Дзярждэпартамэнт ЗША ўхваліў магчымы продаж 105 зьнішчальнікаў F-35 Японіі за 23 мільярды даляраў.
Як паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на ведамства, Японія плянуе набыць 63 самалёты F-35A, 42 самалёты F-35B, 110 рухавікоў Pratt & Whitney F135 і адпаведнае абсталяваньне.
Рэалізацыя ўгоды, з улікам тэхнічнай падтрымкі і абслугоўваньня, зойме 25 гадоў.
«Для нацыянальных інтарэсаў ЗША надзвычай істотна дапамагаць Японіі ў разьвіцьці і падтрымцы надзейнага і эфэктыўнага патэнцыялу самаабароны», — заявіў Дзярждэпартамэнт, дадаўшы, што заплянаваная ўгода ня зьменіць вайсковага балянсу ў рэгіёне.
- F-35 — прадстаўнік пятага пакаленьня зьнішчальнікаў, якія амаль не заўважаюцца радарамі і распрацаваныя амэрыканскай кампаніяй Lockheed Martin. Некаторыя мадыфікацыі маюць магчымасьць вэртыкальнага ўзьлёту і пасадкі. Вырабляецца ў ЗША і ў Італіі. Першы палёт — 2012 г. Знаходзіцца на ўзбраеньні 11 краінаў (у тым ліку ЗША, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Нідэрляндаў, Італіі, Японіі, Турэччыны, Паўднёвай Карэі).