Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навошта сабраліся на мітынг?» Міліцыя не дала адсьвяткаваць Купальле жыхарам трох вёсак на Піншчыне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Жыхары вёсак Зазер’е, Гарадзішча і аднайменнага пасёлку, што месьцяцца абапал Гарадзішчанскага возера на Піншчыне, сёлета не змаглі разам адсьвяткаваць традыцыйнае Купальле — з вогнішчам і сьпевамі.

«Жыхары нашых населеных пунктаў сабраліся адсьвяткаваць Купальле, але ўсіх разагнала міліцыя. Сказалі, навошта сабраліся на мітынг?» — напісала Свабодзе Надзея з пасёлку Гарадзішча

Прадавачка мясцовай крамы зьвесткі пацьвердзіла.

«Так, Купальля ў пасёлку не было. Ніхто ня ведае, чаму. Нічога не сказалі. Раней мы выяжджалі на такія сьвяты, быў гандаль, а цяпер не было каманды. Людзі разышліся па хатах, нехта сьвяткаваў, але паасобку», — паведаміла жанчына.

Жыхар пасёлку Гарадзішчы Аляксандар расчараваны, што традыцыя разам сьвяткаваць Купальле ў ноч на 7 ліпеня ў іх мясцовасьці перарвалася зь невядомай яму прычыны.

«У нас каля пасёлку возера, Гарадзішчанскае завецца. Каля яго ёсьць цудоўны лужок — там шмат гадоў праводзілі Купальле. Туды і з Зазер’я шмат людзей прыходзіць, і пад’яжджаюць зь іншых месцаў, бо там траса непадалёк праходзіць. Некалькі сотняў людзей звычайна зьбіралася, да паўтысячы бывала. Сельсавет забясьпечваў канцэрт, сцэну рабілі. Зь „Пінскдрэва“ прывозілі драўляныя адкіды, каб вогнішча было чым разводзіць, не паліць шыны. І цяпер 6-га ўвечары, як звычайна, людзі туды пацягнуліся, шмат хто на машынах паехаў, а там сустракае міліцыя і кажа разьяжджацца. „Не зьбірайцеся, не чыніце мітынгу, нічога ня будзе“ і гэтак далей. А зь сельсавету гэтак нічога і не патлумачылі, чаму Купальля няма», — апавёў Аляксандар.

У вэрсію пра тое, што Купальле забаранілі праз каранавірус, на які ёсьць хворыя ў пасёлку, Аляксандар ня верыць.

«Прычым тут каранавірус? Раней міліцыя ніколі такія сьвяты не забараняла. Прыедуць, пастаяць, паглядзяць за парадкам і зьедуць. А тут адразу — нельга зьбірацца, забаронена праводзіць мітынгі. Усё зразумела — далі загад зьверху», — мяркуе Аляксандар.

Ён прасіў не называць свайго імя і ня даў кантактаў людзей, якія б маглі пацьвердзіць ягоныя словы: «Проста яны пабаяцца што сказаць».

Памочнік дзяжурнага па Пінскім РАУС сказаў, што ня ведае, чаму міліцыянты не дазволілі мясцовым жыхарам сабрацца каля Гарадзішчанскага возера на Купальле. «Гэта да начальства, а яго сёньня няма», — сказаў дзяжурны.

Тэлефон Градзішчанскага сельскага савету раніцай у суботу не адказваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG