Беларускім СМІ забаранілі рабіць інтэрнэт-апытанкі сярод сваіх чытачоў пра рэйтынг патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Такія апытанкі прыраўнялі да апытаньняў грамадзкай думкі, якія адносяцца да грамадзка-палітычнай сытуацыі. За правядзеньне такіх апытаньняў без адмысловых дазвольных дакумэнтаў СМІ могуць пакараць.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
За апытанкі могуць аштрафаваць
Рэдактараў шэрагу беларускіх СМІ выклікала на гутарку Міністэрства інфармацыі.
«Там ім патлумачылі, што калі яны будуць працягваць такую дзейнасьць, то могуць атрымаць штрафы згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а гэта каля ста базавых велічыняў. Яны не патрабавалі зьняць гэтыя апытанкі з сайтаў, але далі зразумець, што калі такая практыка працягнецца, то ўжо будзе разьбірацца з гэтым не Міністэрства інфармацыі, а іншыя структуры, якія будуць складаць пратаколы», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Да такіх апытаньняў аднесьлі галасаваньні на сайтах nn.by, tut.by.
Апытанкі карыстаюцца папулярнасьцю сярод чытачоў розных сайтаў. На партале tut.by у ёй узялі ўдзел больш за 70 тысяч чалавек. Пытаньне гучала так: «Калі б выбары адбыліся заўтра і ўсе прэтэндэнты былі б зарэгістраваныя ЦВК, за каго б вы прагаласавалі?». У выніку 54,91% чытачоў выказаліся за Віктара Бабарыку, за Валерыя Цапкалу — 15,22%, за Сьвятлану Ціханоўскую — 12,71%, і 6,24% — за Аляксандра Лукашэнку.
У апытаньні чытачоў «Нашай Нівы» Аляксандар Лукашэнка набраў 3%, а Віктар Бабарыка — 50%.
Пры гэтым мэдыя рабілі агаворку, што гэтыя апытанкі нельга лічыць сацыялягічнымі дасьледаваньнямі, бо яны адлюстроўваюць думку выключна чытачоў канкрэтнага СМІ.
У Інстытут сацыялёгіі прыйшла папера зь Мінінфарму
Як стала вядома карэспандэнту Свабоды, пасьля такіх апытанак у СМІ дзяржаўныя органы атрымалі некалькі скаргаў, у тым ліку ад прадстаўнікоў асобаў, чый рэйтынг аказаўся каля нуля.
У Інстытуце сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Свабодзе сказалі, што ў Камісію па апытаньнях грамадзкай думкі паступіў запыт зь Міністэрства інфармацыі з просьбай патлумачыць сытуацыю.
«Камісія сабралася, прыняла калегіяльнае рашэньне і падрыхтавала адказ для міністэрства. Мы не зьяўляемся рэгулятарамі, мы проста суадносім інфармацыю пра які-небудзь факт і кажам, зьяўляецца гэта дасьледаваньнем ці не. У камісіі няма паўнамоцтваў нешта забараніць», — сказалі ў Інстытуце сацыялёгіі.
Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Генадзь Каршуноў сказаў onliner.by, што паводле дзейнага заканадаўства апытаньні грамадзкай думкі, якія тычацца грамадзка-палітычнай праблематыкі (выбараў, рэфэрэндумаў і гэтак далей), павінны праводзіцца арганізацыямі, якія маюць акрэдытацыю ў Камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры НАН Беларусі. Ён сказаў, што пры правядзеньні апытаньняў інтэрнэт-парталамі «ёсьць крытэр масавасьці, тым больш калі мы маем справу са шматдзесяцітысячнымі апытаньнямі».
«Таму камісія дала заключэньне, што такога віду апытаньні могуць быць кваліфікаваныя як апытаньні грамадзкай думкі», — сказаў ён.
«Апытаньні праз інтэрнэт не даюць аб’ектыўнай інфармацыі»
Сябра камісіі, дырэктар Цэнтру сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ Давід Ротман выказаў сваё стаўленьне карэспандэнту Свабоды.
«Гэта не палітыка, ніякай палітыкі тут няма. Мы кажам пра іншае — што тыя, хто праводзіць дасьледаваньне, не разумеюць, што такое сацыялёгія. Гэта ганьба, гэта зьнішчае нашу навуку. Мы што тады, павінны маўчаць? — кажа Давід Ротман. — У такіх выпадках часта адзін і той жа чалавек з розных прыстасаваньняў адказвае 15–20 разоў, альбо прыколваецца, альбо нешта імкнецца паказаць. Мы пераканаліся, што і тэлефонныя апытаньні, апытаньні праз інтэрнэт не даюць аб’ектыўнай інфармацыі. Бо кожнае сацыялягічнае дасьледаваньне павінна суправаджацца правядзеньнем кантролю якасьці збору інфармацыі. Лепшы спосаб — гэта не тэлефон і не інтэрнэт. Твар у твар, па месцы жыхарства рэспандэнта, з выпадковым адборам».
Адносна цяперашніх прэтэндэнтаў Цэнтар, які ачольвае Давід Ротман, дасьледаваньняў не праводзіў, бо не было замовы. Але правядзе пасьля выбараў.
У апараце Цэнтравыбаркаму патлумачылі, што ў Выбарчым кодэксе ідзе гаворка толькі пра публікацыю апытаньняў грамадзкай думкі.
«У дадзенай сытуацыі гэта забаронена з 4 па 8 жніўня ў тых інфармацыйных рэсурсах, якія маюць статус СМІ. Усё, што тычыцца правамернасьці правядзеньня СМІ якіх-небудзь апытаньняў, гэта ўжо за межамі выбарчага заканадаўства», — сказалі ў ЦВК.
«Тлумачэньне мусіў бы даваць Савет міністраў»
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец сказаў карэспандэнту Свабоды, што такое рашэньне ўладаў не прававое, а палітычнае.
«Бо гэта не зьяўляецца сацыялягічным апытаньнем, для якога патрэбная акрэдытацыя. Гэта проста апытанка чытачоў на палітычную тэму. Мінінфарм спасылаецца на Інстытут сацыялёгіі, што гэтыя апытанкі тэарэтычна могуць быць расцэненыя як сацыялягічныя апытаньні грамадзкай думкі падчас выбараў.
Зь іншага боку, такое тлумачэньне мусіў бы даваць Савет міністраў, які менавіта прымаў пастановы ў 2002 і 2007 гадах наконт гэтых апытаньняў. Таму менавіта ён можа даваць афіцыйныя тлумачэньні. Тыя пастановы, калі прымаліся, былі накіраваныя на тое, каб звузіць магчымасьць незалежных сацыялягічных апытаньняў, што і было дасягнута. А цяпер пад гэта спрабуюць падвесьці і вось такія апытанкі. Таму гэта не прававыя патрабаваньні, а хутчэй палітычныя, якія незалежныя мэдыя мусяць выконваць, бо знаходзяцца ў такой сур’ёзнай сытуацыі!» — сказаў Андрэй Бастунец.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.