Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі праваабаронца зьвярнуўся ў ААН з нагоды зьнікненьня праціўніка акумулятарнага заводу


Віталь Казак, архіўнае фота
Віталь Казак, архіўнае фота

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк зьвярнуўся ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў з нагоды гвалтоўнага зьнікненьня праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу Віталя Казака, месцазнаходжаньне якога дагэтуль невядомае.

Як паведаміў Кісьляк БелаПАН, 17 ліпеня ён накіраваў адпаведны дакумэнт у працоўную групу гвалтоўных зьнікненьняў ААН.

Паводле Кісьляка, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Казака 14 ліпеня прыблізна а 20:00 у Берасьці на праспэкце Машэрава. Прыкладна а 22:00 Казак патэлефанаваў жонцы, паведаміў пра сваё затрыманьне і сказаў, што яго хутка павінны адпусьціць. У ноч на 15 ліпеня Казак патэлефанаваў аднаму з актывістаў грамадзкай кампаніі супраць акумулятарнага заводу і паведаміў, што яго вязуць у Кобрынь.

15 ліпеня жонка Казака тэлефанавала ў Кобрынскі РАУС, у ізалятар часовага ўтрыманьня райаддзелу міліцыі, Ленінскі, Маскоўскі РАУС Берасьця. Жанчыне адказалі, што яе мужа ў іх няма. У той жа дзень яна напісала заяву ў Маскоўскі РАУС Берасьця аб зьнікненьні мужа.

«Я ўпэўнены, што супрацоўнікі міліцыі ведаюць, дзе знаходзіцца Віталь Казак, але ўтойваюць гэта ад ягоных сваякоў. На 13:00 17 ліпеня месцазнаходжаньне актывіста невядомае», — заявіў праваабаронца.

Ён растлумачыў, што гвалтоўным зьнікненьнем лічыцца затрыманьне, выкраданьне або пазбаўленьне волі ў любой іншай форме прадстаўнікамі дзяржавы пры наступнай адмове прызнаць факт пазбаўленьня волі або ўтойваньні зьвестак пра лёс ці месцазнаходжаньне зьніклай асобы, з прычыны чаго гэтая асоба пакінутая без абароны закону.

Віталь Казак – удзельнік грамадзкай кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем. Яго неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у акцыях супраць заводу. У траўні гэтага году яго судзілі двойчы. Штрафы склалі 110 базавых велічыняў — 2970 рублёў.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG