Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнасьць — каштоўнасьць для большасьці. Што новага можна даведацца пра беларусаў з нацыянальнага апытаньня


Дзень Волі ў Менску, 24 сакавіка 2019 году, ілюстрацыйнае фота
Дзень Волі ў Менску, 24 сакавіка 2019 году, ілюстрацыйнае фота

Ці праўда, што беларусы сталі больш салідарныя? Што для іх значыць незалежнасьць? Зь якімі якасьцямі яны сябе атаясамліваюць? Адбылася прэзэнтацыя першай часткі вынікаў дасьледаваньня «Каштоўнасьці і нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў».

Ініцыятарамі дасьледаваньня сталі грамадзкія кампаніі «Годна» і «Будзьма беларусамі», а правядзеньнем займалася маркетынгавая кампанія SATIO.

Летась нарадзілася ідэя кампаніі «Годна».

«Яна ў першую чаргу і базавалася на тым, што мы хочам зразумець; што ў паняцьце беларусаў, беларускасьці, разуменьня нацыі ўкладаюць самі беларусы. Адчуць той народ, якія жыве на гэтай зямлі. Хто яны? Як яны сябе атаясамліваюць з гэтай зямлёй, з гэтай краінай?» — расказвае каардынатар «Годна» Павал Белавус.

Паводле Паўла, у кампаніі таксама ёсьць і вельмі амбітная ідэя — зрабіць разам са спэцыялістамі навукова-папулярны прадукт, прысьвечаны нацыянальнай ідэнтычнасьці — кнігу пра нацыянальную ідэю, а калі проста, пра тое, «хто мы такія, беларусы».

Алена Макоўская
Алена Макоўская

«Сёлета мы аб’ядналі сілы разам з кампаніяй „Годна“, і спэцыялісты з SATIO зрабілі вельмі грунтоўнае дасьледаваньне. Яно прысьвечана нацыянальнай ідэнтычнасьці, нацыянальным і грамадзкім каштоўнасьцям. Бо нам як грамадзкай ініцыятыве вельмі важна зразумець, чаму людзі далучаюцца да грамадзкай дзейнасьці, чаму, наадварот, застаюцца ўбаку? Што для іх салідарнасьць? Што для іх сувэрэнітэт і незалежнасьць нашай краіны? — тлумачыць каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская.

У онлайн-апытаньні паўдзельнічалі 1589 чалавек, старэйшых за 18 гадоў, з розных гарадоў Беларусі. Упершыню падобнае дасьледаваньне правялі ў 2009 годзе.

«Былі праведзены тры фокус-групы, у якіх мы спрабавалі пабудаваць гіпотэзы, як можа выглядаць беларуская ідэнтычнасьць, на чым яна можа грунтавацца, якія каштоўнасьці важныя для чалавека, як ён ставіцца да мовы, незалежнасьці і іншых пытаньняў.» — тлумачыць Філіп Біканаў, экспэрт кампаніі SATIO.

Біканаў лічыць, што праводзіць апытаньні, якія тычацца ідэнтычнасьці, грамадзкай актыўнасьці ці абыякавасьці больш якасна можна онлайн. Бо калі людзі бачаць перад сабой інтэрвіюера, спрабуюць адказаць так, каб спадабацца яму і грамадзтву.

«Сьвядомыя», «савецкія», «абыякавыя» і «канформныя»

Паводле таго, як удзельнікі апытаньня ацэньваюць сваё асяродзьдзе, дасьледчыкі ўмоўна падзялілі грамадзтва на чатыры кластэры.

  • «Сьвядомыя» (11%) — гэта людзі, у якіх сфармавалася нацыянальная ідэнтычнасьць.
  • «Савецкія» (34%) — групу назвалі так не таму, што яны хочуць вярнуць Савецкі Саюз. Гэта людзі, для якіх важныя каштоўнасьці і ўсё тое добрае, што трансьлявала савецкая дзяржава.
  • «Абыякавыя» (25%) — гэта сэгмэнт, які, кажуць дасьледчыкі, можна назваць нават беларусафобскім, таму што для іх беларускія нацыянальныя каштоўнасьці не характэрны і яны да беларускага могуць ставяцца нават з пагардай. Філіп Біканаў тлумачыць, што гэта, пэўна, адзін з сэгмэнтаў, які дагэтуль лічыць беларускую мову прыкметай нейкай вясковасьці ці «калгаснасьці». Але ў гэтай групе і найбольш касмапалітызму. Для яе важныя крытэры посьпеху, кар’еры і да т.п.
  • «Канформныя» (30%). Дэ-факта гэты сэгмэнт — прадукт цяперашняй беларускай сыстэмы. Але яны і самыя цікавыя, лічыць каардынатар «Годна» Франак Вячорка.
Франак Вячорка
Франак Вячорка

