Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 выкананых і 10 нявыкананых абяцаньняў Лукашэнкі перад папярэднімі выбарамі


Аляксандар Лукашэнка на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня 2020 году
Аляксандар Лукашэнка на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня 2020 году

Нязьменны цягам 26 год кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка шосты раз зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты. Свабода прыгадала дзесяць абяцаньняў кіраўніка дзяржавы, якія ён выканаў, і 10 тых, якіх ня выканаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

10 выкананых абяцаньняў

1. Стабільнасьць беларускай валюты

«Умацаваньне даверу да беларускага рубля». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Пачынаючы з 2015 году абменны курс беларускага рубля быў адносна стабільны. Не было разавых дэвальвацый. Упершыню з пачатку 1990-х гадоў удалося зьбіць дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва.

2. Істотнае зьніжэньне інфляцыі

«Нізкая інфляцыя». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Штогод інфляцыя зьніжалася. У 2015 годзе яна складала 12%, у 2016 — 10,6%, у 2017 — 4,6%, у 2018 — 5,6%, у 2019 — 4%, прагноз на 2020 год — 5%.

3. Рост золатавалютных рэзэрваў

«Устойлівы рост золатавалютных рэзэрваў, падтрыманьне іх на бясьпечным узроўні». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. За апошнія гады золатавалютныя рэзэрвы Беларусі сапраўды ўстойліва расьлі. На студзень 2016 году яны складалі $4,176 млрд, на студзень 2017 — $4,927 млрд, на студзень 2018 — $7,315 млрд, на 1 чэрвеня 2020 г. — $7,879 млрд.

4. Зьмяншэньне ціску на бізнэс

«Маштабна падтрымаем малы і сярэдні бізнэс». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. У 2017 г. Лукашэнка падпісаў 10 дэкрэтаў і ўказаў па эканамічнай лібэралізацыі і спрашчэньні ўмоў вядзеньня бізнэсу. Асабліва варта зьвярнуць увагу на дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва». У 2018 годзе з ініцыятывы ўраду парлямэнт выключыў з Крымінальнага кодэксу сумна знакаміты артыкул 234 «Ілжэпрадпрымальніцтва» і лібэралізаваў артыкул 233 «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць». Зьменшылася колькасьць праверак суб’ектаў гаспадараньня. Бізнэсу стала дыхаць лягчэй. Прыватны сэктар апошнімі гадамі ўстойліва забясьпечвае калі паловы паступленьняў у бюджэт Беларусі.

5. Стабільнасьць падаткаў

«Забарона на павышэньне старых і ўвядзеньне новых падаткаў на працягу пяці гадоў». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Абяцаньне можна лічыць выкананым. Дзейнічае мараторый на долю падатковых прыбыткаў у валавым унутраным прадукце.

6. Разьвіцьцё інтэрнэту

«Разьвіцьцё высакахуткаснага інтэрнэту». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Згодна зь дзяржаўнай праграмай разьвіцьця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадзтва на 2016-2020 гады, колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў на 100 чалавек у 2020 годзе павінна была скласьці 77%. Аднак ахоп інтэрнэтам у Беларусі расьце хутчэй за пляны ўраду. Так, на канец 2020 году гэты паказчык чакаецца на ўзроўні 82,5%.

7. Беларусь у якасьці лягістычнага цэнтру

«Фармаваньне Беларусі як найбуйнейшага рэгіянальнага лягістычнага цэнтру». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Лягістыка актыўна разьвіваецца. Асабліва з увядзеньнем адпаведных аб’ектаў у індустрыяльным парку «Вялікі камень» кітайскімі кампаніямі.

8. Спрашчэньне аплаты паслуг

«Пашырэньне пераліку дзяржаўных паслуг для грамадзян з выкарыстаньнем электроннай дыстанцыйнай формы». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Усе падаткі, камунальныя плацяжы можна плаціць дыстанцыйна праз інтэрнэт.

9. Падтрымка мацярынства і дзяцінства

«Захаваньне і разьвіцьцё ўсіх дзяржаўных праграм па абароне і падтрымцы мацярынства і дзяцінства, шматдзетных сем’яў». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Беларусь — адзін з усясьветных лідэраў па працягласьці водпуску па догляду за дзіцем. І адзіная краіна, дзе ўсе тры гады аказваюць яшчэ і грашовую дапамогу.

10. Беларусь ухілілася ад уцягваньня ў расейскія канфлікты, прэтэндуе на статус донара бясьпекі ў рэгіёне

«Магу цьвёрда абяцаць вам: наша краіна ніколі ня будзе ўцягнутая ў чужыя войны і канфлікты». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Беларусь не падтрымала Расею ў яе канфлікце з Украінай і Захадам. Менск стаў пляцоўкай для ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Беларусь прэтэндуе на статус донара бясьпекі ў рэгіёне, беларуская сталіца імкнецца прэзэнтаваць сябе як новая Жэнэва, Хэльсынкі-2.

10 нявыкананых абяцаньняў

1. Скарачэньне зьнешняга доўгу

«Скарачэньне зьнешняга дзяржаўнага доўгу. Мы не павінны перакладаць нашы даўгі на будучыя пакаленьні». (Зь перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі, 2015 г.)

«З членамі ўраду, якія гэтым пытаньнем займаюцца, мы далі сабе клятву — я не казаў пра гэта раней і думаў наогул не казаць, але калі закранулі тэму — мы за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў. І на працягу пяці гадоў мы плянуем, разьлічыўшыся па даўгах, ніколі не пазычаць, абыходзіцца без запазычаньняў. (З інтэрвію А. Лукашэнкі недзяржаўным беларускім СМІ 04.08 2015 г.)

