Калі б мы ўсе — літаральна ўсе, ад апошняга школьніка да апошняга міліцыянта — адрэфлексавалі і ператварылі ў агульныя аксіёмы тое, што адбывалася з нашай зямлёй сто гадоў таму — сёньня мы ўсе жылі б у іншай краіне. Грамадзтва не дапусьціла б над сабой аўтарытарнай улады. Гэта псыхалягічны закон, аднолькавы як для асобных людзей, так і для грамадзтваў — ты павінен прыняць, перажыць, асэнсаваць, зразумець, вывесьці формулы адэкватнага рэагаваньня — і закрыць гештальт. На жаль, па-іншаму не бывае. Менавіта праз адсутнасьць рэфлексіі і выпрацоўкі ўнутраных мэханізмаў рэагаваньня ахвяры гвалту зноў і зноў становяцца ахвярамі гвалту, ахвяры маніпулятараў яшчэ і яшчэ раз становяцца ахвярамі маніпуляцый, а чалавечыя супольнасьці зноў і зноў трапляюць у дыктатарскія рэжымы.
Мы якраз і ёсьць тымі ахвярамі, якія наноў праходзяць усё кола колішніх пакутаў — з папраўкамі, вядома, на агульнаэўрапейскі рост дабрабыту і разьвіцьцё эканомікі. Так, мы апранутыя лепей за сваіх суайчыньнікаў стогадовай даўніны, багацейшыя на ежу і мэблю, маем больш магчымасьцяў у вандроўках. Але — і толькі. Усё астатняе — менавіта ўзаемадачыненьні з аўтарытарнай уладай — засталося такое самае, а значыць, разьвіваецца ў тым самым рэжыме. Арышты як вінаватых, так і невінаватых, абсурдныя суды, катаваньні і прыніжэньні чалавечай годнасьці — сілавыя ведамствы, у адрозьненьне ад нас, пра свой досьвед трыццатых ня толькі не забыліся, але і ўдасканалілі яго. Не даваць вады, не прымаць перадачаў, трымаць сваякоў у няведаньні, фальсыфікаваць усё і паўсюль і нават выбачацца на публіку — гэта ўсё прыдумана ў трыццатых. І калі ў нас няма магчымасьці аддаць на асэнсаваньне гэтага дзесяцігодзьдзі агульнай інтэлектуальнай працы — трэба рабіць гэта неадкладна, хутка і проста цяпер.
Грамадзтва тады, у трыццатых, паводзіла сябе менавіта так, як сёньня паводзімся мы. Маладыя лаялі старых за бязьдзейнасьць і бяззубасьць. Старыя крыўдавалі і лаялі маладых. Пісаліся гучныя вершы, голасна выступалі паасобныя волаты. Іх звальнялі з працы і гналі з публічных пляцовак, потым высылалі. Газэты зьмяшчалі адкрытыя лісты — тады закрывалі газэты. Асабліва ўпартых саджалі ў турмы і прымушалі публічна прасіць прабачэньня ва ўлады. Людзі, якія прыходзілі ў ЧК змагацца з ворагам за шчасьлівую будучыню супраць агульнага ворага, пакрысе і нечакана для сябе зьвярэлі і пачыналі бачыць ворага ў кожным, на каго паказваў пальцам таварыш маёр.
Дык што такога не зрабілі яны, людзі трыццаць сёмага, і мусім зрабіць мы, каб вырвацца зь пякельнага кола аўтарытарызму?
Па-першае, зразумець: страта сумленьня, разьлюдненьне, азьвярэньне чалавека адбываецца хутка і незаўважна і можа адбыцца абсалютна з кожным. Так адбылося з быкаўскім Рыбаком з «Сотнікава» — ён саступаў па дробязі, саступаў у нязначным, ішоў на маленькія кампрамісы, здавалася б, лягічныя — і нечакана для сябе аказаўся здраднікам. У такія часы, у якія мы жывем сёньня, трэба асабліва ўважліва пільнаваць чалавека ў сабе. У кожнай дробязі. Нават тады, калі па звычцы хочацца паціснуць плячыма і падумаць: «ай, ну што тут такога». Чалавек не бывае злы альбо добры, зьверам можа стаць кожны з нас, калі не ўпільнуе чалавека ў сабе.
