Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё ў крэдыт: даўгі беларусаў па банкаўскіх крэдытах працягваюць расьці


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле стану на 1 чэрвеня, беларусы вінныя банкам 12 мільярдаў 371,5 мільёна рублёў, сьведчыць статыстыка Нацбанку на пачатак чэрвеня 2019 году.

Сюды ўваходзяць спажывецкія крэдыты, пазыкі на куплю жыльля і аўтамабіляў, карты растэрміноўкі, адзначае Finance.tut.by.

Запазычанасьць па спажывецкіх крэдытах на 1 чэрвеня — амаль 4,8 мільярда рублёў — на 87,9 мільёна рублёў больш, чым месяцам раней. Крэдыты на нерухомасьць на пачатак траўню павялічыліся амаль да 7,6 мільярда рублёў (на 103,1 мільёна рублёў больш, чым месяцам раней).

Толькі за травень 2019 году даўгі беларусаў перад банкамі вырасьлі на 190,9 мільёна рублёў. Для параўнаньня: за красавік гэты паказьнік павялічыўся на 207,9 мільёна рублёў, за сакавік — на 145,6 мільёна, за люты — на 98,5 мільёна, за студзень — на 132,2 мільёна.

10 мільярдаў рублёў крэдытаў беларусы набралі яшчэ ў чэрвені 2018 году, у лістападзе 2018 году агульная сума была 11 мільярдаў рублёў.

Нацбанк дапускае магчымасьць таго, правілы выдачы спажывецкіх крэдытаў зробяць больш жорсткімі. Гэта можа адбыцца ў выпадку паскарэньня тэмпаў крэдытаваньня.

З 1 траўня 2018 году, каб стрымаць крэдытны бум, Нацбанк ужо ўводзіў новыя правілы выдачы банкамі пазык насельніцтву. Банкі сталі лічыць для патэнцыйных пазычальнікаў каэфіцыент пазыковай нагрузкі. Аднак, нягледзячы на гэтыя меры, як паказвае статыстыка, рост запазычанасьці насельніцтва перад банкамі працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG