Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэлевізія не павінна валодаць такой інфармацыяй», — адвакат пра абвінавачаньне сяброўцы сям’і Бабарыкі


Сьвятлана Купрэева падчас збору подпісаў, архіўнае фота
Сьвятлана Купрэева падчас збору подпісаў, архіўнае фота

18 чэрвеня Сьвятлане Купрэевай у прысутнасьці яе адваката выставілі абвінавачаньне. Яна застаецца ў СІЗА КДБ.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сябру ініцыятыўнай групы і сяброўцы сям’і Віктара Бабарыкі Сьвятлане Купрэевай прад'явілі абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу — ухіленьне ад сплаты падаткаў, спалучанае з нанясеньнем шкоды на суму ня менш за 8 950 222 рублі.

Празь дзяржаўныя тэлеканалы перадалі інфармацыю аб затрыманьні Віктара Бабарыкі і аб справе «Белгазпрамбанку». Паводле дзяржаўнага тэлеканалу АНТ, нібыта 12 чэрвеня 2007 году на Віргінскіх астравах была зарэгістраваная фірма Greenbell Limited, сярод яе заснавальнікаў значыцца і Сьвятлана Купрэева.

«Я не магу камэнтаваць тое, што перадаюць у тэлевізіі, бо гэта не кампэтэнтны орган, які вядзе крымінальны працэс. Тэлевізія наагул не павінна валодаць такой інфармацыяй. Таму я ня ведаю, адкуль у іх такія зьвесткі, наколькі яны законныя і што гэта можа значыць. Мне ніхто не перадаваў ніякіх дакумэнтаў, каб я іх камэнтаваў», — сказаў карэспандэнту Свабоды адвакат.

Сёньня Менскі гарадзкі суд разгледзіць скаргу на пастанову Маскоўскага суду, які 16 чэрвеня адхіліў скаргі на затрыманьне Сьвятланы Купрэевай.

«Стан Сьвятланы адносна нармальны, — сказаў адвакат. — Мы абскарджваем усе незаконныя рашэньні наконт яе».

Таксама падалі скаргу на меру стрыманьня Купрэевай у выглядзе заключэньня пад варту. Суд гэтую скаргу яшчэ не разглядаў.

«Праз тры дні пасьля падачы гэтай скаргі яе павінны перадаць у суд, а падаваў я ў аўторак. Значыць, сёньня яе мусяць перадаць у суд, і суд цягам трох дзён мае яе разгледзець. Апошні дзень для яе разгляду ў панядзелак».

Сьвятлана Купрэева — дачка беларускага паэта і пісьменьніка Міколы Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці ягонай дачкі.

Паводле штабу Віктара Бабарыкі, дачыненьне Купрэевай да нейкіх супрацьзаконных дзеяньняў выклікае вялікія сумневы, бо яна не працавала ні ў «Белгазпрамбанку», ні ў хоць якой зь фірмаў, дзе праходзілі ператрусы. Сьвятлана, кажуць у штабе, толькі сяброўка сям’і Віктара Бабарыкі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG