Вярхоўны суд ЗША пастанавіў перадаць пракурорам у Нью-Ёрку падатковыя дэклярацыі прэзыдэнта Дональда Трампа. У Кангрэс інфармацыю пра даходы кіраўніка Белага дому накіроўваць ня будуць.
Трамп — першы за паўстагодзьдзя прэзыдэнт, які не апублікаваў інфармацыю аб сваіх даходах. 50 гадоў таму ананімны супрацоўнік падатковай службы перадаў журналістам дакумэнты Рычарда Ніксана. Тады высьветлілася, што Ніксан недаплаціў у бюджэт Злучаных Штатаў каля 400 тысяч даляраў.
Адвакаты Трампа раней заяўлялі, што дзейны прэзыдэнт валодае імунітэтам ад расьсьледаваньня і крымінальнага перасьледу.
Права выняць дакумэнтацыю Трампа атрымаў пракурор акругі Мангэтан Сайрус Вэнс. Падатковыя дэклярацыі і дадзеныя аб іншых фінансавых апэрацыях за апошнія дзевяць гадоў павінны выдаць нью-ёрская бухгальтарская фірма, Deutsche Bank і амэрыканскі банк Capital One. Яны ўжо заявілі, што выканаюць рашэньне Вярхоўнага суду.
Вэнс вядзе расьсьледаваньне аб магчымых таемных выплатах дзьвюм жанчынам, якія, паводле іх словаў, мелі сувязь з Трампам і атрымалі ад яго грошы за маўчаньне. Пракурор лічыць, што фінансавыя дакумэнты прэзыдэнта дапамогуць расьсьледаваньню.
Яшчэ адзін пазоў да Трампа падавалі тры камітэты Кангрэсу. Яны патрабавалі ад прэзыдэнта раскрыць фінансавую інфармацыю. Аднак Вярхоўны суд адмовіў заканадаўцам і перадаў права прыняць рашэньне судам ніжэйшых інстанцый. Гэта азначае, што да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў лістападзе сёлета Кангрэс з падатковымі дэклярацыямі Трампа не азнаёміцца.
Трамп назваў рашэньне суду «палітычным перасьледам». Прэзыдэнт напісаў у твітэры, што яму «трэба будзе змагацца з палітычна карумпаваным Нью-Ёркам».
У чэрвені 2015 году, перад вылучэньнем на пасаду прэзыдэнта, Трамп заявіў, што яго капітал складае амаль 8 мільярдаў 800 мільёнаў даляраў. Аднак часопіс Forbes тады ацаніў багацьце Трампа як удвая меншае.
У красавіку 2020 году Forbes ацаніў капітал прэзыдэнта ў два мільярды адзін мільён даляраў, на адзін мільярд менш у параўнаньні з кастрычнікам 2019 году.