«Гэта людзі, для якіх важныя грамадзкія каштоўнасьці, такія як незалежнасьць, сувэрэнітэт; у нейкай ступені важныя і дэмакратычныя рэчы, але ня так моцна, як для сьвядомых», — кажа Францішак Вячорка. — Мы доўга выбіралі для іх назву, спачатку прапанавалі „дзяржаўніцкія“ ці „грамадзянскія“, далей зьявілася прапанова „ўмераныя“ ці „памяркоўныя“. Але ў выніку знайшлася вось гэтая назва „канформныя“ — тыя, якія прымаюць, пагаджаюцца, у нейкай ступені ідуць па хвалі, але таксама патэнцыйна могуць паддавацца нейкаму ўплыву. То бок гэта не пакаленьне, якое сумуе, настальгуе па савецкім, а тое, якое бярэ на сябе адказнасьць за тое, што адбываецца».

Гэтыя падзелы ўмоўныя і ня мусяць быць падставай для разьяднаньня грамадзтва, зьвяртаюць увагу дасьледчыкі.

«Ня трэба будаваць нейкіх герархічных падыходаў да разуменьня грамадзтва. Падзел існуе, але герархія — гэта кепска, гэта тое, што разьядноўвае», — перакананы Філіп Біканаў.

Таксама дасьледчыкі зьвяртаюць увагу, што сацыяльна-дэмаграфічныя адрозьненьні не зьяўляюцца вызначальнымі. Малады чалавек з сэгмэнту «сьвядомыя» будзе больш падобны да сталага чалавеку з таго ж сэгмэнту, чым на маладога чалавека зь іншага сэгмэнту.

«Вельмі заганны, трывіяльны, застарэлы падыход — падзяляць грамадзтва паводле полу, адукацыі, колькасьці дзяцей і іншае. Гэта не працуе. На самой справе куды больш важна — гэта сьветапогляд, каштоўнасьці і, часам, псыхалягічныя асаблівасьці. Такі падзел дазваляе лепш зразумець нашае грамадзтва, пабачыць больш істотныя сувязі паміж тым, як чалавек ацэньвае грамадзтва, асяродзьдзе, як ён сябе паводзіць.» — тлумачыць экспэрт кампаніі SATIO Алег Алампіеў.

«Свабоды важныя для большасьці»

Яшчэ адзін з вынікаў дасьледаваньня — «Вяршэнства закону, свабодныя выбары, асабістая свабода — найважнейшыя каштоўнасьці сярод іншых». На думку большасьці апытаных, дэмакратычныя каштоўнасьці ў Беларусі не забясьпечваюцца. Сэгмэнт «Сьвядомыя» найбольш не задаволены сытуацыяй са свабодай, а сэгмэнт «савецкія» — найменш.

«Для кампаніі „Годна“ найбольш важна, што бальшыня цэніць дэмакратычныя правы, — кажа Франак Вячорка. — Яны таксама разумеюць, што яны не выконваюцца ў краіне. Гэта сьведчыць пра нейкую ступень асэнсаваньня патрэбы свабодных выбараў, справядлівага і адкрытага суду і разам з тым асэнсаваньня, што іх дзяржава не забясьпечвае гэтыя правы ў адпаведнай ступені. І мы бачым, што гэта актуальна ня толькі для «сьвядомых» ці «канформных», але і для ўсіх групаў».

Напярэдадні дзяржаўнага сьвята Дня Незалежнасьці Беларусі 3 ліпеня тэма сьвятаў робіцца вельмі актуальнай. І тут вынікі дасьледаваньня могуць сапраўды зьдзівіць.

«Нас цікавіла ня толькі існая сытуацыя, але і стаўленьне людзей да таго, як гэта мусіць зьмяніцца. Сёньня, прычым з моцнай перавагай, вядучым сьвятам краіны большасьць беларусаў лічыць 3 ліпеня. І яно абыходзіць амаль на чвэрць Дзень Перамогі», — расказвае Вадзім Мажэйка.

А вось ад геаграфічнай прыналежнасьці апытаных вынікі ўсяго дасьледаваньня ня надта залежаць, тлумачыць Філіп Біканаў. Больш залежаць ад памеру гораду, чым ад яго геаграфічнага разьмяшчэньня.

