Як граюць вясельле беларусы ў час, калі Сусьветная арганізацыя здароўя раіць ня ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах і трымаць дыстанцыю 1,5 мэтра?
«Калі потым? Калі ўсё ўляжацца?»
Менчукі Томас і Сьвятлана Алейнікавы ажаніліся сёлета 17 красавіка. Дату вясельля прызначылі год таму.
Пара плянавала вясельле на 30 гасьцей. Забраніравалі катэдж з банкетнай заляй, садам, аркай для цырымоній і спальнымі пакоямі. Вясельле прыдумалі «нестандартнае».
«Частку конкурсаў рыхтуюць самі госьці. Не банкет з кейтэрынгам з пэўнага рэстарана з групай афіцыянтаў і кухараў, а ўсе стравы замоўленыя ў розных месцах, і афіцыянты — нашыя знаёмыя», — расказвае пра задуму Томас.
Сьвяткаваньне адмянілі за 10 дзён да вясельля. Усё спадзяваліся, што стане лепш. Адмену і госьці, і сэрвісы ўспрынялі з разуменьнем. Праўда, гэта быў хутчэй перанос імпрэзы на нявызначаны тэрмін. Грошы, што пайшлі на перадаплату паслугаў, маладым не вярнулі.
«Я ўвесь гэты час адчуваў сябе жахлівым крывадушнікам: я вельмі не падтрымліваю адсутнасьць карантыну ў нашай краіне. Але — у нас хутка вясельле, як жа мы будзем рэалізоўваць усё заплянаванае ў карантыне?» — кажа малады.
У ягонай нявесты ўжо былі аформленыя дакумэнты, каб атрымаць дыплём ва ўнівэрсытэце на мужава прозьвішча. Пераносіць росьпіс не хацелі.
«Бо калі потым? Калі ўсё ўляжацца? Які сэнс пераносіць сьвяткаваньне, калі росьпіс застаецца 17 красавіка, у дзень, пра які мы ведалі яшчэ за год? Тады сыходзіць сымбалізм з даты. Сьвяткаваньне становіцца бессэнсоўным. Мы ўжо будзем ня ў тых сацыяльных ролях адзін для аднаго, абмен пярсьцёнкамі і важныя словы перастануць быць значнымі ў нейкі іншы дзень», — разважае Томас.
Паступова пляны пачалі руйнавацца. Не маглі прыехаць вядоўца з Масквы, сябры з Расеі і Польшчы. Некалькі запрошаных гасьцей сумняваліся, ці прыйдуць. Маладыя папрасілі сваіх бацькоў адзначыць асобна, бо тыя ў групе рызыцы па ўзросьце.
«Мы вельмі не хацелі браць на сябе такую велізарную адказнасьць. Гэта як быць вельмі эгаістычным чалавекам, але зрабіць выгляд, што іншы нібыта сам усё павінен вырашыць, мы яго не абавязваем», — расказвае Томас.
За некалькі дзён да вясельля яны забраніравалі кватэру ў Менску, каб правесьці гэты дзень не ў звычайнай хатняй абстаноўцы. Пара заўважыла, што цэны на найманае жыльлё цяпер упалі.
У ЗАГСе быў росьпіс без урачыстай цырымоніі, як і плянавалася адпачатку. Туды прыехалі каля 10 сяброў без папярэджаньня. Віншавалі амаль бяз поціскаў рук і абдымкаў. Карысталіся антысэптыкамі. У заплечніку ў маладога ляжалі маскі на выпадак, калі давядзецца схадзіць у краму. Потым сужонкі на розных машынах паехалі на адзін зь менскіх мастоў, дзе абмяняліся пярсьцёнкамі пад аплядысмэнты сяброў.
Пасьля гэтага адны сябры паехалі дадому, а іншыя далучыліся да сьвяткаваньня на кватэры. Смачна паелі, пагулялі ў настольныя гульні, пасядзелі на прыгожай тэрасе, а потым сужонкі засталіся ўдваіх.
У пары была думка зладзіць онлайн-вясельле, дзе афіцыянты прыяжджалі б да кожнага дадому, госьці далучаліся б да вясельля праз інтэрнэт у сьвяточным адзеньні, удзельнічалі б у конкурсах. Аднак сілаў рэалізаваць гэты плян не было.
Магчыма, Алейнікавы зладзяць вялікае сьвята роўна праз год. Калі не, то, верагодна, згубяць грошы, якія ўжо аддалі на перадаплату розных паслугаў. Пытаньне, ці палічаць фірмы гэтую адмену «форс-мажорам», калі карантыну ў краіне афіцыйна няма.
Сукенку замовіла за паўтара тыдня да вясельля
Жыхары Менску Вольга і Сяргей адпачатку плянавалі ажаніцца 24 красавіка. Дату не зьмянялі. Маладыя хацелі ўтульнае вясельле на 30 чалавек, але бацькі ўгаварылі на «клясычны варыянт» з 80 гасьцямі, каб перазнаёміць сваякоў.
