Аляксандра Кузьняцова затрымаў АМАП 23 чэрвеня ў чарзе ў краму Symbal.by. На яго склалі два пратаколы. Аляксандар — адзін з аўтараў вядомага праекту дапамогі мэдыкам: ён друкуе дэталі для мэдычных прыладаў на 3D-прынтэры. Свабода паразмаўляла з студэнтам-наватарам пра затрыманьне і далейшы лёс праекту.
Аляксандар Кузьняцоў — студэнт 3-га курсу мэханіка-матэматычнага факультэту БДУ. У траўні ён на сваю ініцыятыву наладзіў выпуск дэталяў для апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх на 3D-прынтэры разам з аднакурсьнікам. Таксама хлопцы друкавалі засьцерагальныя шчыткі для мэдыкаў ды іншыя неабходныя пры пандэміі рэчы.
Аб праекце паведамлялі дзяржаўныя СМІ.
Агулам выпусьцілі больш за 800 розных функцыянальных мадэляў рознай апаратуры для мэдыкаў, у тым ліку для апаратаў штучнай вэнтыляцыі, і 40 трымальнікаў для масак.
23 чэрвеня Аляксандра затрымалі ў чарзе ў краму symbal.by, якая абвясьціла пра сваё закрыцьцё ў выніку ціску.
— Як вы там апынуліся?
Я быў зь дзяўчынай на спатканьні, мы ішлі ў кавярню, паглядзелі, што да закрыцьця крамы пасьпяваем, і пайшлі падтрымаць рублём краму, якая закрываецца. Хацеў проста майку набыць, я б мог і праз інтэрнэт набыць, але з сайту ўсё прыбралі. Там была чарга з 10 чалавек, усе ціха стаялі, у мяне нават відэа ёсьць.
— Як сябе паводзіў АМАП пры затрыманьні?
— Быў сярод затрыманых хлопец, які пытаўся ў АМАПу, ці ім ня страшна, — ён атрымаў поўху, яго павалілі на падлогу ў аўтазаку і забаранілі ўставаць. А так, апроч нецэнзурнай лаянкі, нічога не было. Самае непрыемнае, калі мяне закідвалі ў гэты аўтазак.
— Склалі пратаколы?
— Склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Першы за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў», другі — за «непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы». Маўляў, мы выкрыквалі лёзунгі, перашкаджалі затрыманьню, мяне неаднаразова папярэджвалі, я не сыходзіў. Нічога з гэтага не было. Адзін пратакол склалі нібыта ў 19:40, другі ў 19:45, хаця я прыйшоў туды ў 19:50. Я напісаў, што нязгодны з абодвума. Выкрасьліў пустыя радкі (у пратаколе. — РС) і запатрабаваў копіі. Прыйшоў дахаты толькі а 4-й раніцы. Мяне адпусьцілі з міліцыі каля гадзіны ночы. Але пакуль у прытомнасьць прыйшоў, пакуль дайшоў.
— Ці неяк рэагаваў унівэрсытэт?
— Пакуль яны не зьвязваліся, але зьвязаліся тры выкладчыкі, сказалі, што падтрымліваюць. Але я спадзяюся, што ўсё добра будзе.
— Ці вядома, калі па гэтых пратаколах будуць суды?
— Ніхто нічога не паведамляў. Інфармацыі няма.
— А што з вашай ініцыятывай 3D-друку?
— Апошнім часам, з увагі на тое, што замовы толькі з валянтэрскіх чацікаў, было толькі некалькі перадачак. Але цяпер хачу папытацца: мо каму яшчэ нешта трэба. Цяпер шмат запытаў на шчыткі, мы спрабавалі сабраць грошы на матэрыялы, частку набылі, яшчэ плянавалі плястык купіць, але закрылася краўдфандынгавая пляцоўка MolaMola.
Калі б зараз былі замовы, працягвалі б працаваць. А для шчыткоў патрэбныя матэрыялы, і тут пытаньне фінансаваньня. Мы сустракаліся і з буйнымі ІТ-кампаніямі, і зь іншымі кампаніямі, але пакуль не дамовіліся. Вытворчасьць шчыткоў стаіць, амаль няма замоваў на 3D-друк. Мы наўпрост зьвязваліся з мэдыкамі і лякарнямі, і цяпер замоваў няма. А нам хацелася б узнавіць выпуск дэталяў.
Што адбылося
23 чэрвеня офлайн-крама symbal.by абвясьціла аб закрыцьці з 29 чэрвеня. Людзі сталі ў чаргу, каб купіць рэчы ў краме. Каля 20 чалавек з чаргі затрымаў АМАП. У афіцыйных камэнтарах прадстаўнікі МУС спасылаюцца на тое, што ў чарзе нібыта адбыўся канфлікт.