Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы Армэніі і Азэрбайджану аднавіліся баі. Краіны зноў абвінавацілі ў гэтым адна адну


Армянскі вайсковец на пазыцыі.
Армянскі вайсковец на пазыцыі.

Улады Армэніі і Азэрбайджану зноў выступілі з узаемнымі абвінавачаньнямі ў аднаўленьні баёў на памежнай тэрыторыі.

Міністэрства абароны Армэніі заявіла, што баі аднавіў азэрбайджанскі бок, які атрымаў «годны адказ».

«Каля 03:40 ночы дзяжурныя на баявых пастах Узброеных сіл Армэніі заўважылі перамяшчэньні праціўніка. Перайшоўшы на кругавую абарону, армянскія падразьдзяленьні прадухілілі спробу дывэрсійнага пранікненьня суперніка», — напісала прэсавая сакратарка Міністэрства абароны Армэніі Шушан Сьцепаньян на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Паводле яе, пасля «інтэнсіўнага бою праціўнік, які панёс страты, быў адкінуты».

«Затым а 05:20 азэрбайджанскія падраздзяленьні пачалі абстрэльваць прымежныя вёскі Айгепар, Маўсэс, ужываючы гаўбіцы Д-30. Абстрэлы і цяпер працягваюцца», — дадала яна.

Прэсавая сакратарка Міністэрства абароны Армэніі падкрэсьліла, што «гэта першае грубае парушэньне далікатнага рэжыму спыненьня агню, устаноўленага напярэдадні ў 00:15».

У Азэрбайджане, у сваю чаргу, заявілі, што Ўзброеныя сілы Армэніі раніцай 16 ліпеня распачалі «яшчэ адну ўзброеную спробу атакаваць нашы пазыцыі ў Тавускім раёне». Як паведамляе азэрбайджанскае інфармацыйнае агенцтва «Туран», былі абстраляныя зь мінамётаў прыгранічныя вёскі Агдам, Дандар Гушчу і Вахідлі. Пацярпелых сярод мірных жыхароў няма.

Армэнія і Азэрбайджан 12 ліпеня абвінавацілі адно аднаго ў аднаўленьні абстрэлаў на мяжы. Інцыдэнт адбыўся ў Тавускім раёне азэрбайджанска-армянскай мяжы. У Міністэрстве абароны Азэрбайджану заявілі, што Ўзброеныя сілы Армэніі, «груба парушыўшы рэжым спыненьня агню» на азэрбайджанскаа-армянскай дзяржаўнай мяжы, «абстралялі» іх пазыцыі з артылерыйскіх установак.

Міністэрства абароны Армэніі, у сваю чаргу, абвінаваціла Азэрбайджан у артылерыйскім абстрэле на мяжы пазыцыяў армянскай арміі.

У ААН і АБСЭ выказалі глыбокую занепакоенасьць з нагоды эскаляцыі напружанасьці на армянска-азэрбайджанскай мяжы і заклікалі да неадкладнага спыненьня агню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG