Кіроўная ў Харватыі партыя «Харвацкая дэмакратычная садружнасьць» (ХДС) можа разьлічваць на 68 парлямэнцкіх мандатаў. Аднак гэтага недастаткова для абсалютнай большасьці, піша «Нямецкая хваля».
Як вынікае з абвешчаных у панядзелак, 6 ліпеня, вынікаў афіцыйнага падліку амаль 90 адсоткаў выбарчых бюлетэняў, Партыя прэм’ер-міністра Андрэя Пленкавіча можа разьлічваць на 68 мандатаў з 151.
Кансэрватары перамаглі зь нечакана вялікім адрывам ад сацыял-дэмакратаў, якім дастануцца толькі 42 мандаты. Трэцяе месца ў новай нацыяналістычнай партыі музыкі Міраслава Шкора, яна атрымае 15 месцаў у аднапалатным парлямэнце Харватыі.
Кансэрватарам з ХДС, нягледзячы на відавочную перамогу, не ўдалося атрымаць абсалютнай большасьці, таму ім давядзецца фармаваць кааліцыю. Назіральнікі лічаць, што партнэрамі ХДС могуць стаць восем дэпутатаў, якія прадстаўляюць нацыянальныя меншасьці. У гэтым выпадку кансэрватары ня будуць залежаць ад падтрымкі з боку партыі Шкоры.
У выбарах мелі права ўдзельнічаць 3,8 млн выбарнікаў. З прычыны пандэміі каранавірусу грамадзян абавязалі насіць на выбарчых участках ахоўныя маскі і карыстацца ўласнымі ручкамі.
Харватыя з насельніцтвам 4,2 млн чалавек параўнальна мала пацярпела ад каранавірусу. Паводле афіцыйных дадзеных, у краіне было зарэгістравана каля 3 тысяч выпадкаў інфэкцыі, у тым ліку 110 — са сьмяротным зыходам. Апошнім часам колькасьць выпадкаў заражэньня прыкметна павялічылася.