Апоўдні 24 чэрвеня каля менскай крамы Symbal.by зноў утварылася чарга. Да крамы прыехалі супрацоўнікі міліцыі і сталі пытаць, чаму пакупнікоў так павольна абслугоўваюць, што ўтвараецца чарга.
Напярэдадні 23 чэрвеня бізнэсовец Павал Белавус абвясьціў пра закрыцьцё крамы Symbal.by з 29 чэрвеня пад ціскам уладных праверак. Пасьля гэтай абвесткі да крамы прыйшлі дзясяткі людзей, утварылася чарга. Хутка да крамы пад’ехаў аўтазак, АМАП разагнаў чаргу, затрымаўшы каля 20 чалавек.
На затрыманых склалі пратаколы за «ўдзел у масавым мерапрыемстве» і «непадпарадкаваньне міліцыі». У МУС абргунтавалі затрыманьні скаргамі некалькіх чалавек на бойкі каля крамы.