Вярхоўны суд ЗША пастанавіў 15 чэрвеня, што працадаўцы, якія звальняюць сваіх супрацоўнікаў на падставе іхнай гендэрнай прыналежнасьці, парушаюць грамадзянскія правы, абароненыя 7-м артыкулам Закону аб грамадзянскіх правах 1964 году.
Шасьцю галасамі супраць трох суд пастанавіў, што гомасэксуалы і трансгендэры абароненыя ад дыскрымінацыі. BBC адзначае, што рашэньне прынялі нягледзячы на рост ролі кансэрватараў у Вярхоўным судзе апошнімі гадамі.
Згодна з Законам аб грамадзянскіх правах 1964 году, забараняецца дыскрымінацыя паводле прыкметаў полу, расы, колеру скуры, нацыянальнага паходжаньня і веравызнаньня. Аднак некаторыя суды сьцьвярджаюць, што палажэньне закону не пашыраецца на сэксуальныя меншасьці, нагадвае Міжнароднае францускае радыё.
Абаронцы правоў ЛГБТ пры падтрымцы буйных кампаніяў, сярод якіх Apple, General Motors і Walt Disney, запатрабавалі ад Вярхоўнага суду прыняць пастанову, дзе будзе дакладна запісана, што закон тычыцца таксама прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці.
Паводле адвакатаў, якія адстойваюць інтарэсы працадаўцаў, аўтары Закону аб грамадзянскіх правах 1964 году не лічылі, што яго будуць выкарыстоўваць у справах, якія закранаюць сэксуальную арыентацыю ці гендэрную прыналежнасьць. Адміністрацыя Трампа падзяляе такую думку.
Гэтае рашэньне стала найбольшай перамогай ЛГБТ-супольнасьці ў ЗША пасьля таго, як Вярхоўны суд узаконіў аднаполыя шлюбы ўва ўсёй краіне ў 2015 годзе.