Пара знайшла вядоўцу, артыстаў, фатографа, відэаапэратара, зрабілі запрашэньні. Бліжэй да красавіка запрошаныя з выбачэньнямі сталі адмаўляцца ад удзелу. Маладыя вырашылі адмяніць маштабную імпрэзу.
У сьпісе засталося ўсяго 15 чалавек разам з маладымі. Адмянілі вядоўцу і артыстаў. Вырашылі толькі расьпісацца і павячэраць у вузкім коле.
Месца пакінулі тое самае, што меркавалася адпачатку, — кавярню пад Менскам. За вялікія столікі на 12 чалавек рассадзілі па 8 асобаў, каб захаваць большую адлегласьць. Афіцыянты былі ў масках.
Вясельную сукенку Вольга замовіла літаральна за паўтара тыдня да вясельля — раней ня ведала, што рабіць. Пашылі вельмі хутка.
Маладыя згубілі 100 даляраў перадаплаты вядоўцу, які не пайшоў насустрач пры адмене замовы. Вольга лічыць, што гэта «не па-чалавечы», бо адмянілі ж вялікае сьвяткаваньне не з уласнай ахвоты, а праз пандэмію. Таксама ўжо не актуальныя раздрукаваныя запрашэньні. Да таго ж алькаголь закуплялі як для 80 гасьцей — на 1000 рублёў. Сьмяюцца, што цяпер гэтага хопіць на ўсе будучыя сьвяты. Зь відэаапэратарам дамовіліся паздымацца пазьней — тады і аванс залічыцца.
«За здароўе гасьцей мы перажывалі, як за сваё. Мы не запрашалі людзей ва ўзросьце і якія маюць хранічныя захворваньні — яны ў зоне рызыкі... Мы стараемся не сумаваць, хоць гэта і складана», — прызнаецца Вольга.
Пярсьцёнкі з «памылковай» датай і безь мядовага месяца ў Сыцыліі
Беларуска Юлія Чорная ўжо амаль 10 гадоў жыве ў Даніі. Летась яна са сваім маладым чалавекам Цімам вырашылі ажаніцца. Неўзабаве аказалася, што Юлія зацяжарала. Таму заплянавалі зрабіць два вясельлі: малое для блізкага кола ў канцы сакавіка 2020-га і вялікую імпрэзу ў 2021 годзе.
Сакавіцкае вясельле хацелі адзначыць у прыгожай рэстарацыі, пашпацыраваць па горадзе з гасьцямі. Меліся прыехаць бацькі Юліі зь Беларусі і сьведкі зь Нямеччыны. Мядовы месяц заплянавалі ў Сыцыліі.
11 сакавіка ў Даніі пачалі ўводзіць карантын. Паступова пачалі закрывацца забаўляльныя ўстановы, школы, «неабавязковыя» дробныя бізнэсы.
Пара перанесла вясельле на канец траўня. Цяпер на яго наўрад ці змогуць прыехаць бацькі і сьведкі. Ужо гатовыя шлюбныя пярсьцёнкі з гравіроўкай сакавіцкай даты. Аднак маладыя вырашылі ўсё роўна стварыць законную сям’ю да нараджэньня дзіцяці.
У мясцовай мэрыі, дзе звычайна адбываецца росьпіс, ім нічога не гарантуюць.
«Сказалі: „Магчыма атрымаецца. Але вы павінны прыйсьці літаральна на тры хвіліны. Бязь сьведак, безь людзей. Стаяць на тры мэтры адзін ад аднаго“», — расказвае Юлія.
Магчыма, дазволяць узяць з сабой фатографа.
Сьвяткаваць будуць дома: Юлія, Цім, ягоныя дзеці ад першага шлюбу і, можа, фатограф. Рэстарацыі зачыненыя, таму плянуюць замовіць ежу з дастаўкай. Іншых гасьцей ня будзе. Афіцыйнай забароны на гэта няма, аднак, як кажа дзяўчына, датчане «вельмі сьвядомыя» і ня ходзяць цяпер у госьці. Усе сустрэчы адбываюцца онлайн. Юлія зь Цімам таксама ня хочуць рызыкаваць здароўем.
Пашпацыраваць зь сябрамі па горадзе ня ўдасца. Кампанію з 10 чалавек можа спыніць паліцыя.
«Я думаю, гэта будзе звычайны дзень, але не зусім звычайны. Больш сьвяточны... Гэта ж ня самае галоўнае. Галоўнае — гэта адносіны, гэта любоў. А фармат — і пасьля можна будзе адсьвяткаваць. Ніхто ня хоча рызыкаваць. Гэта ня варта зусім», — расказвае беларуска.
