Раней кіраўніцтва тэлеканалу замяніла гімнастку іншай вядоўцай у спартовай рубрыцы. Меліціну абвінавацілі ў «парушэньні карпарацыйнай этыкі». Падставай стаў пост спартоўкі ў інстаграме, дзе яна асудзіла затрыманьні каля крамы symbal.by.
«Падчас доўгай размовы з дырэктарам зразумела, што больш не хачу»
Меліціна Станюта сказала карэспандэнту Свабоды, што вырашыла звольніцца «пасьля доўгай размовы з дырэктарам» (дырэктар АНТ Марат Маркаў. — РС).
«Гэта быў даволі мой выбар, і я хачу падзякаваць тэлеканалу за тыя гады, якія я ў іх працавала. Гэта была мая асабістая рубрыка. Я прыйшла на тэлеканал з гэтай ідэяй у 2017 годзе, а цяпер штодня ёсьць такая спартыўная рубрыка зь іншымі вядоўцамі. Гэта крута, магу ганарыцца, што мая ідэя папулярная».
Чаму Меліціна Станюта вырашыла звольніцца з АНТ?
«Я марыла пра кар’еру на тэлебачаньні. Мне здавалася, што гэта клясны, прыгожы шлях пасьля спорту, — кажа Меліціна. — Былі розныя ідэі, як асабістая праграма, але каля спорту. Бо шмат хто ведае спартоўцаў, але каля кожнага спартоўца, каля кожнай перамогі ёсьць і трэнэры, і мэдпэрсанал, ёсьць такія клясныя людзі каля спорту, пра якіх ніхто ня ведае, бо мэдаль толькі адзін.
Я марыла пра тое, каб рабіць нешта як Аліна Кабаева, у якой была праграма, дзе яна сустракалася са спартоўцамі, трэнэрамі і рабіла амаль гадзіннае інтэрвію. Гэта было клясна, бо яна ведала, што такое спорт. Я думала пра гэта, але я зразумела, што больш не хачу. Я яшчэ вагалася, але падчас доўгай размовы з дырэктарам я дакладна зразумела, што я больш не хачу».
«Паказалі пост і сказалі — „вось гэта прычына“»
Паводле Меліціны Станюты, кіраўніцтву тэлеканалу не спадабаўся яе пост у інстаграме. Пасьля затрыманьняў людзей 23 чэрвеня ў чарзе да крамы Symbal.by Станюта напісала:
«У дэмакратычных краінах, калі грамадзянін не парушае закон, — ён пад аховай! І што гэта было ўчора?! Стаіш у чарзе ў краму — сядзіш у аўтазаку! Куды падзеўся закон, які нас ахоўвае?»
На тэлеканале Меліціну Станюту абвінавацілі «ў парушэньні карпаратыўнай этыкі».
«Гэта адзінае, што мне сказалі. Тое, што мне раней казалі — маўляў, зьнятыя ўсе спартыўныя рубрыкі, — гэта ня так, — кажа гімнастка. — Мы дамовіліся ў 2017 годзе пасьля сытуацыі зь „Белсатам“, што я пра кожнае сваё інтэрвію буду ў іх пытацца, можна ці не. Мы дамовіліся, і я гэта рабіла. Але гэта больш за інтэрвію. Мне паказалі гэты пост і сказалі: „Вось гэта прычына“. Гэта была доўгая размова адзін на адзін, і я ня буду нічога казаць. Таму я магу сказаць толькі дзякуй, што мая ідэя яшчэ жыве на тэлеканале і стала папулярнай. Але гэта мой выбар, і я хачу нешта іншае».
У 2018 годзе Меліціна Станюта паўдзельнічала ў непалітычным праекце «Я ня буду гэтага есьці» на тэлеканале «Белсат». Пасьля гэтага яе рубрыку зьнялі з АНТ і прапанавалі перайсьці ў рэдактарскі аддзел. Меліціна вырашыла звольніцца, але яе выклікалі да дырэктара і сказалі, каб яна ня лезла ў палітыку і ўсё ўзгадняла. Гімнастка пагадзілася, таму што марыла пабудаваць тэлевізійную кар’еру.
«Я зрабіла тое, што зрабіла. Мяне кранула тое, што адбылося»
Меліціна Станюта ў спорце 20 гадоў і спадзяецца, што яе веды і вопыт будуць запатрабаваныя.
«Я не кажу: спорт і кропка, я больш нічога не магу. Я з задавальненьнем буду вучыцца. Але зараз я стамілася. Яшчэ і пандэмія, год такі цяжкі. Але што ні робіцца, гэта дзеля нечага трэба. Клясна, калі я працягну працу ў спорце, каля спорту, каб была магчымасьць расказаць яшчэ большай колькасьці гледачоў ці чытачоў пра спорт. Калі не, і калі будзе цікавая прапанова, я з задавальненьнем буду вучыцца».
Меліціна Станюта сказала, што ніколькі не шкадуе, што напісала пост у інстаграме пра затрыманьні людзей 23 чэрвеня.
«Я зрабіла тое, што зрабіла. Мяне кранула тое, што адбылося».