Менск адрэагаваў на рэпрэсіі супраць апанэнтаў рэжыму 7-гадзіннай акцыяй салідарнасьці. Прэзыдэнцкая кампанія разьняволіла грамадзтва, спарадзіла надзею на перамены, дух свабоды. І загнаць гэтыя настроі назад у прыгнечаны стан рэжыму будзе цяжка.
Сьцісла:
- Кампанія публічнай дыскрэдытацыі Віктара Бабарыкі не працуе, а, магчыма, дае нават адваротны эфэкт.
- Арыштам Бабарыкі Лукашэнка ня зьняў праблему, на што, здаецца, разьлічваў. Назапашаная ў грамадзтве энэргія пратэсту можа стрэліць самым нечаканым чынам.
- Канфлікт паміж уладай і апазыцыяй трансфармаваўся ў канфлікт паміж уладай і народам.
- Голас той часткі насельніцтва, якая выступае супраць існага рэжыму, гучыць моцна, яго чуваць, гэтых людзей добра відаць. А вось прыхільнікаў Лукашэнкі фактычна няма на інфармацыйным экране. У асноўным ад імя гэтых людзей гаворыць выключна ўлада.
- Пакуль пратэставыя настроі грамадзтва, «паўстаньне масаў» ніяк не канвэртуецца ў «крызіс вярхоў», не вядзе да расколу элітаў (прынамсі, вонкава).
На арышт Сяргея Ціханоўскага ў Горадні грамадзтва адрэагавала доўгімі чэргамі па ўсёй краіне да сталоў, дзе зьбіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. На арышт Віктара Бабарыкі — ланцугом салідарнасьці на галоўным праспэкце сталіцы.
Ствараецца ўражаньне, што ўся гэтая кампанія публічнай дыскрэдытацыі Віктара Бабарыкі не працуе, а, магчыма, дае адваротны эфэкт. Бо нават далёкаму ад палітыкі абываталю відавочна, што гэта «наезд» Лукашэнкі на канкурэнта з выкарыстаньнем сваёй улады. Ідзецца нават не пра законнасьць, а пра тое, што гэта супярэчыць народнаму ўяўленьню аб справядлівасьці. Можна меркаваць, што працуе вядомы ў сацыялёгіі «эфэкт адмоўнай адаптацыі». Кіроўная каманда жыве старымі ўяўленьнямі, нібыта народ верыць усяму, што паказваюць у тэлевізары, і няма альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Яна працуе старымі мэтадамі, а ніякіх новых у арсэнале няма.
За тымі людзьмі, якія стаялі на праспэкце Незалежнасьці, відавочна, была падтрымка вялізнай колькасьці беларусаў. Варта было чуць, як сыгналілі аўтамабілі, што праяжджалі міма. Рызыкну сьцьвярджаць, што на іхным баку была большасьць беларусаў.
То бок арыштам Бабарыкі Лукашэнка ня зьняў праблему, на што, здаецца, разьлічваў. Назапашаная ў грамадзтве пратэставая энэргія можа стрэліць самым нечаканым чынам.
Два месяцы таму ў асяродзьдзі палітызаванай публікі вялікі розгалас выклікаў артыкул Яўгена Прэйгермана пра неабходнасьць дыялёгу, пераадоленьня канфлікту паміж уладай і апазыцыяй. Прайшло ня так шмат часу, і сёньня мы назіраем, што канфлікт паміж уладай і апазыцыяй трансфармаваўся ў канфлікт паміж уладай і народам.
Прычым, зьвярніце ўвагу, голас той часткі народа, якая супраць існага рэжыму, гучыць моцна, гэтых людзей добра відаць. Яны самаарганізавалася, пачалі працаваць гарызантальныя сувязі.
А вось прыхільнікаў Лукашэнкі фактычна няма на інфармацыйным экране. Зразумела, яны ёсьць, але як іх убачыць? У сацыяльных сетках, калі выключыць троляў, іх мізэр. У асноўным ад імя гэтых людзей гаворыць выключна ўлада: сам Лукашэнка, розныя начальнікі, дзяржаўныя мэдыя, міліцыя, КДК. І складваецца адчуваньне, што іх няма. Хоць, зразумела, гэта ня так.
Яшчэ адзін цікавы момант. Пакуль пратэставыя настроі грамадзтва, «паўстаньне мас» ніяк не канвэртуюцца ў «крызыс вярхоў», не вядуць да расколу элітаў, што паводле ўсіх тэорыяў ёсьць неабходнай умовай якіх-хаця глыбокіх пераменаў.
Уся дзяржаўная машына, палітычная сыстэма працуюць бяз збояў, яе мэханізмы дзейнічаюць бездакорна, сілавыя структуры чыняць рэпрэсіі нават у большых, чым звычайна, маштабах. Ува ўсіх дзяржаўных установах подпісы ў падтрымку Лукашэнкі зьбіраюць без пратэстаў. Выглядае, што грамадзтва і ўлада жывуць у розных, паралельных сусьветах, паміж імі няма ня тое што дыялёгу, яны ўвогуле не хочуць чуць адно аднаго.
Пасьля леташняй парлямэнцкай выбарчай кампаніі я пісаў, што ў грамадзтве няма запыту на дэмакратыю. І гэта ў фэйсбуку шмат каго абурыла. Я меў на ўвазе вось што. Заклік апазыцыі да чальцоў выбарчых камісіяў сумленна лічыць галасы ня дасьць эфэкту, пакуль з такім патрабаваньнем да іх ня зьвернецца іхнае атачэньне: родзічы, сябры, калегі ў працы, суседзі. Ці склалася цяпер такая сытуацыя? Адказ атрымаем толькі 9 жніўня.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.