Заканадаўцы амэрыканскага штату Місісіпі ўхвалілі рашэньне выдаліць са сьцяга свайго штату сымбаль Канфэдэрацыі паўднёвых рабаўладальніцкіх штатаў (Канфэдэрацыя існавала падчас Грамадзянскай вайны 1861–65 гадоў). Сьцягі і іншыя сымбалі Канфэдэрацыі ўспрымаюцца многімі як расісцкія эмблемы, абразьлівыя перадусім для цемнаскурых жыхароў Амэрыкі.
Сьцяг штату быў зацьверджаны ў 1894 годзе. Прыхільнікі перавагі белай расы, якія тады кантралявалі заканадаўчы сход Місісіпі, разьмясьцілі сымбаль Канфэдэрацыі — сіні крыж з зоркамі на чырвоным фоне — у левым верхнім куце сьцяга.
Нягледзячы на пратэсты, Місісіпі да апошняга часу заставаўся адзіным штатам у ЗША, які ўключаў сымбаль рабаўладальніцкага поўдня ў сваю афіцыйную сымболіку. Аднак пасьля пачатку акцый пратэсту супраць расізму ў сувязі з гібельлю Джорджа Флойда ад рук паліцыі большасьць заканадаўцаў штату прынялі рашэньне пазбавіцца ад гэтага сымбалю.
Адмысловай камісіі даручана распрацаваць дызайн новага сьцяга, які ня можа ўтрымліваць сымбаль канфэдэратаў, але павінен уключаць словы «Ў Бога мы верым» (In God We Trust). Выбарцам будзе прапанавана ўхваліць новы дызайн у дзень выбараў 3 лістапада.
Чарнаскурае насельніцтва ў штаце складае 38% — гэта адзін з самых высокіх паказьнікаў у ЗША. Місісіпі адносіцца да штатаў так званага «Глыбокага Поўдня», тут доўгі час пасьля заканчэньня Грамадзянскай вайны дзейнічалі расавыя законы, якія рабілі магчымай сэгрэгацыю белага і цемнаскурага насельніцтва. Шэраг жыхароў штату выступаюць супраць зьмены сьцяга, сьцьвярджаючы, што ён — частка гістарычнай спадчыны. За зьмену сьцяга выступілі ня толькі актывісты руху «Жыцьцё чарнаскурых мае значэньне», але і мясцовыя царкоўныя дзеячы, дзелавыя асацыяцыі, спартовыя функцыянэры і, нарэшце, заканадаўцы.