Урад Польшчы вырашыў набыць у ЗША 32 зьнішчальніка-бамбавіка F-35A Lightning II коштам 4,6 млрд даляраў. У пятніцу бакі падпісалі кантракт. Першыя машыны зьявяцца ў Польшчы ў 2026 годзе, піша Gazeta Wyborcza.
Як паведаміла Морган Ортагус, афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, зьнішчальнікі набытыя ў рамках праграмы па продажах узбраеньня замежным узброеным сілам, якая курыруецца Дзяржаўным дэпартамэнтам.
«Мы аддаём належнае прэзыдэнту Дудзе, прэм’ер-міністру Маравецкаму і прыхільнасьці польскага ўрада працягваць мадэрнізацыю абароны Польшчы з дапамогай набыцьця самых дасканалых у сьвеце зьнішчальнікаў, што палепшыць здольнасьці Польшчы ўдзельнічаць у калектыўнай абароне і самаабароне», — заявіла Морган Ортагус.
Даўжыня F-35A — 15 мэтраў, размах крылаў — 11 мэтраў. Ён разьвівае хуткасьць звыш 2000 км/гадзіну. Польшча атрымае самалёт у вэрсіі F-35 Lightning II A з шасьцю ракетамі ў люках (звычайна іх чатыры). Перадавыя тэхналёгіі робяць зьнішчальнік амаль незаўважным для радараў.
Сёньня па ўсім сьвеце лётае амаль 500 машын такога тыпу. Яны ёсьць у арміяў дзевяці краін, у тым ліку Вялікабрытаніі, Італія і Нідэрляндаў.