18 чэрвеня ў цэнтры Менску, каля Беларускай дзяржаўнай філярмоніі на праспэкце Незалежнасьці прайшоў супольны пікет прадстаўнікоў апазыцыйнай правацэнтрысцкай кааліцыі. Мэта — выказаць салідарнасьць зь Сяргеем Ціханоўскім, Паўлам Севярынцам, Міколам Статкевічам і іншымі затрыманымі падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. Пікет перайшоў у імправізаваны жывы ланцуг салідарнасьці, які працягваўся больш за 6 гадзінаў.
Свабода вяла жывую трансьляцыю зь месца падзей.
00:40. Па праспэкце ўсё часьцей праяжджаюць, не спыняючыся, міліцэйскія машыны і аўтазакі. Народу выразна менее. Паступае інфармацыя, што міліцыя перакрывае праспэкт Незалежнасьці каля Кастрычніцкай плошчы і вуліцы Леніна.
00:10. Па праспэце праехаў аўтамабіль зь бел-чырвона-белым сьцягам, яго сустрэлі авацыяй. Міліцыя назірае, але не рэагуе. Калёну міліцэйскіх машын, якая праехала неўзабаве, праводзілі сьвістам.
24:00. Малады чалавек расказаў карэспандэнту Свабоды, што бачыў, як людзі ў цывільным затрымалі на плошцы Незалежнасьці ля пэдагагічнага ўнівэрсытэту юнака. Паводле сьведкі, той крычаў: «Дапамажыце!», аднак яго хутка запхнулі ў аўтобус і зьвезьлі ў невядомым кірунку.
23:20. Пасьля зьяўленьня аўтазакаў і папярэджаньня міліцыянтаў шэрагі людзей пачынаюць радзець.
А 23:00 людзі не разыходзяцца з цэнтру гораду, машыны няспынна сыгналяць на знак салідарнасьці. Многія з тых, хто падыходзяць, кажуць, што прыйшлі, калі пабачылі жывую трансьляцыю Свабоды. Тымчасам на праспэкце Незалежнасьці зьявіліся некалькі «аўтазакаў», у раёне плошчы Перамогі праспэкт перакрыты. Міліцыя пачала праз гучную сувязь заклікаць людзей разысьціся, папярэджваючы, што ў адваротным выпадку яны будуць прыцягнутыя да адказнасьці. У адказ людзі пляскаюць у ладкі.
Па стане на 21:30 «ланцуг салідарнасьці» расьцягнуўся на 2,7 кілямэтра — ад сквэру імя Дзяржынскага да плошчы Якуба Коласа.
Па стане на 20:35 чарга расьцягнулася больш як на 1,8 кілямэтра.
У 18:20 каля будынка філярмоніі было каля 70 удзельнікаў, і яшчэ каля 150 стаялі ў чарзе ў бок Плошчы Перамогі, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Ланцуг салідарнасьці расьцягнуўся больш як на 800 мэтраў — ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі.
А 19 гадзіне надворʼе сапсавалася: пачаліся дождж, град і навальніца. Але людзі засталіся стаяць у чарзе, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў.
Пасьля таго як дождж скончыўся, людзі зноў вярнуліся ў чаргу. Уздоўж удзельнікаў пачалі хадзіць міліцыянты з рупарамі ў атачэньні сілавікоў у цывільным, яны патрабавалі ад людзей разысьціся.
Чарга ўдзельнікаў пікету расьцягнулася больш чым на 2 кілямэтры — ад Белдзяржфілярмоніі да Кастрычніцкай плошчы Менску. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е (пэўны час ішоў дождж з градам) людзі працягвалі падыходзіць і станавіцца ў чаргу, нават пасьля афіцыйнага заканчэньня пікету правацэнтрысцкай кааліцыі.
У выніку «чарга салідарнасьці» расьцягнулася далей ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці ў Менску і далей у бок вуліцы Бабруйскай і далей — да Нямігі.
Праваабаронцы «Вясны» па стане на 21:45 у ланцугу ад філярмоніі да Галоўпаштамту налічылі каля 1650 чалавек.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.