Што атрымалася. Насамрэч доўг павялічыўся. Па стане на 1 студзеня 2015 году зьнешні дзяржаўны доўг склаў $12,6 млрд, а на 1 траўня 2020 г. — $16,6 млрд.

2. Паляпшэньне кіраваньня дзяржпрадпрыемствамі

«Увядзеньне на дзяржаўных прадпрыемствах сыстэм карпаратыўнага кіраваньня на аснове лепшай сусьветнай практыкі». (Зь перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Эканамічнае становішча дзяржаўных прадпрыемстваў не палепшылася. Дзяржаўны сэктар эканомікі Беларусі стаў асноўнай праблемай. Пра гэта сьведчаць і ацэнкі міжнародных фінансавых арганізацый, і шматлікія прызнаньні кіраўніка дзяржавы і кіраўнікоў, чальцоў ураду. Каб падтрымліваць жыцьцядзейнасьць дзяржпрадпрыемстваў, па-ранейшаму даводзіцца выдзяляць бюджэтныя сродкі.

3. Павышэньне эфэктыўнасьці дзяржаўнай падтрымкі

«Павышэньне эфэктыўнасьці бюджэтных расходаў, уключаючы прадастаўленьне дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам незалежна ад формаў уласнасьці на раўнапраўнай аснове». (Зь перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Бюджэтная падтрымка дзяржпрадпрыемстваў была неэфэктыўная. Прадпрыемствы дзяржаўнага сэктару ўвесь зьвярталіся да ўраду па ўсё новыя порцыі льгот і дапамог. У той час як іх фінансавы стан пагаршаўся.

Гаспадарчыя ж суб’екты прыватнай формы ўласнасьці практычна ня мелі дзяржаўнай падтрымкі. Гэта асабліва востра выявілася ў пандэмію каранавірусу, калі цэлыя галіны эканомікі апынуліся ў крызісе і патрабавалі дапамогі.

4. Стварэньне паўнацэннага фінансавага рынку

«Разьвіцьцё паўнацэннага фінансавага рынку, паэтапная лібэралізацыя руху капіталу, свабодныя купля-продаж акцый прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці». (Зь перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Ніякіх прыкметаў стварэньня паўнацэннага фінансавага рынку, фондавага рынку не відаць нават на гарызонце. Акцыі дзяржаўных прадпрыемстваў («Белкалій», МАЗ, БелАЗ, НПЗ, МЗКТ, «Гродна Азот», якія па форме зьяўляюцца адкрытымі акцыянэрнымі таварыствамі) купіць немагчыма.

5. Інтэграцыя дзяржпрадпрыемстваў у міжнародны фінансавы рынак

«Інтэграцыя найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў у міжнародны фінансавы рынак». (Зь перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Да вырашэньня гэтай задачы нават не прыступалі. Беларускія найбуйнейшыя прадпрыемствы ня маюць справаздачнасьці па міжнародных стандартах. Іх акцыі не гандлююцца на замежных фондавых рынках.

6. Прыцягненьне замежных інвэстыцый

«Прыцягненьне вядучых сусьветных кампаній у Беларусь для рэалізацыі праектаў з высокай дададзенай вартасьцю». (Зь перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Замежныя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку ідуць дрэнна з прычыны неспрыяльнага бізнэс-клімату. Па колькасьці інвэстыцый на душу насельніцтва Беларусь займае адно з апошніх месцаў у Эўропе.

7. Гарантыя прыватнай уласнасьці

«Забесьпячэньне безумоўных гарантый правоў прыватнай уласнасьці; удасканаленьне сыстэмы гарантый для міжнародных інвэстараў на аснове лепшай сусьветнай практыкі». (Зь перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Насамрэч прыватная ўласнасьць не гарантаваная ад дзяржаўнага свавольства. За мінулыя пяць гадоў было шмат спробаў замаху на чужую ўласнасьць з боку дзяржаўных органаў. Не аднойчы цярпелі і замежныя ўласьнікі.

У 2016 годзе ўлады нацыяналізавалі завод «Мотавела», які належаў аўстрыйскай фірме, а ўласьніка Аляксандра Мураўёва пасадзілі ў турму на 11 гадоў. У 2018 годзе быў нацыяналізаваны Аршанскі авіярамонтны завод, 60% акцый якога належалі ўкраінскай фірме «Мотор Січ». Апошні прыклад. 14 чэрвеня беларускія ўлады ўвялі часовую адміністрацыю ў «Белгазпрамбанку», 99% акцый якога належаць расейскаму Газпрому. Тым самым ажыцьцявілі часовы захоп чужой уласнасьці.

8. Магчымасьць пабудаваць ці набыць жыльлё

«У кожнай беларускай сям’і, якая рэальна мае патрэбу ў новым жыльлі, будзе магчымасьць пабудаваць сабе дом або кватэру». (Зь перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Магчымасьць атрымаць ільготныя крэдыты на будоўлю кватэры ці дому рэзка скарацілася. У 2019 годзе толькі ў афіцыйнай чарзе для паляпшэньня жыльлёвых умоваў стаялі 664 тысячы беларускіх грамадзян.

9. Пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту

«Пашырэньне паўнамоцтваў і сфэр адказнасьці парлямэнту». (Зь перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Ніякага пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнту не адбылося. Абедзьве палаты Нацыянальнага сходу засталіся такімі ж бяспраўнымі, як і былі. Да таго ж усе дэпутаты былі фактычна прызначаныя ў выніку выбарчага фарсу.

10. Пашырэньне паўнамоцтваў мясцовых саветаў

«Пашырэньне паўнамоцтваў і сфэр адказнасьці органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня». (Зь перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі, 2015 г.)

Што атрымалася. Абяцаньне ня выкананае. Мясцовыя саветы па-ранейшаму бяспраўныя, падпарадкаваныя выканаўчай вэртыкалі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG