Украіна адмяніла часовую забарону на ўезд у краіну замежнікаў. Цяпер беларусы змогуць наведваць Украіну, але пры выкананьні пэўных умоваў, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны.
Межы для замежнікаў адкрыюць 15 чэрвеня. Для ўезду ва Ўкраіну ім будзе неабходны
- абавязковы страхавы поліс,
- а для тых, хто прыбывае з краінаў з шырокім распаўсюджваньнем каранавірусу — абавязковы 14-дзённы карантын у абсэрвацыі.
Беларусь уваходзіць у сьпіс краін зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй, паколькі колькасьць актыўных выпадкаў захворваньняў на COVID-19 у нас перавышае 40 чалавек на 100 тысяч насельніцтва — цяпер у Беларусі больш за 250 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Адпаведна, для беларусаў 14-дзённы карантын пры наведваньні Ўкраіны абавязковы.
Выключэньні (для каго неабавязковы 14-дзённы карантын):
- грамадзяне краін з шырокім распаўсюджваньнем COVID-19, якія не знаходзiлiся на тэрыторыі гэтых краін на працягу апошніх 14 дзён,
- работнікі дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульстваў замежных дзяржаў, прадстаўніцтваў афіцыйных міжнародных місій, арганізацый, акрэдытаваных ва Ўкраіне, і іх сем’і,
- кіроўцы і чальцы экіпажу грузавікоў, паветраных і марскіх, рачных суднаў, цягнікоў і лякаматыўных брыгад,
- людзі, якія далі згоду на самаізаляцыю з выкарыстаньнем электроннага сэрвісу «Дзейнічай дома».
Мяжу зь Беларусьсю Ўкраіна закрыла ў ноч на 16 сакавіка — на 7 міжнародных пунктах пропуску быў спынены аўтамабільны і пешаходны рух. На беларуска-ўкраінскай мяжы засталіся толькі 5 пунктаў пропуску, але і там пускалі ня ўсіх.