Праўда, Юлія спадзяецца, што зможа ў гэты дзень хаця б надзець белую прыгожую сукенку. Іншыя набытыя элемэнты сьвяточнага строю, верагодна, ужо не прыдадуцца, бо ў траўні мае быць цяплей, чым у сакавіку.
Дзяўчына мяркуе, што дзіця і рашэньне ладзіць невялікае сьвяткаваньне ашчадзіла ім шмат грошай, бо наўрад ці ў цяперашняй сытуацыі рэстарацыя і іншыя сэрвісы вярнулі б ім грошы, калі адмяніць імпрэзу.
Дату на пярсьцёнках пара спадзяецца пазьней перарабіць. Сьмяюцца, што ніхто ня будзе крыўдаваць, калі адзін з сужонкаў забудзе дату вясельля праз гэтыя пераносы. У сакавіку сябры дасылалі ім віртуальныя віншаваньні зь «вясельлем у душы».
Юлія мяркуе, што вясельле не павінна быць для некага.
«Ідзе працэс пераасэнсаваньня каштоўнасьцяў у гэтыя часы. Ты разумееш, што насамрэч галоўнае, а што не. Для нас галоўнае — каб усе былі здаровыя і ўсё ў нас было нармальна. Фармат ужо не такі важны. Мы побач, мы думаем пра нашую сям’ю, пра нашых бацькоў. У гэтай сытуацыі трэба думаць ня толькі пра сябе, але і пра людзей вакол. І не рабіць рызыкоўных учынкаў», — разважае Юлія.
На ейную думку, Данія ўжо пачынае выходзіць з карантыну, бо ў краіне мала людзей, якія думаюць, што іх гэта не датычыць. Бо жыхары паважаюць рашэньні ўраду і давяраюць адзін аднаму і ўладам.
«Найлепшым падарункам для мяне на вясельле было б ведаць, што і ў Беларусі сытуацыя зьменіцца да лепшага, і больш ня трэба будзе перажываць за сям’ю», — кажа дзяўчына.
Імпрэзы пераносяць на лета
«Поўны каляпс», — так ахарактарызавалі ў адным з агенцтваў сытуацыю, якая склалася цяпер у сьвяточным бізнэсе.
Як расказаў музыкант Сяргей Сухадолец з дуэту Nostalgie, усе вясельлі, дзе ён меўся выступаць, папераносіліся з красавіка на жнівень — верасень. Ад дат у траўні — чэрвені пакуль не адмаўляюцца. Пад пытаньнем вясельле на караблі ў Нямеччыне, куды іх запрасілі выступаць.
«Людзі моцна перажываюць. Завязаныя рэстарацыі, госьці, куплі, падарункі, сукенка для маладой. Б’е па кішэні і заказчыка, і падрадчыкаў, і артыстаў, і вядоўцаў. Нехта моцна расстроіўся, нехта цалкам адмовіўся ад сьвяткаваньня», — кажа Сяргей.
Ён думаў пра онлайн-фармат, але не падтрымлівае яго. Патрэбная адмысловая пляцоўка, абсталяваньне.
«Ну як працаваць онлайн, калі мы павінны даць эмоцыі, калі мы павінны бачыць вочы? Калі вельмі моцна захацець, гэта магчыма, але гэта ня тое. Хаця цяпер прасунутая моладзь, калі казаць пра выпускныя. Але вясельлі, юбілеі — наўрад ці», — мяркуе артыст.
«Вясельле на дваіх»
Па словах дырэктара вясельнага агенцтва «Седьмое чувство» Андрэя Сабуця, шмат якія вясельлі з красавіка — траўня пераносяцца на восень і нават на наступны год, а то і зусім адмяняюцца.
На ягоную думку, тут тры прычыны. Першая — людзі мяркуюць, што ў краіне могуць увесьці карантын, тады ўсё роўна давядзецца адмяніць сьвяткаваньне. Госьці баяцца ісьці на масавыя імпрэзы. Другая — закрытыя межы, так што ня могуць прыехаць госьці зь іншых краін. Трэцяя — неспрыяльныя эканамічныя ўмовы, шмат якія дробныя бізнэсы на мяжы закрыцьця.
На крызісны пэрыяд агенцтва знайшло выхад у фармаце «Вясельле на дваіх». Маладых у ЗАГС забірае лімузын з фатографам. Пасьля рэгістрацыі іх вязуць на фатасэсію. Завяршаецца імпрэза сьвяточнай вячэрай у апартамэнтах і першай шлюбнай ноччу. Сваякоў па жаданьні асобна завозяць на росьпіс у ЗАГС і дахаты. Калі звычайнае маштабнае вясельле раней абыходзілася ў 1800–1900 даляраў, то вясельле для дваіх абыдзецца ў 700 рублёў. На такі фармат ужо зьявіліся ахвотныя.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