Па-другое, ведаць: ніводзін загад ня варты некрытычнага выкананьня. Хто б яго ні аддаваў. Загад аддае нехта — адказнасьць кладзецца на таго, хто выконвае. У 1938-м, калі пайшла хваля рэпрэсій супраць тых, хто арганізоўваў папярэднія рэпрэсіі, пасадзілі і пакаралі тых, хто выконваў загады аб катаваньнях і расстрэлах — але ня тых, хто гэтыя загады аддаваў. Некрытычнае выкананьне загадаў, любых, нават самых бяскрыўдных, робіць з вас раба, і наступным крокам будзе яшчэ больш нялюдзкі загад. І шэраг гэтых загадаў ня скончыцца, і саскочыць ужо ня выйдзе. Важна парушаць такія загады — і несьці вязьню ня літар вады, а тры. Падсунуць яму пад дзьверы аркуш паперы і аловак. Не заўважыць павуціньня пад стольлю. Усяго толькі.
Па-трэцяе, мець на ўвазе: адзіная зброя простага чалавека супраць дзяржаўнай машыны — слова. Ніводная дыктатура не жыве ва ўмовах свабоднага слова. Чалавек побач з вамі будзе разумець, што адбываецца благое, што вы ўсе разам удзельнічаеце ў злачынстве — але калі астатнія маўчаць, і ён будзе маўчаць. Іншым разам дастаткова аднаго толькі слова супраць — і вы заўважыце, што побач з вамі амаль усе думаюць так, як вы, і гатовыя на сумленны ўчынак. Таму кожнае слова праўды — важнае.
Па-чацьвёртае. Мэта любой дыктатуры — пазбавіць чалавека волі праз страх і прыніжэньне. Прымусіць адчуць сябе бездапаможным, прылюдна прыніжаным. Любому з нас цяжка стрываць мову нянавісьці ў дачыненьні да сябе, цяжка ўтрымацца ў пачуцьці ўласнай годнасьці, калі навокал такіх, як ты, публічна ганяць, прымушаюць рабіць ганебныя ўчынкі. Трэба разумець: нельга прынізіць чалавека, які не дазваляе сабе пачувацца прыніжаным. Не асуджаць тых, хто выказаў слабасьць, не далучацца да хваляў публічнага прыніжэньня іншых, пільнаваць сябе.
Па-пятае, зь любой нялюдзкасьці можна выйсьці, як выходзяць са злачыннага экспэрымэнту: захварэць, узяць адпачынак, перавесьціся на іншую працу, у іншы аддзел. Трываючы несправядлівасьць, мы толькі памнажаем яе навокал. Ігнараваньне несправядлівасьці не зьнішчае яе — а закручвае спружыну вакол нашага ж горла. Дыктатары паміраюць альбо ўцякаюць за мяжу — выканаўцы злачынных загадаў застаюцца для расплаты. Любая дыктатура заўсёды пры небясьпецы першым скідвае за борт баляст сваіх маўклівых рабоў.
І шостае. Калі раптам — з розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын — большасьць грамадзтва пачынае ўпарціцца супраць дыктатуры — дыктатура гіне. Тым або іншым чынам, але гіне. Іншым разам зламаць сытуацыю можа адзін толькі непрыкметны ўчынак аднаго толькі чалавека — як адна толькі дадатковая пяшчынка можа справакаваць рух шаляў. Гэта адбываецца вельмі хутка, нечакана і незваротна. Таму цярпець непазьбежнае пакараньне за сьмелыя ўчынкі ва ўмовах агульнай салідарнасьці і агульнай упартасьці даводзіцца па часе няшмат. Некалькі тыдняў. Некалькі месяцаў максымум. І кожны ўчынак можа стаць той самай пяшчынкай, што зрушыць сытуацыю зь мёртвага пункту. І ніхто ня ведае, чый гэта будзе ўчынак і калі ён здарыцца. Менавіта таму важны кожны, нават самы маленькі — але ўчынак.
А калі прыніжацца, маўчаць, прыстасоўвацца (гэта таксама стратэгія, і мы яе часта абіраем для сябе), калі трываць зло навокал у надзеі перачакаць ліхі час — тады ліхія часы расьцягваюцца на гады.
Гэтага ўсяго людзі ў трыццаць сёмым ня ведалі — бо не было эўрапейскага досьведу асэнсаваньня дыктатур, не было яшчэ Нюрнбэргу, Стэнфардзкага экспэрымэнту, кніг Франкла, Шлінка і Ганны Арэнт, не было, у рэшце рэшт, у нас ведаў пра Курапаты.
Наша моц у тым, што мы цяпер гэта ўсё ведаем. І мы мусім выкараскацца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.