Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Хабараўску пратэстуюць супраць арышту палітыка, папулярнейшага за Пуціна


У расейскім Хабараўску адбыўся самы масавы мітынг за навейшую гісторыю: пабіты нават папярэдні гарадзкі рэкорд акцыі «Ён вам не Дзімон», калі ўвесну 2017-га на гарадзкія вуліцы выйшлі некалькі тысяч чалавек. У сёньняшняй акцыі бралі ўдзел па розных ацэнках ад 10 да 30 тысяч жыхароў Хабараўскага краю. Людзі прыйшлі пратэставаць супраць арышту губэрнатара Сяргея Фургала.

Заклікі зладзіць мітынг зьявіліся ў сацсетках у чацьвер, калі Фургала затрымалі паводле падазрэньня ў арганізацыі некалькіх забойстваў у 2004-05 гг. На навіну пра тое, што хабараўскі губэрнатар затрыманы і яго этапуюць у Маскву, жыхары краю адрэагавалі вельмі эмацыйна: большасьць камэнтатараў сышліся на тым, што Крэмль такім чынам пазбаўляецца ад непажаданага палітыка. У 2018 годзе Фургал з ЛДПР зь вялікім адрывам выйграў губэрнатарскія выбары ў стаўленіка «Адзінай Расеі» і дзеючага на той момант кіраўніка рэгіёну.

Затрыманьне Сяргея Фургала
Затрыманьне Сяргея Фургала

Мясцовыя ўлады заклікалі адмовіцца ад удзелу ў акцыі і нават выставілі ачапленьне на плошчы ім. Леніна — з нагоды «дэзынфэкцыі ад каранавірусу». Аднак да пачатку мітынгу на плошчы сабралася некалькі соцень чалавек. Пасьля таго, як невялікая пляцоўка каля помніка Леніну перастала іх зьмяшчаць, натоўп зламаў агароджы і накіраваўся на плошчу, куды выходзяць вокны ўрадавага будынку Хабараўскага краю.

— Першым пайшоў нейкі дзед. Ён проста сарваў гэтыя таблічкі, зламаў плот і пайшоў на плошчу, — распавядае адна з удзельніц мітынгу. — Але яго нават ня сталі затрымліваць, паліцыя стаяла побач, і я чула ад іх: маўляў, мы таксама за вас.

У шэсьці, якое пачалося, а потым вярнулася да ўрадавага будынку, агулам прынялі ўдзел як мінімум 10 тысяч чалавек (паводле некаторых ацэнак, у некалькі разоў больш). На ўсім шляху ўдзельнікі скандавалі «Свабоду Фургалу!», а ўжо каля ўраду сталі выкрыкваць «Пуцін — злодзей!», «Пуціна ў адстаўку!», але часьцей за ўсё паўтаралі лёзунг «Свабоду!». Паліцыя назірала, але затрыманьняў не было, за што мітынгоўцы некалькі разоў праскандавалі сілавікам «Дзякуй!».

Да пратэстоўцаў выйшлі прадстаўнікі краявога ўраду, якія хоць і заклікалі разысьціся, але падзякавалі за падтрымку губэрнатара. Выступалі і ўсе ахвотныя: у асноўным прамоўцы задаваліся пытаньнямі — чаму забойствы 16-гадовай даўніны расьсьледаваліся так доўга, чаму толькі цяпер, калі Фургал стаў губэрнатарам, яго арыштавалі?

Падобныя акцыі праходзілі і ў іншых гарадах Хабараўскага краю: аўтамабілісты Нікалаеўска-на-Амуры выбудавалі свае машыны ў фразу «Я Мы Фургал», жыхары Камсамольска-на-Амуры, пасёлка Ваніна і іншых населеных пунктаў таксама выйшлі на несанкцыянаваныя мітынгі і шэсьці. У некаторых гарадах акцыі пратэсту працягнуцца заўтра.

Камэнтуючы арышт Сяргея Фургала сайту Сибирь.Реалии, палітоляг Аляксандар Кынеў назваў асноўнай прычынай затрыманьня губэрнатара ягоную папулярнасьць у мясцовага насельніцтва:

— Фургал — самы папулярны кіраўнік рэгіёну ў краіне, калі меркаваць па выніках выбараў, на якіх ён набраў 70 працэнтаў галасоў і абышоў адзінаросаў, — кажа Аляксандар Кынеў. — І адзін з самых эфэктыўных. Мяркуючы па выніках галасаваньня па папраўках да Канстытуцыі (а ў Хабараўскам краі, паводле афіцыйных дадзеных, папраўкі падтрымалі ўсяго 62% тых, хто галасавалі), папулярнасьць Фургала ў краі вышэйшая, чым у Пуціна. Вось гэтага яму і не даравалі. Разумееце, калі чалавеку з 20-гадовым палітычным стажам узгадваюць нейкія справы, якія адбыліся ўжо вельмі даўно, — гэта чыстая палітыка. Гэта помста адзінаросаў. Ну, а як у нас рыхтуюцца такія справы... Чалавека прымусяць прызнаць віну і ўсё падпісаць. Узгадайма таго ж Хадаркоўскага...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG