Падчас паездкі ў Полацак 12 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што за яго вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты сабралі ўжо паўтара мільёна подпісаў. Фрагмэнт ягонай прамовы паказаў дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Я калісьці, сустракаўшыся з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы, папрасіў, каб мы працягвалі зьбіраць подпісы, хоць іх там ужо паўтара мільёна подпісаў сабрана, — казаў Лукашэнка. — Дзякуй людзям, якія падпісаліся.
Я тады прасіў зьбіраць подпісы не таму, што нам чагосьці не хапае, там подпісаў. Мы атрымліваем агромісты масіў інфармацыі зьнізу пра тое, што адбываецца там, зьнізу. У сёлах і вёсках, на хутарах непэрспэктыўных, як іх раней называлі, вёсках, буйных і малых гарадах. Мы атрымліваем гэтую інфармацыю, уся яна аналізуецца, і асноўныя пытаньні, якія хвалююць людзей, выкрышталізоўваюцца — і на стол прэзыдэнту».
Лукашэнка сьцьвярджае, што да чвэрці пытаньняў людзей тычацца паслугаў сфэры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
Паводле статыстыкі Цэнтральнай выбарчай камісіі, у Беларусі на пачатак 2019 году (больш новых зьвестак няма) было 6 880 605 выбарнікаў. Паўтара мільёна — гэта каля 21,8% усіх выбарнікаў.
Пра найбольшую колькасьць подпісаў зь ліку альтэрнатыўных кандыдатаў заяўляў Віктар Бабарыка — 11 чэрвеня ён казаў, што ўжо ёсьць 300 тысяч пацьверджаных і аформленых подпісаў за яго вылучэньне, больш за 100 тысяч правераных падпісных лістоў. У адрозьненьне ад ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, група Бабарыкі актыўна вядзе збор подпісаў на вулічных пікетах.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.