Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС апублікавала запісы скаргаў на бойку каля Symbal.by, дзе адбыўся «хапун». Але пратаколы склалі за «масавае мерапрыемства»

абноўлена

Чарга каля крамы Symbal.by 23 чэрвеня перад затрыманьнямі
Чарга каля крамы Symbal.by 23 чэрвеня перад затрыманьнямі

У Telegram-канале прэс-сакратаркі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі днём 24 чэрвеня апублікавалі аўдыёзапісы тэлефонных размоваў, у якіх некалькі людзей скардзяцца на бойкі, якія нібыта адбыліся каля менскай крамы Symbal.by, дзе 23 чэрвеня затрымлівалі людзей з чаргі.

МУС паведамляе пра здарэньне каля «ООО „Символ Бэй“». З кантэксту зразумела, што ідзецца пра краму Symbal.by, правільная юрыдычная назва кампаніі — ТАА «Сымбаль Бай». Прэс-служба МУС заяўляе, што зьвесткі пра масавыя затрыманьні людзей з чаргі пад крамай «скажоныя»:

«Для разгляду на пазначаны адрас выбылі супрацоўнікі міліцыі. У выніку ўдзельнікаў канфлікту даставілі для разбору ў Савецкае РУУС Менску, супрацоўнікі якога праводзяць праверку фактаў бойкі і пашкоджаньня аўтамабіля. Цяпер высьвятляюцца прычыны здарэньня, у сувязі з чым распачаты адміністрацыйны працэс у дачыненьні да яшчэ некалькіх чалавек».

Перад затрыманьнямі здарыўся інцыдэнт: нібыта мясцовы жыхар на машыне меркавана зачапіў аднаго зь людзей у чарзе, калі выяжджаў з двара, пачалася тузаніна. Пацярпелы выклікаў міліцыю. Аднак, як вядома з пратаколаў, затрымлівалі людзей не за бойку, а за «масавае мерапрыемства» і «непадпарадкаваньне міліцыі».

Белавус: «Што кажа міністэрства, гэта нейкая хлусьня»

Здарэньне бачнае ад 10:40 на відэастрыме Symbal.by.

Дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус сказаў Свабодзе, што пасьля таго здарэньня затрымалі і кіроўцу. Але прынамсі ад двух чалавек прыйшлі пратаколы, у якіх бачна, што затрымлівалі не за бойку, а за тое, што нібыта крычалі «Стоп таракан» і «Сыходзь» — аднак на стрыме бачна, што такога каля крамы не адбывалася.

«Тое, што кажа міністэрства, гэта нейкая хлусьня, таму што пратаколы складзеныя па зусім іншай гісторыі», — дадае Белавус.

Міліцыя пытала, чаму працуюць так павольна

Апоўдні 24 чэрвеня каля крамы зноў утварылася чарга. Паводле супрацоўнікаў крамы, кажа Белавус, прыехалі супрацоўнікі міліцыі і пачалі пытацца, чаму пакупнікоў так павольна абслугоўваюць, што ўтвараецца чарга.

«Мы патлумачылі: па-першае, мы тыдзень без электрычнасьці сядзім, у нас фізычна няма магчымасьці паставіць дадатковую касу ў дадзенай сытуацыі, — кажа Белавус. — Мы патлумачылі сытуацыю, паздымалі там і сышлі».

Пасьля гэтага чаргу не разганялі, людзі засталіся каля крамы. Пакуль, кажа дырэктар крамы, пляны ранейшыя: працаваць да 29 чэрвеня.

Тым часам краме ўжо паведамілі, што на наступны дзень прыедуць супрацоўнікі «Менскрэклямы» і будуць здымаць шыльду, якая нібыта вісіць незаконна — хоць тая шыльда вісела тры гады, за яе штогод плацілі.

* * *

Чарга пад крамай утварылася пасьля таго, як бізнэсовец Павал Белавус абвясьціў пра закрыцьцё офлайн-крамы Symbal.by з 29 чэрвеня. Раней прыпыніла працу онлайн-крама. ​Паводле Белавуса, праверкі крамы не спыняюцца, а толькі нарастаюць.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG