Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады спрабуюць спыніць нашу журналісцкую працу». Заява кіраўніцтва Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода


Затрыманьні журналістаў падчас жывых трансьляцый
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:36 0:00

Затрыманьні журналістаў падчас жывых трансьляцыяў 14 ліпеня

Беларускія ўлады перад выбарамі 9 жніўня спрабуюць спыніць нашу журналісцкую працу і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да надзейных навінаў, заявіла выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар.

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня ўлады ў Беларусі затрымлівалі і фізычна нападалі на сотні актывістаў і журналістаў, у тым ліку на пяцёх з Радыё Свабода. Гэта адбылося ў межах кампаніі агрэсіі з мэтай падарваць дзейнасьць незалежнай прэсы, гаворыцца ў​ заяве карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL).

Самы жорсткі напад адбыўся 15 ліпеня, калі журналіста Радыё Свабода Антона Трафімовіча затрымалі і зьбілі з удзелам сямі супрацоўнікаў АМАП, якія скавалі яго кайданкамі і прымусілі стаяць на каленях на падлозе міліцэйскай машыны, са зламаным носам даставіўшы ў міліцэйскі ўчастак.

Антон Трафімовіч перад затрыманьнем, 15 ліпеня
Антон Трафімовіч перад затрыманьнем, 15 ліпеня

Трафімовіч, пазьней вызвалены без тлумачэньня прычынаў затрыманьня, вёў рэпартаж з цэнтру Менску з акцыі пратэсту супраць адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіяй рэгістраваць кандыдатамі апазыцыянэраў Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. Сьледчы камітэт Беларусі заявіў, што будзе расьсьледаваць акалічнасьці затрыманьня Трафімовіча.

Днём раней журналістаў Радыё Свабода Алеся Пілецкага і Андрэя Рабчыка гвалтоўна затрымлівалі падчас жывой трансьляцыі пратэстаў супраць рашэньня ЦВК і некалькі гадзін пратрымалі ў міліцыі.

Журналісты Радыё Свабода Алесь Пілецкі і Андрэй Рабчык падчас стрыма 15 ліпеня
Журналісты Радыё Свабода Алесь Пілецкі і Андрэй Рабчык падчас стрыма 15 ліпеня

Пазьней беларуская служба Радыё Свабода атрымала з ананімных крыніцаў аўдыёзапісы, якія даюць зразумець, што за трансьляцыямі Свабоды вядзецца маніторынг і што за журналістамі наўмысна сачылі. Былы беларускі міліцыянт прааналізаваў запісы і пацьвердзіў, што яны сапраўдныя.

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар заявіла з гэтай нагоды:

«Як сьведчаць аўдыёзапісы, гэта разьлічаныя, узгодненыя напады на прафэсійных журналістаў — журналістаў, якіх акрэдытавала Міністэрства замежных справаў Беларусі».

«Тое, што на нашых калегаў напалі пасярод жывога эфіру, не пакідае ніякіх сумневаў, што ўлады спрабуюць спыніць нашу журналісцкую працу і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да надзейных навінаў».

Затрыманьні на бягучым тыдні — гэта толькі апошні крок супраць журналістаў Радыё Свабода, якія асьвятляюць супярэчлівы ход выбараў, адзначаны так званымі «ланцугамі салідарнасьці» і іншымі пратэстамі ў падтрымку апазыцыйных кандыдатаў. 19 чэрвеня, у апошні дзень кампаніі збору подпісаў, журналістаў Свабоды Аляксандру Дынько і Андрэя Рабчыка падчас жывой трансьляцыі з цэнтру Менску схапілі «людзі ў цывільным» і ў міліцэйскай машыне адвезьлі ва ўчастак, дзе трымалі некалькі гадзінаў.

25 чэрвеня вядомага блогера і былога ўдзельніка праграмы стыпэндыяў імя Вацлава Гаўла Ігара Лосіка арыштавалі і абвінавацілі ў выкарыстаньні Telegram-каналу для «падрыхтоўкі да парушэньня грамадзкага парадку». Лосік, які таксама зьяўляецца кансультантам Радыё Свабода ў пытаньнях сацыяльных мэдыя, цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Менску.

Міністар унутраных справаў Беларусі Юрый Караеў адкрыта абвінаваціў Радыё Свабода ў тым, што яно дапамагала «каардынаваць» вулічныя акцыі ў сваіх жывых трансьляцыях.

Беларуская служба Радыё Свабода дае незалежныя навіны і аналіз беларускай аўдыторыі. У чэрвені беларуская служба зафіксавала рэкордны рост праглядаў на інтэрнэт-плятформах: звыш 9,6 млн праглядаў на​ Youtube, 3,1 млн праглядаў відэа на Facebook, чатырохкратны рост праглядаў відэа на Instagram — да 1,5 млн праглядаў, 4,1 млн заходаў на сайт Svaboda.org, што на 49% больш за наведвальнасьць у траўні.

«Мы перажываем адначасна найлепшы і найгоршы час у нашай гісторыі, — сказаў дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук. — Мы маем найвышэйшы ўзровень зацікаўленьня аўдыторыі ў гісторыі Свабоды, надзвычайную хвалю ўдзячнасьці журналістам за працу, і маем найгоршыя ўмовы для выкананьня сваіх прафэсійных абавязкаў. Але яны застаюцца нязьменныя: інфармаваць, аналізаваць, даваць слова тым, хто яго пазбаўлены».

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода вядзе працу на 27 мовах у 23 краінах сьвету. Мае больш за 600 супрацоўнікаў у асноўных офісах і 750 фрылянсэраў у 20 бюро па ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG