Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна вырашыла аднавіць памежны рух зь Беларусьсю і Расеяй, нягледзячы на каранавірус


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дакладнай даты пакуль не называюць.

Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў рашэньне аднавіць памежны рух у пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю і Расеяй.

«Праект рашэньня распрацаваны з мэтай аднавіць рух у пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы з Расеяй і Беларусьсю ў сувязі з паступовым аслабленьнем карантынных захадаў ва Ўкраіне», — паведаміў міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў.

У прыватнасьці, плянуецца аднавіць пешаходны рух для грамадзян Украіны і рух аўтамабільнага транспарту ў двух пунктах пропуску:

  • «Дольск» (Валынская вобласьць) — «Махро» (Берасьцейская вобласьць, Янаўскі раён) і
  • «Вільча» (Кіеўская вобласьць) — «Аляксандраўка» (Гомельская вобласьць, Нараўлянскі раён).

Усяго ж на беларуска-ўкраінскай мяжы 12 пунктаў пропуску.

У той жа час міністар не назваў дакладнага тэрміну, калі адновіцца памежны рух, і колькасьці пунктаў пропуску, на якіх будзе адноўлена дзейнасьць, у тым ліку і для грамадзян Беларусі. Гэта стане вядома толькі пасьля таго, як апублікуюць адпаведнае рашэньне ўраду. Цяпер яно дапрацоўваецца з улікам прапаноў Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

У канцы траўня Ўкраіна аднавіла паўнавартасны рух на межах з Польшчай, Вугоршчынай, Славаччынай, Румыніяй і Малдовай і пакінула закрытымі пункты пропуску на межах з Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю.

Мяжу зь Беларусьсю ў сувязі з пашырэньнем каранавірусу Ўкраіна цалкам закрыла ў ноч на 16 сакавіка — на 7 міжнародных пунктах пропуску быў спынены аўтамабільны і пешаходны рух.

Праз гэтыя пункты на тэрыторыю Ўкраіны маглі трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне, а таксама іншаземцы і грамадзяне Беларусі, якія маюць ва Ўкраіне від на часовае або сталае жыхарства, зьяўляюцца сужэнцамі або бацькамі грамадзян Украіны.

Ва Ўкраіну таксама прапускалі акрэдытаваных супрацоўнікаў дыпляматычных і консульскіх устаноў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і іхныя сем’і. Усе астатнія маглі трапіць на ўкраінскую тэрыторыю толькі па ўзгадненьні зь Міністэрствам замежных спраў Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG