды вымушаныя сказаць, што некамэрцыйнай арганізацыі «Фонд барацьбы з карупцыяй», якую я заснаваў 9 гадоў таму, прыйшоў канец, таму што ў нас яе проста адабралі».
Сваё рашэньне Навальны тлумачыць пазовам ад кампаніі «Маскоўскі школьнік», якую зьвязваюць зь бізнэсмэнам Яўгенам Прыгожыным. Яна ў канцы 2019 году адсудзіла ў ФБК, Аляксея Навальнага і Любові Собаль 88 млн расейских рублёў. Суд прызнаў, што з прычыны роліка Навальнага аб кампаніі ў яе сарваўся сур'ёзны кантракт.
«Сума велізарная, і я нават ня бачу сэнсу спрабаваць яе зьбіраць, і, відавочна, да канца пуцінскай улады нам прыйдзецца жыць з заблякаванымі рахункамі і прыставамі, якія адбіраюць пастаянна любую нашую маёмасьць на карысьць кухара Пуціна», — сказаў Навальны.
Паводле яго слоў, у ФБК усё роўна ўжо нічога няма, усё адабралі на папярэдніх вобысках. Навальны адзначыў, што фонд — гэта ня офіс і не паперка зь Міністэрства юстыцыі, гэта людзі, якія прыходзяць змагацца з карупцыяй, і тыя, хто падтрымлівае працу фонду. Ён удакладніў, што цяпер яны пяройдуць на іншую юрыдычную асобу.