Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала (PDF) сацыялягічнае дасьледаваньне «Асаблівасьці беларускай правасьвядомасьці. Успрыманьне і стаўленьне да правоў чалавека», якое зрабіла група кампаніяў Satio на замову Freedom House сярод тысячы жыхароў беларускіх гарадоў і мястэчак.
Галоўныя праблемы — беспрацоўе, незаконныя звальненьні, сацыяльная безабароннасьць, карупцыя і самавольства міліцыі
Больш за тры чвэрці апытаных заявілі, што для іх важная праблема беспрацоўя. Каля трох чвэрцяў сказалі так пра незаконныя звальненьні, сацыяльную неабароненасьць сацыяльна слабых групаў. Больш за палову назвала важнымі праблемы карупцыі, свавольства міліцыі і сілавікоў, абмежаваньне права на недатыкальнасьць асабістага жыцьця, недастатковую працу дзяржаўных службаў са скаргамі грамадзянаў, адсутнасьць справядлівага суду, праблему льготаў і сацыяльных выплатаў, наяўнасьць кантрактнай сыстэмы працы, праблему палітычнай маніпуляцыі грамадзкай думкі, кантолю за СМІ і цэнзуры, абмежаваньня ў праве на атрыманьне інфармацыі.
Сярод найменш важных праблемаў (менш за палову, але больш за чвэрць апытаных) — абмежаваньне свабоды веравызнаньня, адсутнасьць моцнай апазыцыі ўладам і абмежаваньня на свабоду аб’яднаньняў і сходаў.
Амаль чвэрць апытаных думае, што ў Беларусі няма праблемы абмежаваньня свабоды веравызнаньня, каля восьмай часткі думае, што няма праблемы абмежаваньня права на атрыманьне інфармацыі.
Парадак важнейшы за правы
На пытаньне, што важнейшае, парадак у дзяржаве ці выкананьне правоў чалавека, 52,1% адказалі, што важнейшы парадак, і толькі 33,9% — што важнейшыя правы чалавека. Пры гэтым палова апытаных лічыць, што за апошнія 2-3 гады сытуацыя з правамі чалавека не зьмянілася, а амаль 30% — што пагоршылася.
Ды 51,5% лічаць, што маюць права змагацца за свае правы нават тады, калі гэта ідзе насуперак інтарэсам дзяржавы. Але 69,4% мяркуюць, што на дзяржаўныя рашэньні ніяк ня могуць паўплываць, вераць у свой уплыў на дзяржаву толькі 21,6%.
Чытайце таксама: 19% маладых беларусаў зьедуць «пры першай магчымасьці»
44,1% лічаць, што ў Беларусі не парушаюцца правы чалавека, але крыху меней за 40% — што парушаюцца. Найчасьцей, на думку другіх, у Беларусі парушаюцца правы на свабоду стачак і свабоду сходаў, правы на справядлівыя ўмовы працы і спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе. Больш за палову апытаных лічаць, што ў Беларусі недастаткова рэалізуюцца правы на добрую аплату працы, больш за чвэрць — што на свабоду слова, права выбіраць органы ўлады і права на гарантаваны пражытковы мінімум.
Найлепей, на думку апытаных, рэалізуюцца права на свабоду веравызнаньня і права на выбар партнэра для стварэньня сям’і (у тым ліку аднаполай) — цалкам рэалізаванымі іх лічыць амаль палова апытаных, а цалкам або здавальняльна рэалізаванымі больш за тры чвэрці.
Найчасьцей церпяць ад няроўнага стаўленьня да сябе, паводле апытаньня, сэксуальныя меншасьці, людзі з абмежаванымі магчымасьцямі і людзі з асаблівасьцямі псыхічнага разьвіцьця, а найменей — дзеці, жанчыны і моладзь.
Каля 40% беларусаў лічаць, што правы чалавека парушаюцца ў Расеі, каля 20% — што ў Заходняй Эўропе і ЗША.
Дзяржава мусіць бараніць правы чалавека, але лепей зь ёй ня зьвязвацца
82,8% апытаных лічыць, што абарона правоў чалавека — абавязак дзяржавы, а 64,8% — што абавязак праваахоўнікаў, 34,8% называюць абарону правоў чалавека абавязкам грамадзкіх праваабарончых арганізацыяў і толькі 23% — абавязкам грамадзянаў.
Больш за тры чвэрці мяркуюць, што на абарону правоў чалавека працуюць юрысты і адвакаты, але так ня лічаць каля 10%. Амаль тры чвэрці думаюць, што суды, міліцыя і пракуратура накіраваныя на абарону правоў чалавека, столькі ж кажуць так аб праваабарончых грамадзкіх арганізацыях, міжнародным і эўрапейскмі судах па правах чалавека.
Толькі 54,6% нешта рабілі, калі сутыкаліся з парушэньнямі сваіх правоў, 26,7% пры гэтым зьвярталіся ў міліцыю, 18,7% падавалі ў суд. Але 61,9% з тых, хто не рабіў нічога, ня верыў, што яму нехта можа дапамагчы; 12,3% проста баяліся, а 7,7% ня ведалі, куды зьвяртацца і як зьвяртацца па дапамогу. Каля 20% апытаных не назвалі ніводнай вядомай ім праваабарончай арганізацыі.
46,1% пазьбягаюць кантактаў з уладамі і жывуць, разьлічваючы толькі на сябе, яшчэ 11,2% пабойваюцца выстаўляць прэтэнзіі органам улады. Пры гэтым спакойна ідуць на кантакт з уладамі для дасягненьня сваіх мэтаў толькі 15,1% апытаных, а яшчэ 12% вераць, што іхнае жыцьцё цалкам залежыць ад органаў улады.