Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік «групы № 1»: за Лукашэнку падпісаўся амаль кожны чацьвёрты жыхар Беларусі


Міхаіл Орда (бяз маскі)
Міхаіл Орда (бяз маскі)

За вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты падпісаліся каля двух мільёнаў чалавек, заявіў старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў, кіраўнік ініцыятыўнай групы № 1 Міхаіл Орда падчас размовы з работнікамі ААТ «Лідаграпраммаш».

У Беларусі зарэгістравана каля 7 мільёнаў выбарнікаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сайт аб’яднаньня «Белая Русь» тэзісна апублікаваў погляды Міхаіла Орды на сёлетні выбарчы працэс.

Чаму амаль няма пікетаў за Лукашэнку

Зборам подпісаў, як правіла, займаюцца работнікі прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у нашу ініцыятыўную групу. Пры гэтым мы арыентавалі членаў нашай групы, што сёньня, улічваючы эпідэміялягічную сытуацыю, трэба старацца, каб не было збору людзей. Члены нашай групы падчас абеду, дый пасьля працы, прапануюць калегам паставіць подпіс за вылучэньне нашага кандыдата.

Пра сумленьне і прыстойнасьць з апанэнтамі

...Інтэрнэт-цкаваньне апанэнтаў — вельмі агрэсіўнае, цынічнае і амаральнае... Гэта спроба запалохаць грамадзтва: маўляў, паспрабуй толькі выкажы свой пункт гледжаньня, абальем брудам і цябе. Гэта нізка і подла. І гэта кажа пра тое, што людзі, якія стаяць за гэтымі тэхналёгіямі і імкнуцца да ўлады, ня маюць сумленьня і проста элемэнтарнай прыстойнасьці.

Пра праграмы апанэнтаў і рэформы

Гучныя заявы аб кардынальных рэформах у эканоміцы – гэта прыгожа спакаваная тэорыя, якая на практыцы абавязкова абернецца для простых людзей і краіны вялізнымі праблемамі: стратай працы для соцень тысяч людзей, закрыцьцём многіх прадпрыемстваў, перадзелам уласнасьці. У канчатковым выніку ўсё гэта можа прывесьці да таго, што мы проста ня зможам забясьпечыць саміх сябе самым неабходным, у тым ліку і харчаваньнем. Усё гэта — прамы шлях, калі хочаце, да страты нашай незалежнасьці.

(Ніводная з праграм патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты яшчэ не была апублікаваная, бо гэта забаронена заканадаўствам. – Рэд.)

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG