Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што прычына пагаршэньня стасункаў паміж Масквой і Кіевам — адхіленьне ад улады кіраўніка Ўкраіны Віктара Януковіча, а не далучэньне Крыму, піша рэсурс «Медуза».
«Што тычыцца храналёгіі падзеяў. Адбыўся дзяржаўны пераварот, захоп улады, і нашы погляды і шляхі з кіраўніцтвам Украіны сталі дыямэтральна супрацьлеглымі. З гэтага моманту мы зь імі разышліся», — заявіў ён у праграме «Масква. Крэмль. Пуцін».
Толькі пасьля таго, зазначыў Пуцін, Крым увайшоў у склад Расеі. Так што тое, што сапсаваліся адносіны з Украінай, з Крымам, у прынцыпе, не зьвязана, падкрэсьліў ён.
У праграму «Масква. Крэмль. Пуцін» таксама ўвайшло інтэрвію прэзыдэнцкага прэс-сакратара Дзьмітрыя Пяскова. Ён, у прыватнасьці, заявіў, што ў працэсе ўрэгуляваньня канфлікту ў Данецкай і Луганскай абласьцях «нейкая дынаміка адсутнічае абсалютна».
«Кіеў як нічога не рабіў у пляне рэалізацыі менскага комплексу захадаў і парыскіх дамоўленасьцяў, так і ня робіць», — пераклаў Пяскоў адказнасьць на Ўкраіну.
Неўзабаве пасьля расейскай анэксіі Крыму Эўразьвяз, ЗША і іншыя дзяржавы ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі. Пасьля расейскай агрэсіі на Данбасе іх некалькі разоў падаўжалі і рабілі больш жорсткімі.