«Але ў Віцебскай і Гомельскай вобласьці больш людзей з сэгмэнту „абыякавы“, і ў Віцебскай трошкі больш „савецкіх“, чым у іншых гарадах. Але і тут спрацоўвае тая ж сыстэма, як са стэрэатыпамі пра маладых: то бок чалавек з кластэру „сьвядомыя“ ў маленькім горадзе больш падобны да „сьвядомага“ ў Менску, чым да чалавека ў маленькім горадзе з кластэру „абыякавыя“».

«Была дыскусія, ці варта рабіць дасьледаваньне, калі грамадзтва перажывае крызіс»

Важныя высновы зробленая і пра салідарнасьць грамадзтва. Асноўныя бар’еры для салідарнасьці і актыўнасьці, гавораць дасьледчыкі, гэта пачуцьцё бессэнсоўнасьці, памножанае на страх пакараньня.

«Гэтую частку [дасьледаваньня. — РС.] рабілі падчас каранавіруснага крызісу і, безумоўна, мы ацэньвалі, што сытуацыя адрозьніваецца ад нармальнасьці. Была дыскусія, ці варта рабіць дасьледаваньне, калі грамадзтва перажывае крызіс. Але мы пагадзіліся, што новая нармальнасьць так ці іначай будзе адрозьнівацца ад мінулай, і наша задача зафіксаваць гэтую новую якасьць, новую зьмену», — тлумачыць Франак Вячорка.

І ўдалося зафіксаваць ня толькі зьмены ў грамадзтве, але і зьмены, зьвязаныя з удзелам людзей у грамадзкіх працэсах, зборах сродкаў, праявах салідарнасьці, дабрачыннасьці. Вынікі паказваюць, што якасьць грамадзянскай супольнасьці палепшылася. А вось страх і пачуцьцё бессэнсоўнасьці можна зьменшыць, лічыць Філіп Біканаў.

«Калі мы пытаем пра праявы грамадзкай пазыцыі і салідарнасьці, людзі адказваюць у пазытыўным ключы», — кажа Біканаў.

«Страх і зьняверанасьць стрымліваюць беларусаў ад удзелу ў грамадзкай дзейнасьці»

На думку каардынатаркі кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алены Макоўскай, гэты страх беларусаў — ня штосьці канкрэтнае, а проста нейкае пачуцьцё, якое замінае чалавеку зрабіць першы крок да нейкай актыўнасьці і салідарнасьці.

«Мінулыя нашы дасьледаваньні паказалі, што больш людзі хочуць, каб зь імі больш размаўлялі на беларускай мове, зрабілі рэкляму па-беларуску, чым адважваюцца зрабіць вось гэты крок з актыўнасьцю. Таму што, калі ты робіш крок, натуральна, будуць нейкія наступствы, а якія, ты ня ведаеш, таму і зьяўляецца страх. А калі б зьмянялася дзяржаўная палітыка, якая казала б, што грамадзкая актыўнасьць — гэта крута і здорава, то людзі разумелі б, што наступствы будуць пазытыўныя», — кажа Макоўская.

Ніна Шыдлоўская
Ніна Шыдлоўская

«Мінулыя дасьледаваньні паказалі таксама, што беларусы яшчэ і назіральнікі. Яны глядзяць, як робяць іншыя, але сам ці сама пакуль не ўключаюцца ў гэтыя працэсы», — дадае каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская.

Што тычыцца пытаньня незалежнасьці, то ва ўсіх сэгмэнтах людзі ацэньваюць яе страту нэгатыўна. Пры гэтым «сьвядомыя» і «канформныя» ставяцца да інтэграцыі больш нэгатыўна, а «савецкія» і «абыякавыя» — больш пазытыўна.

«Як і з мовай, так і з інтэграцыяй, гэтая каштоўнасьць (незалежнасьць. — РС) актуалізуецца, калі актуалізуецца пагроза страты», — тлумачыць Філіп Біканаў.

«Калі мы задаём пытаньне, што, можа быць, варта забараніць беларускую мову, то нават тыя расейскамоўныя, якія ніколі б пра гэта не падумалі і не займаліся б гэтым, становяцца зацятымі яе абаронцамі», — дадае Франак Вячорка.

Тры галоўныя высновы дасьледаваньня «Каштоўнасьці і нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў»:

  • незалежна ад адрозьненьняў у поглядах, незалежнасьць — істотная каштоўнасьць для большасьці беларусаў;
  • большасьць апытаных лічыць, што ў Беларусі дэмакратычныя правы не забясьпечваюцца;
  • грамадзтва застаецца фрагмэнтаваным, але беларусы гатовыя да салідарнасьці і грамадзкай актыўнасьці. Іх стрымлівае страх і зьняверанасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG