Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня афіцыйнага Саюзу журналістаў апублікаваў сакрэтную інфармацыю ААЦ: рэйтынг Лукашэнкі — 76%


Палітычны аглядальнік Белтэлерадыёкампаніі, старшыня афіцыйнага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook дадзеныя агульнанацыянальнага апытаньня, якое правёў Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі. Паводле дакумэнту, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі цяпер складае 76%.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Выбарка, паводле якой было зробленае апытаньне, складала 21 тысячу чалавек.

«У сакавіку рэйтынг кіраўніка дзяржавы стаў рэзка падаць і складаў 60%. Пры гэтым у Менску ён традыцыйна быў ніжэйшы яшчэ на 8%», — гаворыцца ў дакумэнце.

Паводле дадзеных дасьледаваньня, якое ў сакавіку-красавіку праводзіў Інстытут сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук, узровень даверу Лукашэнку ў Менску складаў 24%.

У дакумэнце ААЦ, які абнародаваў Крывашэеў, гаворыцца, што, «паводле апэратыўнай інфармацыі, якая паступае ў ААЦ з розных крыніц, да канца чэрвеня 2020 году ўзровень даверу кіраўніку дзяржавы дасягнуў 76%».

Што тычыцца папулярнасьці іншых кандыдатаў, то, паводле дадзеных ААЦ, рэйтынг усіх альтэрнатыўных прэтэндэнтаў «у сукупнасьці складае ў цяперашні час каля 16%».

У дакумэнце таксама адзначаецца, што фінансаваньне штабоў Бабарыкі і Ціханоўскай зьнізілася, а Цапкала «радыкальна» пагоршыў свае ўмовы, недабраў подпісы.

Дзьмітрыеў, Чэрачань і Канапацкая, на думку экспэртаў ААЦ, ідуць на выбары «выключна для падвышэньня ўласнай пазнавальнасьці ў якасьці палітычных дзеячаў».

Інтэрнэт-апытанкі забаранілі, а рэйтынг Лукашэнкі ў Менску быў 24%

На пачатку чэрвеня стала вядома, што незалежным СМІ забаранілі праводзіць інтэрнэт-апытанкі сярод сваіх чытачоў пра рэйтынг патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Іх прыраўнялі да апытаньняў грамадзкай думкі, якія адносяцца да грамадзка-палітычнай сытуацыі. Рэдактараў СМІ выклікалі на гутарку ў Мінінфармацыі.

Паводле апытанкі на партале Tut.by (больш за 70 тысяч галасоў) 54,91% чытачоў адказалі, што заўтра прагаласвалі б за Віктара Бабарыку, 15,22% — за Валерыя Цапкалу, 12,71% — за Сьвятлану Ціханоўскую і 6,24% — за Аляксандра Лукашэнку.

У апытаньні чытачоў «Нашай Нівы» Аляксандар Лукашэнка набраў 3%, а Віктар Бабарыка — 50%.

Пазьней кіраўнік Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў пацьвердзіў у інтэрвію «Народнай Волі», што ў сакавіку —​ пачатку красавіка 2020 году ў дасьледаваньні інстытуту рэйтынг даверу да Лукашэнкі ў Менску быў 24%, а да ЦВК — 11%. Потым, па яго словах, дасьледаваньне рэйтынгу прыпынілі праз сытуацыю з каранавірусам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG