Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі хочацца пераменаў!» Галасы людзей на пікеце салідарнасьці ў Менску

абноўлена

18 чэрвеня ў цэнтры Менску, каля Беларускай дзяржаўная філярмоніі на праспэкце Незалежнасьці, праходзіў супольны пікет прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі апазыцыі, які мае на мэце выказаць салідарнасьць зь Сяргеем Ціханоўскім, Паўлам Севярынцам, Міколам Статкевічам, Віктарам Бабарыкам і іншымі затрыманымі падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі.

Ланцуг салідарнасьці расьцягнуўся на некалькі кілямэтраў — ад плошчы Якуба Коласа амаль да плошчы Незалежнасьці. Радыё Свабода вядзе жывы рэпартаж, нашы карэспандэнты гутараць зь людзьмі. Мы выбралі для вас некаторыя выказваньні нашых суразмоўцаў.

Жанчына ў сьветлым і ў белай масцы:

— Лукашэнка — ня мой прэзыдэнт. У мяне чацьвёра дзяцей, і я не хачу, каб яны жылі з тыранам. Я вельмі спадзяюся, што адвакатам [Бабарыкі] дадуць да яго доступ. Па-мойму, ён вельмі прыстойны, культурны і разумны чалавек. Я вельмі спадзяюся, што будучыня за ім.

Жанчына ў пясочнай масцы:

— Я лічу, што людзям трэба выходзіць і змагацца. Само яно проста ня прыйдзе, улічваючы, які прэзыдэнт. Усім трэба змагацца. Мы ж ня хочам нічога кепскага. Мы хочам жыць па-чалавечы, мы хочам, каб быў справядлівы суд, Пра «плошчу» толькі прэзыдэнт кажа.

Жанчына ў ружовым і белай масцы:

— Я вельмі веру, што нешта зьменіцца. Вельмі хочацца пераменаў. Хочацца іншага жыцьця для ўсіх, квітнеючай нашай краіны. Сёньня сумны дзень. Веру, што Віктар Дзьмітрыевіч [Бабарыка] гэтае пытаньне ўсё адно неяк вырашыць.

Чалавек у бел-чырвона-белай масцы:

— Ведаеце, першы раз з 1994 году сюды выйшаў... Ужо ўсё, ужо перапоўнена... Вы ведаеце, казалі, што 90-я гады, у якія наш султан перамог калісьці, ніколі больш тут ня будуць — а аказалася, што горш за 90-я. Хтосьці жыў па законах, хтосьці жыў па паняцьцях, але такога не было ніколі. Што робіцца ў цэнтры Эўропы ў ХХІ стагодзьдзі — гэта штосьці! І ведаеце, калі самі беларусы, калі сам народ ня выйдзе і штосьці ня зробіць — ніхто за яго ня зробіць... І я ня ведаю, што будзе, але беларусы... напэўна, дабром гэта ня скончыцца для ўлады. Бачыце — да чаго мы дайшлі: 26 гадоў жыцьця ў рабстве... Няма чаго сказаць, я перапоўнены эмоцыямі... Раней не выходзіў, бо да канапы прыліп аднойчы, і здавалася — усё жыцьцё праляжым, і хтосьці зробіць за нас. Але не, ня тая справа гэта, ніхто за нас нічога ня зробіць. Ведаеце, хтосьці разумны сказаў: ніхто чалавека шчасьлівым ня зробіць ніколі — ён сам павінен дабівацца свайго шчасьця. Вось, напэўна, зараз настаў такі час.

Жанчына ў белай масцы:

— Я лічу, што ва ўладзе людзі мінулага стагодзьдзя. Я ніколі за [Лукашэнку] не галасавала. Дзеці мае зьехалі адсюль, пра што я вельмі шкадую. Сама я расейка, але ўжо шмат гадоў жыву ў Беларусі. Беларусы — спакойны, законапаслухмяны народ і маюць права на добрую будучыню, на павагу адно да аднаго. А Лукашэнка — хам зь вялікай літары, які не паважае нікога акрамя самога сябе. За яго даўно ўжо сорамна, калі шчыра. Я спадзявалася, што тут будзе Бабарыка, але іх відаць, схапілі. Гэта таксама поўнае самадурства, якое кажа пра тое, што ўлада баіцца, вельмі баіцца. І ў мяне зьявілася маленькая надзея, што нешта памяняецца.

Бабарыка выклікае ў мяне павагу тым, што ён кажа: Ня ён адзін вырашае, а каманда. Разумееце, адзін чалавек нічога ня вырашыць, павінна вырашаць каманда. Ён кажа: «Я мэнэджэр» і гэтым ён мяне падкупіў. Я шкадую, што мяняла пашпарт і не пасьпела за яго падпісацца. Вельмі баюся, што яго арыштуюць. Бо Лукашэнка ўжо «згубіў берагі».

Калі Лукашэнка сам сябе выбера, дык мне здаецца што яму ніхто ўжо нічога ня дасьць — ні Эўразьвяз, ні Расея. Хіба што ён з вантробамі прадасца Расеі. Гэта будзе сумна. Хоць я і расейка, я супраць таго, каб мы былі ў Расеі, бо там цяпер бандыцкая ўлада. Сама я зь Піцеру, муж быў беларусам. Беларусы могуць сябраваць з усімі — і з Расеяй, і з Эўропай, і з Амэрыкай — і жыць годна. Яны гэтага заслугоўваюць. Беларусы адрозьніваюцца ад расейцаў найперш законапаслухмянасьцю і яны менш агрэсіўныя.

Жанчына ў бэзавай бэйсболцы:

— Я хачу сказаць. Цяпер, напэўна, вярнуўся 1937 год, як я бачу. Нават горш. У 1937 годзе пацярпелі мільёны людзей. У мяне таксама дзеда расстралялі, а бабулю на 8 гадоў у лягер пасадзілі., маму ў 16 гадоў пасадзілі ў турму, цётку ў 12 гадоў аддалі ў дзіцячы дом. Мы ўсе пацярпелі — і цяпер гэта ўсё вяртаецца... Як можна? Я б хацела яму ў вочы паглядзець — як ён можа глядзець у вочы свайму сыну Колю, сваім унукам... я пра дарослых дзяцей казаць не хачу. У яго ёсьць сумленьне наогул або не? Я даўно начамі не магу спаць, рыхтавалася, каб нешта тут сказаць, выказаць сваю пагарду, нянавісьць... Яго людзі ненавідзяць. Нашто ён трымаецца за гэтую ўладу? Нашто чапляцца рукамі за свой трон?

У 1994 годзе, шчыра кажу — я за яго прагаласавала. Але хай будзе пракляты той момант, калі я гэта зрабіла. Я прыйшла на працу і ўзрадавалася — нарэшце некаму ёсьць да нас справа. Мае калегі зь мяне сьмяяліся — а я паверыла гэтаму брахуну. Ён жа ж брэша, хлусіць нахабна ў вочы! Як можна так хлусіць? Няма словаў...

Хлопец у чорнай футболцы:

— Па сутнасьці ў нас няма банальных рэчаў. У нас няма прыватнай уласнасьці — чалавек купіў участак на дзяржаўным аўкцыёне, а яму сказалі: «Дружа, ідзі адсюль. Грошы потым некалі забярэш». За 10 гадоў у нас было чатыры падзеньні рубля. Ты працуеш, разьвіваесься ў любой сфэры, а чалавек, які сядзіць зьверху, пстрыкне пальцам — і твой заробак падае. Тое самае з судовай сыстэмай. Калі мяне зараз заграбуць, ніхто ў мяне ня будзе пытацца, хто я — не паглядзяць нават дакумэнты, а проста павязуць некуды. Я трапляў у такое ў 2017 годзе — да цябе няма стаўленьня як да чалавека. Цяпер яшчэ нават не зарэгістравалі кандыдатаў, але мы ўжо бачым дэма-вэрсію таго, што мы знаходзімся ў канцлягеры. Калі мы не памяняем гэта зараз, дык яно працягнецца яшчэ як мінімум 20 гадоў. Прыйдзе Віця, Дзіма, Коля.

Мы нават ня ведаем, што адбываецца ў краіне. Мэдыкі загінаюцца. Рэсьпіратары ў крамах былі па тры рублі, а цяпер па 40. Інфармацыі аб’ектыўнай няма, і людзі ня ведаюць, наколькі гэта небясьпечна.

Малады чалавек у масцы:

– Калі нашых герояў трымаюць у турме, сядзець склаўшы рукі – гэта блюзьнерства. Пераломны момант некалі наступіць, і хацелася б, каб ён адбыўся за майго жыцьця.Дзяўчына ў масцы: – Нам тут казалі, што стоячы тут, мы парушаем закон. Але што мы парушаем, мы ж нічога ня робім, проста стаім. Злосьць накіпае. І таму працягваем стаяць.

Маладзён з барадой:

– Неяк сорамна, што такія падзеі адбываюцца, а ты ў іх ня ўдзельнічаеш.

Дзяўчына:

– Мы прыходзім на гэтую акцыю таму, што мы хочам тут застацца і тут жыць.

Жанчына ў масцы:

– Ці не баюся я? Баюся. Але колькі можна баяцца? У нас дзеці растуць. Ну вось дзеля іх.

Жанчына:

- Я галасавала толькі ў 1994 годзе, тады за Аляксандра Рыгоравіча. Але пасьля 1996 году, пасьля расьпілу Канстытуцыі не галасавала. А хацела галасаваць за Віктара Дзьмітрыевіча. Але як раз сёньня яго... Я такі апалітычны чалавек, я ніколі не выходзіла на такія акцыі.Жанчына з сабакам: – Хацелі паехаць за горад, але калі ўбачылі які беспрадзел творыцца, прыйшлі. Страх ёкае, але страх час пераадолець. Прыйшлі падтрымаць кандыдатаў, якія сядзяць і якія рыхтуюцца да пасадак. Трохпрацэнтны прыгажун прыбірае ўсіх канкурэнтаў. Я ніколі ў жыцьці не падтрымлівала апазыцыю. Але цяпер і прэзыдэнта. Мы з мужам спадзяемся, што нашыя дзеці будуць жыць у лепшай краіне.

Мужчына у бэйсболцы:

– Прыйшлі падтрымаць Віктара Дзьмітрыевіча. Спадзяемся, што справядлівасьць пераможа. І Бабарыка стане прэзыдэнтам, а нягоднік атрымае па заслугах.

Мужчына ў бэйсболцы ў масцы:

– Я ўпэўнены, што немагчыма супрацьстаяць такой колькасьці людзей. У міліцыі хвалююцца, яны ўжо пабеглі, там пацукоў больш. Яны пабягуць, мы ўжо перамаглі, гэта відавочна. Ва ўлады няма іншага варыянту, таму яны паводзяць сябе як арганізаваная злачынная групоўка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG