Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Ганны Канапацкай узначаліў былы прэм’ер і палітвязень Міхаіл Чыгір


Пра гэта Ганна Канапацкая паведаміла ў сваім акаўнце ў Facebook.

Міхаіл Чыгір стаў прэм’ерам у 1994 годзе, у 1996 годзе ён не пагадзіўся з ініцыяваным Лукашэнкам рэфэрэндумам і падаў у адстаўку. У 1999 годзе быў адным з ініцыятараў правядзеньня выбараў прэзыдэнта паводле Канстытуцыі 1994 году, у сакавіку 1999 году быў арыштаваны па эканамічных артыкулах Крымінальнага кодэксу, стаў адным зь першых беларускіх палітвязьняў, быў асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай.

Пра тое, што Міхаіл Чыгір узначаліў штаб Канапацкай, кандыдатка паведаміла ў Facebook.

«Сёньня падала ў ЦВК у якасьці давераных асоб кіраўніцтва свайго штабу:
1. Чыгір Міхаіл Мікалаевіч — начальнік штабу
2. Трухановіч Анатоль Іванавіч — намесьнік [бацька Ганны Канапацкай. — РС]
3. Лялькоў Ігар Сьвятаслававіч — намесьнік.

«Гэтыя людзі — ядро маёй каманды. Менавіта яны прымалі ўдзел у напісаньні перадвыбарнай праграмы. Іх думка зьяўляецца ключавой пры прыняцьці рашэньняў», — напісала Ганна Канапацкая.

Міхаіл Чыгір у размове са Свабодай пацьвердзіў, што пагадзіўся ўзначаліць штаб Ганны Канапацкай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG