Удзельнікаў «ланцугу салідарнасьці», які прайшоў 21 чэрвеня ў Наваградку і быў жорстка разагнаны міліцыяй і «людзьмі ў цывільным», асудзілі на штрафы розных памераў, піша «Гарадзенская вясна».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Суды прайшлі 23 чэрвеня ў Карэлічах, куды павезьлі затрыманых. Судзіў іх старшыня Наваградзкага раённага суду Васіль Аляхновіч. Выракі такія:
Андрэй Акулінскі — штраф 810 рублёў;
Дзьмітры Рубень — штраф (сума ўдакладняецца);
Сяргей Пячко — штраф 675 рублёў (паводле двух пратаколаў);
Аляксандар Камісараў — штраф 675 рублёў (паводле двух пратаколаў);
Алег Аляшкевіч — штраф 108 рублёў;
Сяргей Казак — штраф 108 рублёў.
Затрыманых вызвалілі пасьля двух дзён зьняволеньня ў карэліцкім ізалятары часовага ўтрыманьня.
«Акрамя гэтага, сёньня ў Наваградку проста з працы міліцыянты забралі Вікторыю Жук, — піша «Гарадзенская вясна». — Яе доўга трымалі ў пастарунку і невядома, ці ўжо адпусьцілі. А між тым у Вікторыі муж-інвалід і малое дзіця дома. Міліцыянты спрабавалі затрымаць яшчэ пару маладых людзей, якія 21 чэрвеня былі ў цэнтры Наваградку, проста стаяўшы ў мірнай праяве салідарнасьці».
Да таго ж вядома, што 23 чэрвеня на працы затрымалі яшчэ аднаго жыхара Наваградку Рамана Сазановіча.
Абвінавачаным за ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» прысуджаюць неадэкватныя штрафы, выплаціць якія многім не па кішэні. Агульная сума штрафаў набліжаецца да прынамсі 150 тысяч рублёў, сума дзён арышту перавысіла чатыры гады.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.